Жыхары Пружан стаяць у чарзе па ваду. Фота: «Раённыя будні»
У горадзе вада знікла ранкам 16 студзеня. Мясцовыя жыхары адзначаюць, што яе адключылі адразу абсалютна ўсюды. Паводле іх, адбылася «тэхнагенная катастрофа раённага маштабу».
«Няма вады і не кажуць, калі яе дадуць. Шмат гадоў жыву, але такой сітуацыі не згадаю, — адзначае жыхарка райцэнтра.
Жанчына кажа, што паспела купіць бутыляванай вады для піцця і ежы.
«У сваяка ёсць студня, дык у яго набралі яшчэ, ды і дождж цэлую ноч ішоў, дапамог з вадой для тэхнічных патрэбаў», — расказвае суразмоўніца.
Пружаны без вады
Паводле мясцовага райвыканкама, 16 студзеня падача вады спажыўцам была прыпыненая ў сувязі з правядзеннем аварыйна-аднаўляльных прац на сетках водазабеспячэння і каналізацыі горада.
Прычынай аварыі чыноўнікі назвалі паломку аднаго з насосаў. Каб даць рады праблеме, даводзяць яны, задзейнічаныя спецыялісты ўсіх гарадскіх службаў.
«Водазабеспячэнне будзе адноўлена па рамонце ўсіх непаладак», — паабяцаў райвыканкам і паінфармаваў жыхароў, што ў горадзе ў 11 месцах арганізаваны падвоз пітной вады, размешчана 37 біятуалетаў.
На паведамленні чыноўнікаў жыхары райцэнтра адрэагавалі незадаволенымі каментарамі ў сацыяльных сетках.
«Пра падвоз усё зразумелі. Але, напэўна, народ мае права ведаць, як прасоўваюцца работы па рамонце. Каб планаваць свае справы», — гаворыцца ў адным з характэрных допісаў.
«Гэта проста цяжка было нават уявіць, з чым мы сутыкнёмся, — заўважае жыхарка Пружан. — Няма вады, і не абяцаюць, калі яе дадуць. Такое цяпер у нас жыццё».
Жанчыне давялося выстаяць паўгадзіны ў чарзе, каб набраць дзве бутлі вады.
«Зразумела, што піць яе сырой нельга. Яна смярдзіць, але іншай няма», — наракае яна.
Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі настойліва параіў жыхарам кіпяціць ваду, набраную ў месцах яе падвозу, перад ужываннем.
«У горадзе вады пакуль няма, але ўсё працуе. Школы, бальніца. Паставілі біятуалеты, арганізаваны падвоз вады», — расказвае пра сітуацыю яшчэ адна суразмоўніца.
Яна кажа, што ёй пашанцавала з вадой.
«У мяне свой калодзеж у двары ад бабулі застаўся. Але не ва ўсіх гараджан ёсць такая выгода», — заўважае жанчына.
У раённай бальніцы абмежваннні ў прыёме пацыентаў. Фота: instagram.com/pruzhany_crb/
Тым часам Цэнтральная раённая бальніца паведаміла, што з-за сітуацыі з вадой абмежаваная планаваная шпіталізацыя і прыём аналізаў «да моманту падачы вады».
У бальніцы кажуць, што ваду ім прывозяць тры разы на дзень, а пацыенты ядуць з аднаразовага посуду.
«Самі разумецце, якая можа быць сітуацыя без вады. Мы ж бальніца. Нам яна патрэбная нават для падтрымання звычайнай гігіены: падлогу памыць, прыбіральні. Пакуль паставілі ў двары біятуалеты», — расказала адна з супрацоўніц лякарні.
Таксама абмежаваны прыём пацыентаў стаматалагічнага профілю. Дапамогу ім акажуць толькі ў экстранных выпадках.
Паўплывала адключэнне вады і на функцыянаванне пяці мясцовых школ. Іх наведвае 747 вучняў.
Намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Вадзім Краўчук запэўнівае: усе навучальныя ўстановы забяспечаныя прывазной вадой, а адукацыйны працэс арганізаваны ў штатным рэжыме.
«Пры двухразовым харчаванні школы ў поўнай меры забяспечаныя сухімі пайкамі і аднаразовым посудам. У трох школах устаноўлены біяпрыбіральні, у дзвюх дзейнічаюць надворныя прыбіральні», — даводзіць чыноўнік.
Па словах мясцовых жыхароў, у дзіцячых садах бацькам паведамілі, каб дзяцей не прыводзілі, пакуль вады няма. У школах вучням трэба быць са сваёй вадой і вільготнымі сурвэткамі.
Пружаны без вады. Піць прывазную ваду можна толькі па кіпячэнні
У крамах раскупленая бутыляваная вада. Некаторыя гандляры ў сацыяльных сетках паведамляюць, што яны будуць дастаўляць ваду па зніжаных цэнах, пакуль праблема не будзе вырашана.
Вырашыць праблему з вадой райвыканкам абяцаў да 10 гадзін раніцы 17 студзеня. Цяпер кажа, што водазабеспячэнне будзе адноўленае да вечара гэтага дня.
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»З-за аварыі засталіся без вады Пружаны. І гэта не на адзін дзень
У Дрыбіне гарачую ваду даюць толькі раніцай і вечарам, круглыя суткі — нявыгадна
У Мінску затапіла цэлую вуліцу





