Пратэсты ў Тэль-Авіве 6 красавіка 2024 года. Фота: AP Photo/Ariel Schalit

Пратэсты ў Тэль-Авіве 6 красавіка 2024 года. Фота: AP Photo/Ariel Schalit

Дэманстрацыі ў Тэль-Авіве і іншых гарадах Ізраіля адбыліся пасля таго, як ізраільскія вайскоўцы паведамілі аб вяртанні цела аднаго з закладнікаў — Элада Кацыра. У студзені было апублікавана відэа з жывымі закладнікамі, у ліку якіх быў і Кацыр.

Удзельнікі дэманстрацый скандавалі «Выбары неадкладна!» і «Прабач, Элад!».

Жыхары, якія выйшлі на вуліцы, мяркуюць, што ўрад Нетаньяху не здольны дамагчыся вызвалення блізу 130 закладнікаў, якіх ХАМАС усё яшчэ ўтрымлівае ў Газе.

Сярод тых, хто ўзяў удзел у акцыях пратэсту, былі і сваякі закладнікаў.

Сястра Кацыра Карміт Палці Кацыр размясціла ў фэйсбуку пост, у якім заявіла, што яе брат мог бы вярнуцца дадому жывым, калі б улады Ізраіля дамовіліся аб перамір'і. «Нашы лідары баязлівыя, і імі кіруюць палітычныя меркаванні. Таму пагаднення і няма, — лічыць яна. — Прэм'ер-міністр, вайсковы кабінет і члены кааліцыі! Паглядзіце на сябе ў люстэрка і скажыце, што вашы рукі не ў крыві».

Па даных арганізатараў, у акцыях пратэсту прынялі ўдзел каля 100 тысяч чалавек, па іншых звестках, колькасць удзельнікаў складала каля 45 тысяч.

Падчас дэманстрацыі ў Тэль-Авіве ў натоўп урэзаўся аўтамабіль, у выніку чаго пацярпелі пяць чалавек, кіроўца быў арыштаваны. У некаторых выпадках дэманстрацыі суправаджаліся сутыкненнямі з паліцыяй.

Тым часам у нядзелю ў Каіры павінны прадоўжыцца перамовы аб перамір'і ў сектары Газа. Паводле некаторых паведамленняў, у кансультацыях паміж прадстаўнікамі Ізраіля і ХАМАС павінны прыняць удзел дырэктар ЦРУ Уільям Бернс і прэм'ер-міністр Катара Махамед бін Абдулрахман аль Тані.

У выніку нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года загінулі каля 1200 ізраільцян, пераважная большасць з іх — мірныя жыхары. Баевікі таксама захапілі і прывезлі ў Газу 253 закладнікаў, частка з якіх была вызваленая. Лёс 129 захопленых застаецца невядомым. Прынамсі 34 закладнікі лічацца загінулымі, ізраільскія вайскоўцы выявілі целы 12 з іх.

Пасля ўварвання ХАМАС Ізраіль заявіў, што мае намер знішчыць групоўку ХАМАС і пачаў аперацыю ў сектары Газа. Па звестках падкантрольнага ХАМАС Міністэрства аховы здароўя анклава, з тых часоў у Газе загінулі больш за 33 тысячы чалавек, многія з іх — жанчыны і дзеці.

Чытайце таксама:

Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што знайшлі цела закладніка ў сектары Газа

Для выяўлення тэрарыстаў у Газе і ўдарах па іх Ізраіль выкарыстоўваў базу даных на аснове штучнага інтэлекту?

«Мы моцныя, мы вывезем». Тэлевядучы Яўген Булка вярнуўся ў Ізраіль і пайшоў працаваць чорнарабочым

Падчас авіяўдару па Дамаску нібыта забілі іранскага генерала

Клас
5
Панылы сорам
6
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
11
Абуральна
3