НІкі Хэйлі Никки Хейли Nikki Haley

Кандыдатка ў прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі Нікі Хэйлі выходзіць на сцэну на мітынгу ў суботу, 20 студзеня 2024 г., Нашуа, штат Нью-Гэмпшыр. Фота: AP Photo / Robert F. Bukaty

Нікі Хэйлі саступае Дональду Трампу. Гэта стала відавочна пасля праймэрыз — так называюць перадвыбары ў ЗША — у штатах Аёва і Нью-Гемпшыр.

Палітычныя аналітыкі даўно ведаюць, што расклады палітычных пераваг у ЗША такія: хто перамагае на праймэрыз у кансерватыўнай Аёве і ліберальным Нью-Гемпшыры адначасова, той пераможа і ў краіне ў цэлым. І там, і там Трамп набраў больш за палову галасоў, прычым адназначна. І далей ён перамог у Паўднёвай Караліне, набраў там 60 працэнтаў галасоў, а Хэйлі — толькі 40. Яно то не вялікі разрыў, але ж Паўднёвая Караліна — радзіма Хэйлі, дзе яна была губернатаркай. Калі Трамп перамог яе нават на яе полі, то што гаварыць пра астатнія штаты, дзе ён карыстаецца падтрымкай нават 70 працэнтаў выбарцаў? Тым не менш, Хэйлі застаецца ў гонцы. Яна сабрала свае 25 % галасоў у Мічыгане, а цяпер нават перамагла ў сталічнай акрузе Калумбія: Трамп нездарма хоча навесці ў Вашынгтоне шоргату.

У амерыканскай палітычнай традыцыі кандыдаты, якія не маюць шанцаў, звычайна здымаюцца з гонкі. Каб не марнаваць грошы на кампанію і не падрываць адзінства партыі. Але Хэйлі не здымаецца.

Што гэта можа азначаць?

Магчыма, яна такім чынам напрацоўвае сабе базу для старту на наступных выбарах. Але план можа быць і яшчэ больш амбітны.

Хэйлі абапіраецца на тых, каго можна назваць «традыцыйнымі рэспубліканцамі», «прыхільнікамі традыцыйных рэспубліканскіх каштоўнасцей». Яна працягвае лінію Рэйгана, Бушаў, Макейна і Ромні — усе апошнія, дарэчы, былі рэзка крытычныя адносна Трампа. 

У той жа час Хэйлі таксама застаецца адзіным маладым тварам кампаніі. Байдэну 81 год, Трампу 77, і гэты паўтор гонкі-2020 многіх раздражняе, гэта выпадак, калі змагацца будуць два кандыдаты, якія абодва маюць негатыўныя рэйтынгі, хоць і цвёрдае ядро прыхільнікаў таксама.

У той жа час за Хэйлі масава галасуюць не толькі памяркоўныя рэспубліканцы, але і беспартыйныя і нават частка дэмакратаў.

Ці не мае Хэйлі намеру ўварвацца ў гэты двубой у якасці незалежнага кандыдата? Ад часоў Джорджа Вашынгтона ў гісторыі ЗША не было выпадкаў, каб кандыдат не ад дзвюх вялікіх партый перамагаў. Максімумам сталі 19% Роса Перо ў 1992 годзе. Але ўсё некалі здараецца першы раз.

А нават калі гэтая дачка выхадцаў з Індыі не пераможа, ці не яна ў выпадку свайго ўдзелу вызначыць вынік выбараў?

Чытайце таксама:

У Трампа засталася толькі адна суперніца перад выбарамі-2024. Хто такая Нікі Хэйлі?

Ці зможа Нікі Хэйлі выбіць Трампа? Дэбатуе яна прыўкрасна

Канкурэнтка Трампа на праймерыз папрасіла Сакрэтную службу пра абарону з-за пагрозаў

Клас
38
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
17
Сумна
2
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?