«Что творят социал-демократы!» Астрид Линдгрен, какой вы ее не знали 2

Исполнилось 115 лет со дня рождения великой детской писательницы. Предлагаем давнюю статью «Нашай гісторыі» о непростой жизненной дороге Астрид Линдгрен и о ее понимании детей.

Фото: snordichouse.is

Писательница прожила долгую жизнь — 94 года, умерла в 2002-м. За пару лет до смерти у нее был инсульт, она потерялась во времени. Но постепенно к ней стали возвращаться настроение и силы, и даже фирменное чувство юмора. 

Першы бестселер Ліндгрэн быў створаны ў самы цёмны час. Разгар Другой сусветнай, Ліндгрэн метадычна збірае газетныя выразкі пра падзеі вайны, піша дзённік з апошнімі весткамі з франтоў, дапаўняючы іх уласнымі разважаннямі. Швецыя — нейтральная краіна, але вайна адчуваецца тут праз голад і бежанцаў. Пісьменніцу шакуюць падзеі за мяжой: карныя акцыі нацыстаў, бамбардзіроўкі, Халакост.

У час вайны Астрыд працуе на шведскую разведку. А дакладней, у аддзеле перлюстрацыі: чытае лісты з-за мяжы і за мяжу.

«Мая брудная праца». Гэта праца дазволіла ёй многае зразумець і пра вайну, і пра натуру чалавека.

А самым цікавым для пісьменніцы была псіхалогія дыктатараў. Прычым у пачатку вайны Ліндгрэн больш баялася Сталіна, чым Гітлера. «Горш за ўсё, што ўжо не так і жадаеш Германіі паражэння, паколькі рускія зноў заварушыліся. Прыкрываючыся рознымі прычынамі, яны акупавалі Эстонію, Латвію, Літву, — піша ў дзённіку 18 чэрвеня 1940-га. — Слабая Германія для нас, скандынаваў, цяпер азначае адно: да нас прыйдуць рускія. Госпадзе, не дай рускім дабрацца да нас…»

У гэтыя гады і напісалася «Піпі Доўгаяпанчоха» — светлая, вясёлая кніжка, але не без алюзій на сучаснасць. Першыя радкі з’явіліся пасля вестак з Варшаўскага гета. «Як можа Гітлер думаць, што можна так ставіцца да блізкіх?!» — абураецца Ліндгрэн у сваім дзённіку.

Пазней крытыкі пабачылі ў Піпі не толькі надзвычай дужую і пазітыўную дзяўчынку («Піпі — маленькі супермэн: моцная, багатая і незалежная», — казала Ліндгрэн пра сваю гераіню). І не толькі ікону фемінізму. Піпі — гэта яшчэ і сімвал добрай сілы, якая процістаіць злой сіле нацызму. Ліндгрэн такой трактоўцы не пярэчыла.

Памятаеце, напрыклад, дырэктара цырка з хлыстом? Ён гаварыў з нямецкім акцэнтам, увесь час папраўляў валасы і хацеў здавацца мілым, аж пакуль выбрыкі Піпі не прымусілі яго паказаць сапраўдную натуру. Або іншы намёк у той жа сцэне — асілак Адольф, самы моцны чалавек на свеце. Яго перамагла Піпі — «звышчалавек у дзіцячым абліччы», якая паставіла сваю сілу на служэнне дабру, — тлумачыла Астрыд выдаўцу.

Страшна ўявіць, але Піпі магла б і не выйсці. Гэта адзін з першых твораў, дзе пра дзяцей гаворыцца як пра роўных з дарослымі. Выдаўцы доўга баяліся такога падыходу. Першая кніга самай знакамітай дзіцячай пісьменніцы выйшла, калі Ліндгрэн было ўжо 38!

Моцная сям’я

Актуаліі крытыкі пабачылі і ў іншым знакамітым творы Ліндгрэн — «Эміль з Лёнэбергі». Эміль і яго бацька — гэта процістаянне новага і старога, праява моладзевага бунту 60-х. Эміль і дабрэйшы, і разумнейшы, і больш чуллівы за бацьку (той можа толькі ганяцца за сынам пасля яго чарговага выбрыку і ўрэшце замыкаць яго ў хляве). У сваім зняволенні Эміль сумуе, але хутка знаходзіць сабе прадуктыўны занятак — стругаць драўляных дзядкоў. І ўжо марыць пра тое, якое свята зладзіць для сябе і старэйшага сябра — работніка Альфрэда — з нагоды сотага дзядка!..

Месца, дзе нарадзілася Астрыд. Лісты, званкі, візіты… Ліндгрэн ратавалася ў чырвоным драўляным дамку на востраве Фурусунд. Сюды не ішла пошта, тут не было тэлефона, і жыхары выспы паважалі права суседкі на адзіноту. «Я танцую ў сваёй адзіноце ад радасці», — пісала Астрыд. Яна любавалася захадам сонца, глядзела на зоркі, на ваду, дрэвы. Карацей, атрымлівала асалоду ад свабоды. Фота: Wikimedia Commons.

Матыў моладзевага бунту мо і пратачыўся ў кнігі Ліндгрэн, але пісаўся «Эміль» зусім з іншай нагоды. У 1961-м памерла мама Астрыд, і пісьменніца хацела падтрымаць і развесяліць бацьку, які ўсё жыццё, з 13-ці гадоў, быў глыбока закаханы ў жонку. «Тата штодзень казаў маме, што яна ўнікальная». Цяпер Самуэль Аўгуст стаў чакаць смерці з надзеяй: у раі ён сустрэне сваю Ханну.

Дружная сям'я Астрыд. Уверсе бацькі — Ханна і Самуэль Аўгуст. Фота: Енс Андэрсен «Гэты дзень і ёсць жыццё».

Сялянская сям’я Астрыд Эрыксан была вельмі моцнай, вельмі згуртаванай.

Брат і тры сястры сябравалі паўз усё жыццё, спісваліся, сазвоньваліся, сустракаліся на святы. А Самуэль Аўгуст і Ханна не саромеліся праяўляць любоў да дзяцей — рэдкасць на той час. Нават калі гэта пагражала сям’і вялікім сорамам.

«Тата доўгія гады быў царкоўным старастам, вясёлым, добрым, шчодрым, сябрам усяму свету». Самуэль Аўгуст памёр у 94 гады і да апошняга цікавіўся лёсам Эміля з Лёнэбергі. З усіх персанажаў дачкі ўпадабаў яго найбольш і марыў, каб аднойчы Эміль стаў старшынёй сельскай управы. Фота: Енс Андэрсен «Гэты дзень і ёсць жыццё».

Каханак

48-гадовы галоўны рэдактар газеты «Вімербю» Райнхальд Блумберг закахаўся ў 17-гадовую практыкантку Астрыд Эрыксан. Ён ужо меў сямёра дзяцей, аўдавеў, зноў ажаніўся і цяпер знаходзіўся ў працэсе разводу. Юная Астрыд была ўражаная цікавасцю да сябе: «Дзяўчаты такія дурныя. Ён быў першы, хто закахаўся ў мяне ўсур’ёз. І мяне гэта вельмі захапіла».

48-гадовы Райнхальд Блумберг. Фота: Енс Андэрсен «Гэты дзень і ёсць жыццё».

Сувязь Астрыд Эрыксан і Райнхальда Блумберга доўжылася паўгода. А потым яна зацяжарала. Пра кантрацэпцыю ў Швецыі 1920-х ніхто не гаварыў, тым больш у добрапрыстойнай сям’і царкоўнага старасты.

«Я ведала, чаго хачу і чаго не хачу. Дзіця я хацела, яго бацьку — не». Выбар быў няпросты, Астрыд вагалася. Але ўрэшце прыняла рашэнне, бо жаніх захацеў валодаць ёй цалкам: забараняў ісці вучыцца на сакратара, хадзіць на танцы і ў кіно, раўнаваў да бацькоў.

На цяжарную Астрыд упала адказнасць выбару клінікі. Дзяржаўныя бальніцы Швецыі не пасавалі: яны патрабавалі ўсе звесткі пра маці і бацьку (які быў усё яшчэ фармальна жанаты). Пра прыватную радзільню Астрыд наслухалася нядобрых водгукаў. У апошні месяц ёй удалося дамовіцца пра роды ў Капенгагене — у Даніі, суседняй краіне. Там звесткамі пра бацьку ніхто не цікавіўся.

Пяць першых гадоў Ласэ пражыў у прыёмнай дацкай сям’і, а юная Астрыд, якая працавала ў Стакгольме, старалася наведваць яго кожны месяц. Усе ашчаджэнні ішлі на білеты. З прыёмнай сям’ёй пашанцавала, Астрыд перапісвалася з «дацкай мамай» Ласэ да яе смерці.

Астрыд толькі што забрала сыночка з прыёмнай сям'і ў Капенгагене, гуляе з ім па Стакгольме і вучыць гаварыць па-шведску. Фота: Енс Андэрсен «Гэты дзень і ёсць жыццё».

Бацька Ласэ часткова аплачваў жыццё сына ў дацкай прыёмнай сям’і і спадзяваўся, што Астрыд вернецца да яго. Калі яна адмовілася, ён перастаў плаціць і прыгразіў забраць сына. Але паступова адносіны наладзіліся. Неўзабаве Блумберг ажаніўся зноў, новая жонка нарадзіла яму яшчэ чацвярых дзяцей. «Не твая і не мая памылка, што нашы дарогі разышліся, — пісала яму Астрыд у адказ на чарговы ліст. — Не шукай мінулага, думай пра цяперашняе».

У яе жыцці ў гэты час ужо з’явіўся Стурэ Ліндгрэн. Загадчык канцылярыі, дзе працавала дзяўчына, старэйшы на 9 гадоў.

Муж

«Я праглядаю ўсе некралогі, каб паглядзець, колькі гадоў было памерламу, — пісала Астрыд маме. — Я быццам хачу ўпэўніцца, што не толькі жыццё Стурэ абарвалася заўчасна». Стурэ было 53, калі ён памёр, Астрыд тады было 45.

Такім пабачыла Астрыд будучага мужа — Стурэ Ліндгрэна, загадчыка канцылярыі Каралеўскага аўтаклуба. Дзяўчына працавала там машыністкай. Пара ажанілася, праз тры гады ў іх нарадзілася дачка Карын. Фота: Енс Андэрсен «Гэты дзень і ёсць жыццё».

Дачка пісьменніцы ўспамінае, што татава смерць, канечне, была ўдарам, але не шокам. «Тата надта многа піў. Ён спрабаваў кінуць, але не паспеў». Усе вакол усведамлялі яго праблемы з алкаголем, лішнюю вагу, высокі ціск. У Стурэ быў цыроз. Аднойчы ён стаў кашляць крывёю, яго забралі ў бальніцу, а праз два дні ён памёр. У гэты момант жонка трымала яго за руку, шкадуючы, што не можа вось так, за руку, правесці яго туды, трымаць яго там.

За восем гадоў да смерці Стурэ пара перажыла непрыемны момант: муж прызнаўся, што закахаўся ў іншую. У Нармандыі ў гэты час адкрываўся другі фронт, войска СССР падыходзіла да Усходняй Прусіі, але Астрыд не магла засяродзіцца на гэтых падзеях. «Асновы майго існавання падарваныя, я кінутая, я замярзаю». 14 гадоў шлюбу, ніводнай сур’ёзнай сваркі — і тут такое… Паўгода спатрэбілася Стурэ, каб разабрацца ў сваіх пачуццях і вярнуцца. Чакаючы рашэння мужа, у дэпрэсіі і на бальнічным, Астрыд пачала пісаць мілую дзявочую аповесць «Чэрсцін і я».

У мужа было цудоўнае пачуцце гумару. Ён любіў чытаць (яны чыталі разам), падтрымліваў жончыну кар’еру, дапамагаў вычытваць карэктуру «Піпі» (а рэдактурай і карэктурай уласных кніг Астрыд займалася сама). Аднойчы ён пайшоў па новы касцюм, а вярнуўся з ілюстраваным двухтомнікам казак Андэрсена, які іх дзеці чыталі і перачытвалі. «Ён быў добры чалавек. Ён быў мне як дзіця, я яго вельмі любіла. Мой маленькі хлопчык…»

«У мяне няма ні таты, ні мамы, але я шукаю каго-небудзь»

У пісьменніцы было двое дзяцей. Малодшая дачка Карэн працягвае захоўваць матчыну спадчыну. А сын Ласэ памёр ад раку ў 1986-м, у 60 гадоў. Гэта стала самай вялікай трагедыяй у жыцці Ліндгрэн.

Маці і сын. «Ларс — летуценнік, які забывае пра справы, такім ён і застанецца». Фота: Енс Андэрсен «Гэты дзень і ёсць жыццё».

За недададзеную любоў яна дакарала сябе ўсё жыццё. Яе пачуцці адбіліся ў кнігах пра самотных сірот. «Хлопчыку з прытулку з прамымі валасамі, якога ніхто не хоча ўзяць, лепш памерці», — уздыхае Расмус-валацуга, калі дарослыя чарговы раз выбіраюць сярод дзетдомаўцаў мілую спакойную дзяўчынку з кудзеркамі. «У мяне няма ні таты, ні мамы, але я шукаю каго-небудзь», — кажа хлопчык новаму знаёмцу, валацугу Оскару.

Першыя гады жыцця Ласэ давялося цярпець пастаянныя расстанні з ёй, «шведскай мамай». Потым назаўжды развітацца з «дацкай мамай» (першы час хлопчык вельмі сумаваў па ёй і ўгаворваў Астрыд вярнуцца да яе ў Капенгаген). Ліндгрэн з горыччу ўспамінае першую шведскую раніцу сына. Ён прачнуўся і са здзіўленнем вымавіў: «Ой, гэта ж мама!»

«Ён быў пэўны, што я ўжо зматалася». А калі бабуля, маці Астрыд, у іх першы прыезд у Вімербю кінулася абдымаць унука, той схапіўся за Астрыд: а раптам яна яго зараз пакіне з гэтай новай цёцяй.

Нам здаецца, што дзеці лёгка прыстасоўваюцца, але гэта не так, сцвярджала пісьменніца.

Яны проста скараюцца нашай сіле. Ім самім у гэты час горка і цяжка.

Найлепшы спосаб прымусіць людзей змоўкнуць — паказаць, што яны не памыляюцца ў сваіх падазрэннях. Вярнуўшыся з маленькім сынам на радзіму, у Вімербю (адкуль уцякала пяць гадоў таму, пакуль жывот не стаў бачны), Астрыд цяпер атрымлівала асалоду, калі сын на поўны голас, на людзях зваў яе мамай. «Мяне ніяк не закраналі ўсе гэтыя крывыя позіркі. І я, і Ласэ былі вельмі ўпэўненыя ў сабе. Запомніце: не сорамна мець дзіця. Дзіця — гэта шчасце, гэта гонар, і ў глыбіні душы ўсе людзі на свеце гэта цудоўна ўсведамляюць».

«Будучыня свету вырашаецца ў дзіцячым пакоі». Ліндгрэн лічыла, што любоў, якую дзіця недаатрымала за першыя 10 гадоў жыцця, ніхто ніколі не кампенсуе. Менавіта гэтыя гады вырашаюць, якіх дарослых атрымае грамадства, — душэўна здаровых людзей добрай волі або скалечаных індывідаў, што карыстаюцца любым выпадкам, каб ускладніць жыццё блізкім. «Нават дзяржаўныя чыноўнікі заўтрашняга свету — гэта сённяшнія дзеці».

Стары вятрак на востраве Фурусунд, дзе Ліндгрэн праводзіла лета. Фота: shutterstock.com, Hans Baath.

Дачка ўспамінае, што маці ўвесь час гаварыла дзецям, як іх любіць, часта на смоландскім дыялекце. У яе быў выраз: «Ідзі да мяне, я выцісну з цябе ўвесь ныркавы тлушч». Гэта значыла: вельмі моцна абдыму.

Гетэрасэксуальнасць і сяброўка-лесбіянка

Яны пазнаёміліся ў Берліне, дзе Упраўленне па справах моладзі арганізавала сустрэчу Ліндгрэн з дзецьмі вайны. Такі сабе духоўны вітамін. Ва ўпраўленні працавала Луіза Хартунг. Гадзінамі жанчыны гулялі па Берліне, і немка паказвала шведцы свае любімыя месцы, а таксама знакі вайны: бункер Гітлера, руіны пасля бамбардзіровак…

Астрыд вярнулася зачараваная. За наступныя 11 гадоў (да смерці Луізы) яны даслалі адна адной 600 лістоў. Сяброўкі сустракаліся прынамсі раз на год. Хоць рознасць тэмпераментаў давалася ў знакі: «Луіза Хартунг — самы кіпучы чалавек на свеце, які гаворыць гадзінамі. Я думала, бедная галава мая ўзарвецца», — так апісвала Ліндгрэн нечаканы прыезд сяброўкі.

З часам выявілася, што Луізе падабаюцца жанчыны. У прыватнасці, адна шведская пісьменніца. Луіза стала актыўна намякаць на свае пачуцці: дасылала з Германіі кветкі, цыбуліны і саджанцы для саду, кнігі, шакалад, білет на самалёт да Берліна… Астрыд намякала, што паміж імі не можа быць нічога, апроч дружбы. Аднойчы Луіза напісала без эківокаў: сапраўдная блізкасць паміж сяброўкамі прадугледжвае не толькі духоўны, але і фізічны бок. Астрыд адказала без істэрыкі і гэтак жа адкрыта: «Усякае каханне мае права існаваць. Але калі нехта — як я — абсалютна гетэрасэксуальны і ні ў найменшай ступені не бісэксуальны, ён ніколі не зможа закахацца ў чалавека таго ж полу».

Астрыд захаплялася сяброўкай, але папярэджвала: «Ты ніколі не будзеш задаволеная, прапануючы каханне і атрымліваючы ўзамен сяброўства».

«Усё больш заводжуся ад таго, што твораць сацыял-дэмакраты»

Ліндгрэн паўдзельнічала ў адхіленні ад улады сацыял-дэмакратычнага ўрада Улафа Пальмэ на выбарах 1976 года. «Сацыял-дэмакратыя здрадзіла мне. Я застануся дэмакратам, пакуль жывая. Але цяперашняя ўлада ўжо не абараняе дэмакратыю, ім пасуе назва «Сацыял-бюракратычная партыя»». На пытанне журналіста, ці можна быць сацыял-дэмакратам, не імкнучыся да сацыялізму, Ліндгрэн адказала: «Сацыялізм, даведзены да крайнасці, прадугледжвае дыктатуру, а дыктатура мне не да душы».

Што ж так раз’ятрыла пісьменніцу? Найперш несправядлівымі яна лічыла падаткі. Характэрны прыклад правалу падатковай палітыкі Швецыі — гісторыя з сусветна вядомым Інгмарам Бергманам. Рэжысёр быў затрыманы па падазрэнні ў падатковых махінацыях проста ў тэатры падчас рэпетыцыі. Пасля таго, як абвінавачанні знялі, Бергман эміграваў. «Тут ён ствараў вялікае мастацтва, мы ганарыліся, што ён адзін з нас!» — абуралася Ліндгрэн.

Штуршком да асабістага змагання Ліндгрэн стаў кур’ёз: у 1976 годзе ў выніку нестыковак у нядаўна змененым Падатковым кодэксе пісьменніцы налічылі 102% падатку. Пісьменніца апісала выпадак у вострасатырычнай калонцы. Так пачалося яе змаганне. Карыкатурысты ўсёй краіны паціралі рукі: галоўным вобразам стала Ліндгрэн у касцюме Піпі, з касічкамі, якая жанглюе шарападобным міністрам фінансаў Гунарам Стрэнгам.

Гэтую пазіцыю падтрымалі многія шведы, найперш сярэдні клас. Але былі і тыя, хто западозрыў пісьменніцу з яе астранамічнымі накладамі ў карыслівасці. Тая абвяргала: «Я баюся і не хачу грошай, не хачу гары рэчаў, маёмасці, улады, якую даюць грошы, таму што яна разбэшчвае амаль як палітычная. Але я лічу, што нікога нельга прымушаць красці, каб наскрэбці грошай для сплаты падаткаў».

Сапраўды, пісьменніца жыла ў межах звычайнай для шведаў пратэстанцкай этыкі. У дастатку, але не ў раскошы. Многа дапамагала іншым. У 1996—1997 гадах Ліндгрэн дапамагла дзвюм шматдзетным курдскім сем’ям. Іх дэпартавалі са Швецыі ў Турцыю, і 17-гадовая Рожда, старэйшая дачка ў адной з сем’яў, звярнулася з лістом да любімай пісьменніцы. Яна чытала яе кнігі па-курдску. Ліндгрэн вырашыла паручыцца за дзяўчыну і яе стрыечную сястру і аплаціць ім адукацыю. Дзякуючы гэтаму ў наступным годзе змагла вярнуцца ў Швецыю, цяпер яна стаматолаг.

Помнік на радзіме ў Вімерблю. Фота: flickr.com

Адмовы даваліся Ліндгрэн вельмі цяжка. У лісце да сяброўкі яна прызнавалася: «Увесь мой час сыходзіць на абарону. Адзін хоча, каб я пазваніла ва ўрад і перашкодзіла высылцы разумова адсталага, хворага трынаццацігадовага турка, другі — каб я ўратавала старых ад прымусовай адпраўкі ў псіхлякарню, трэці — каб павярнулася да Ісуса і падтрымала секту «ўсеагульнага жыцця». Хутка я скажу, як хлопчык з Вімербю, калі журналістка яго спытала, што ён думае пра Піпі Доўгуюпанчоху: «Сюды ўвесь час заяўляюцца ўсякія вар’яты і задаюць мне пытанні!!!»».

«Палітыка занадта важная справа, каб аддаць яе на водкуп палітыкам»

У канцы 1980-х пісьменніца далучылася да экалагічнага руху. Яна заклікала захаваць недатыкальнымі палявыя ландшафты (іх збіраліся забудоўваць) і прасіла сялян выказвацца пра тое, што для іх лепш, змагацца за свае фермы, не пакладаць свой лёс на волю дзяржавы… Паплечнікам Ліндгрэн стаў дырэктар кампаніі «Вольва».

Акрамя таго, у 1988-м у Швецыі быў прыняты «закон Ліндгрэн» — закон аб ахове жывёл. Пісьменніца ініцыявала перагляд становішча свойскіх жывёл і птушак: кароў, свіней, курэй… Яна не заклікала адмовіцца ад мяса, але настойвала: усе жывёлы маюць пражыць жыццё так, як ім уласціва — дыхаць паветрам, бачыць сонца, скубсці траўку… «Нашы жывёлы — жывыя істоты, яны могуць пакутаваць, ім бывае страшна і балюча, як і людзям. Ці маем мы права пагарджаць патрэбамі жывёл дзеля таннай ежы?» Яна прыдумала трох герояў: курыцу Лавісу, свінку Аўгусту і карову Ролу, якія сталі пастаяннымі героямі яе калонкі ў газеце «Экспрэс». Палітычная дыскусія ў форме казкі? Такое людзей захапіла.

На 80-гадовым юбілеі пісьменніцы прэм’ер-міністр Швецыі Інгвар Карлсан («найлепшы ў свеце Карлсан» — так Ліндгрэн звярталася да яго ў артыкулах і лістах) падняўся на сцэну, абняў Ліндгрэн і паведаміў, што ўрад забяспечыць Роле, Лавісе і Аўгусце прымальныя ўмовы жыцця.

Магілка Астрыд побач з бацькамі. Фота: Wikimedia Commons.

Што насамрэч думаў пра яе «найлепшы ў свеце Карлсан», невядома. Калі Ліндгрэн была незадаволеная нейкімі крокамі ўрада, яна адразу пісала пра гэта вышэйшым асобам і ў прэсу. Але ўрад з ёй лічыўся, разумеючы яе грамадскую вагу. Характэрны выпадак: з чарговай нагоды Ліндгрэн напісала Карлсану ліст, які даставілі проста на з’езд партыі. Пакуль іншыя слухалі даклады, прэм’ер-міністр сабраўся і паехаў да старэнькай пісьменніцы. Яны правялі ў размове дзве гадзіны, падчас яе бабуля Астрыд турзала Інгвара за шчаку на вачах яго целаахоўнікаў. Усе дарослыя для яе былі дзецьмі, якія выраслі.

 «Браты Львінае Сэрца»

Дагэтуль уражвае, наколькі гэта кніга адрозніваецца ад мілых Піпі, Карлсана ці Кале Блумквіста. Гэта гісторыя двух братоў — Юнатана і Карла. Першы з іх загінуў на пажары, ратуючы малодшага хворага Карла. З часам Карл разумее (уяўляе?), што яго брат патрапіў у чароўны свет — Нангіялу. У сваім уяўленні смяротна хворы хлопчык далучаецца да брата. І тут у чароўным свеце пачынаецца страшнае: яго захоплівае дыктатар Тэнгіль. Браты спрабуюць дапамагчы паўстанцу Урвару перамагчы злачынца… У апошняй сцэне старэйшага брата, адважнага Юнатана, падчас пераправы праз вадаспад паралізуе агонь драконіхі. Хлопчыкі ведаюць, што Юнатан зноў зможа рухацца толькі ў Нангіліме, казачнай краіне, куды трапляюць тыя, хто памёр у Нангіяле. І Карл бярэ на спіну старэйшага брата, каб разам зрабіць крок у вадаспад.

Калі кніга выйшла, Ліндгрэн абвінавацілі ледзь не ў прапагандзе суіцыду. Маленькія чытачы закідалі пісьменніцу лістамі з просьбай праясніць канец. Ёй прыйшлося надрукаваць у прэсе эпілог: як два браты шчасліва жывуць у іншым свеце. Кніжка стала суцяшэннем для дзяцей з цяжкімі хваробамі. «Можа, усё і праўда адбываецца так?» — думалі яны.

Ліндгрэн вельмі доўга думала над канцоўкай. Ці варта заканчваць дзіцячую кнігу так вусцішна?.. Пісьменніца была пэўная, што дзеці баяцца смерці не больш за дарослых. І знаёміць дзяцей са смерцю праз казку — якраз правільна. А найбольшы страх дзяцей — гэта страх адзіноты. Яны баяцца, што іх кінуць. Таму канец кнігі — шчаслівы. Два браты выпраўляюцца ў іншую краіну, дзе застануцца разам назаўжды. «Нікому не прыйдзецца заставацца ў адзіноце, — думае маленькі Карл, падыходзячы да вадаспада. — Ляжаць, і гараваць, і плакаць, і баяцца».

 ***

Пісала на дыялекце, выдаўцы падчасалі

Цікава, што ў першай рэдакцыі Піпі Доўгаяпанчоха гаворыць на родным для Ліндгрэн смоландскім дыялекце. Гэтая рэдакцыя ўпершыню выйшла ў Швецыі ў 2013 годзе. Тады, у 1944-м, кніга і без таго выглядала занадта смела. Дыялектызмы з яе прыбралі, як і згадкі пра начны гаршчок ды кабылу, якая пакакала на арэне цырка.

 ***

Як напісаць добрую кніжку

Якой павінна быць добрая дзіцячая кніга? «Яна павінна быць добрай. Я прысвяціла гэтаму пытанню многа часу, але іншага адказу не знайшла: яна павінна быць добрай». У іншым інтэрв’ю Ліндгрэн канкрэтызуе: «Важная простасць. Прэч доўгія ці заблытаныя сказы, прэч тэарэтычныя разважанні, незразумелыя словы, маралізатарства».

 

 

Клас
39
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
10

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?