Фота: Valerie Gonzalez / AP

Фота: Valerie Gonzalez / AP

Ён дазваляе паліцыі арыштоўваць і прыцягваць да адказнасці асоб, якія падазраюцца ў незаконным перасячэнні мексіканскай мяжы. У Белым доме закон назвалі неканстытуцыйным, піша Бі-бі-сі.

Нелегальнае перасячэнне мяжы ЗША ўжо з'яўляецца федэральным злачынствам, але справы звычайна разглядаюцца ў рамках грамадзянскага права ў іміграцыйных судах.

Адна з прычын, па якой тэхаскі закон SB4 выклікае столькі спрэчак, заключаецца ў тым, што суды раней пастанавілі, што толькі федэральны ўрад можа забяспечваць захаванне іміграцыйных законаў краіны, а не асобныя штаты.

SB4 дае мясцовым паліцыянтам права спыняць і арыштоўваць любога чалавека, які падазраецца ў незаконным перасячэнні мяжы. У якасці пакарання прадугледжаны турэмнае зняволенне або штраф да 2 тысяч даляраў.

Пакаранне для тых, хто незаконна заехаў у Тэхас пасля дэпартацыі з ЗША, будзе значна стражэйшым — да 20 гадоў пазбаўлення волі, у залежнасці ад іміграцыйнай гісторыі і крымінальнага бэкграўнду чалавека.

У аўторак Вярхоўны суд пастанавіў, што новая мера можа ўступіць у сілу, пакуль Апеляцыйны суд у Новым Арлеане разглядае яе законнасць. Днём раней вышэйшая судовая інстанцыя краіны часова прыпыніла дзеянне SB4.

Адміністрацыя Джо Байдэна падвергла гэтае рашэнне рэзкай крытыцы.

«SB4 не толькі зробіць супольнасці ў Тэхасе менш бяспечнымі, але і ўскладніць працу для праваахоўных органаў, пасее хаос і блытаніну на нашай паўднёвай мяжы», — гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Белага дома Карын Жан-П'ер.

У той жа час пракурор Тэхаса Кен Пакстан назваў рашэнне Вярхоўнага суда «велізарнай перамогай» над адміністрацыяй Байдэна і Амерыканскім саюзам грамадзянскіх свабод (ACLU), які таксама аспрэчваў закон у судзе.

«Як заўсёды, для мяне вялікі гонар абараняць Тэхас і яго суверэнітэт, а таксама весці нас да перамогі ў судзе», — напісаў ён у сацсетцы X.

У ACLU заявілі, што «не адступяць, пакуль гэты экстрэмальны антыімігранцкі закон не будзе канчаткова адменены».

Акрамя таго, што SB4 парушае паўнамоцтвы федэральнага ўрада па ахове мяжы, ён можа пашкодзіць адносінам з Мексікай, якая таксама асудзіла закон, папярэдзіла Міністэрства юстыцыі ЗША.

Справа вернецца на разгляд калегіі з трох суддзяў Апеляцыйнага суда пятай акругі ў Новым Арлеане. У таго боку, што прайграў, зноў будзе магчымасць звярнуцца ў Вярхоўны суд.

Чытайце таксама:

Беларуска расказала, як прарывалася з Мексікі ў ЗША і сядзела ў амерыканскай турме

«У рэстаранах тут неверагодна смачна». Праграміст расказаў, як з ЗША быў вымушаны пераехаць у Мексіку

«Тэхас — наш!» АНТ апублікаваў фэйкавы допіс Маска

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1