У Мінску адкрылі найбольшы ва Усходняй Еўропе аўтацэнтр ФОТЫ 9

Аўтар: Сяргей Мікулевіч, фота Надзеі Бужан

Што яднае беларусаў і французаў? Напалеон? Так: у іх Напалеон Банапарт, у нас — Напалеон Орда. Парыж? Так: ёсць такая вёска і ў Пастаўскім раёне. Але то ўсё гісторыя, а сёння беларусы і французы супадаюць, напрыклад, у выбары аўто. Гаворка аб прадукцыі аўтаканцэрну Groupe Renault, што ўстойліва трымае першынство па продажах і ў сябе на радзіме, і ў нашай краіне.

Асаблівай прыхільнасцю да «Рэно» беларусы вылучаюцца нават сярод блізкіх суседзяў.

Renault — адзін з найстарэйшых, класічных аўтавытворцаў Еўропы. Але мсье Луі Рэно, які зрабіў сваю першую машыну 120 год таму, быў бы ўражаны, пабачыўшы сённяшнюю транснацыянальную Groupe Renault.

Сёння гэты гігант яднае пяць марак (апроч Renault, гэта Dacia, Renault Samsung Motors, Alpine і LADA), 39 заводаў, прадае машыны ў 134 краінах свету ды адкрывае дылерскія цэнтры плошчай сем тысяч квадратных метраў.

Якраз такі прэзентавалі 3 верасня ў Мінску.

Аўтацэнтр Groupe Renault на вуліцы Каменнагорскай, 11 найбольшы не толькі ў Беларусі ды Усходняй Еўропе.

Нікаля Мор.

Як распавёў «Нашай Ніве» старшы віцэ-прэзідэнт Groupe Renault і дырэктар рэгіёна Еўразія Нікаля Мор, ва ўсім рэгіёне будзе толькі два аўтацэнтры такога класу.

У рэгіён Еўразія ўваходзяць усе краіны былога СССР, апроч Балтыі, а таксама Балгарыя, Румынія і Турцыя.

Новы аўтацэнтр асаблівы не толькі гэтым. Па-першае, адзначылі падчас прэс-канферэнцыі, ён створаны «з нуля», па-другое, вытворцы вырашылі спалучыць у адным «флаконе» прадукцыю Renault і LADA. Разам гэтыя дзве маркі лідзіруюць, займаючы 46,6% беларускага аўтарынку.

Але мо ёсць небяспека, што продажы адной з іх пачнуць расці за кошт другой? Памер рынку дастатковы, каб два брэнды змясціліся, запэўніў кіраўнічы дырэктар Renault СНД і экспартнай дырэкцыі LADA Макс Місана. 

Макс Місана.

Амаль траціну плошчы новага аўтацэнтра займаюць два шоўрумы — адзін для Renault, другі для LADA. На 1800 квадратных метраў могуць змясціцца 24 мадэлі аўто.

Прадстаўнікі аўтавытворцы распавялі, што з вялікай надзеяй назіраюць за ростам беларускага рынку.

Сёлета наша краіна выйшла па продажах новых аўтамабіляў канцэрна на 24-е месца ( у 2018-м была на 30-м). «Рэно» і «Лады» займаюць большасць месцаў у першай дзясятцы самых прадаваных мадэляў.

LADA Vesta — лідар продажаў у Беларусі ў 2018-м, на ёй ездзіць нават Нікаля Мор, калі бывае ў нашай частцы Еўропы.

Беларусь для LADA— экспартны рынак нумар адзін, падкрэслілі ў часе прэс-канферэнцыі.

Вялікія надзеі ўскладаюцца і на новую мадэль Renault Arkana, прэзентаваную ў пачатку ліпеня.

Renault Arkana была ў цэнтры ўвагі.

«Гэта цалкам новы сегмент на рынку — купэ-красовер», — адзначыў Нікаля Мор.

«Аркана», якую змясцілі пры самым уваходзе ў аўтасалон, выклікала жывы інтарэс гасцей свята.

Многія затрымліваліся пры ёй, хоць наперадзе чакалі кактэйлі, закускі, шоу, забавы. Боксы для рэмонту былі аформленыя ў гэты вечар як начны клуб: з пражэктарамі, дыджэем на сцэне, мадэлямі, прыўзнятымі на пад’ёмніках.

На другім узроўні, над зонай абслугоўвання, свяціліся пакоі адпачынку кліентаў. Цераз іх празрыстыя сцены можна будзе назіраць, як рамантуюць тваё аўто.

Каб яшчэ раз падкрэсліць інавацыйнасць падзеі і месца, афіцыйнае адкрыццё не завяршалі традыцыйным пераразаннем стужачкі.

Замест гэтага на сцэне пры ўдзеле кіраўнікоў канцэрну і прадстаўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна сталіцы «адчынілі партал у будучыню». Некалькі соцень гасцей здымалі дзею на мабільнікі. Пасля пачаўся баль.

А заўтра цэнтр запрацуе ў звычайным рэжыме: танцпол ператворыцца ў рамонтную зону на 50 пастоў, святочны натоўп зменяць майстры ў боксах і менеджары ў аддзеле продажаў, новыя машыны зоймуць свае месцы ў шоўруме.

Пачнецца работа — уласна тое, дзякуючы чаму Renault зрабіўся сусветным лідарам. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?