У сталічнай бібліятэцы імя Пушкіна адзначылі дзень нараджэння выдатнага беларускага празаіка і паэта Уладзіміра Караткевіча. 26 лістапада яму споўнілася б 82 гады.

За 20 хвілін да пачатку мерапрыемства ў невялікай актавай зале бібліятэкі ўжо яблыку не было дзе ўпасці — прыхільнікаў творчасці вялікага беларускага класіка аказалася так шмат, што некаторыя жадаючыя трапіць у залу вымушаныя былі стаяць у калідоры.
І стаялі, уважліва назіраючы за тым, што адбываецца.

А паглядзець сапраўды было на што: знакамітых гасцей сабралася нямала, а праграма была выключна насычаная.

Першапачаткова планаваны як прэзентацыя адразу дзвюх аўдыёкніг Караткевіча — дыскаў з раманам «Чорны замак Альшанскі» і аповесцямі «Ладдзя роспачы», «Чазенія», «Сівая легенда» і «Цыганскі кароль» — вечар ператварыўся ў сапраўдную феерыю літаратуры і музыкі.
Ад традыцыйнай беларускай дуды да джазавай аранжыроўкі знакамітых «Я нарадзіўся тут» і «Сонца нам дапаможа» ў выкананні Лявона Вольскага і Паўла Аракеляна з групай The Outsiders.

Акрамя таго, Павел Аракелян і гурт The Outsiders выканалі некалькі песень на вершы Анатоля Сыса, Рыгора Барадуліна і Уладзіміра Караткевіча.

На жаль, заяўлены ў праграме паэт Рыгор Барадулін не змог з’явіцца асабіста з прычыны здароўя. Тым не менш песні на вершы ў яго перакладзе выдатна выканаў бард Зміцер Бартосік
. Аляксандр Вярцінскі і Булат Окуджава гучалі па-беларуску асабліва душэўна і чароўна.
А за выключны пераклад цыганскай песні бард прапанаваў прысвоіць Рыгору Барадуліну званне ганаровага цыганскага барона.

Перакладчык, тэатразнавец і педагог па сцэнічнай мове прафесар Андрэй Каляда, які стаў голасам аўдыёкніг Караткевіча, уразіў прысутных незвычайна пачуццёвым выкананнем вершаў Уладзіміра Сямёнавіча.

Пасля яго выступу вядучыя прапанавалі гледачам самім прачытаць нешта з беларускіх класікаў. Калі, вядома, «хтосьці рызыкне выступіць пасля найталенавітага чытальніка». І жадаючыя знайшліся. Дзяўчына Люба адважылася прачытаць верш Марка Шагала «Карціна» ў перакладзе Рыгора Барадуліна і на некалькі хвілін зачаравала залу шчырым і пранізлівым выкананнем, якое не пакінула раўнадушным нікога.

Затым слова ўзяў паэт, празаік і мастак Адам Глобус. Ён прачытаў гумарыстычную вершаваную казку Уладзіміра Караткевіча «Чорная часіна», адзначыўшы, што гумар — адзін з важкіх складнікаў паэзіі беларускага класіка.

— Вечар атрымаўся, як мы і планавалі, насычаным і займальным, — адзначыў арганізатар мерапрыемства, дырэктар гуказапісвальнай кампаніі «Белтонмедыя», якая і выдае аўдыёкніжкі, Алесь Квіткевіч. —

Адзінае, чаго мы не чакалі, гэта такой вялікай колькасьці людзей. Таму што рэкламы не было, хіба некалькі паведамленняў у «Фэйсбуку».
Але затое гэта нам дасць бясцэнны вопыт на будучыню — беларускую літаратуру любяць і шануюць, а адпаведна, і зала павінная быць большай».

Вечар сапраўды ўдаўся. Асабліва радавала, што большасць прысутных — студэнты. А гэта значыць, што новае пакаленне не забывае і шануе вялікіх класікаў беларускай літаратуры. І беларуская літаратура будзе ў нашых сэрцах і нашай памяці. А па-іншаму і быць не можа, таму што, як дакладна адзначыў Уладзімір Караткевіч, «хто страціў сваю памяць, той страціў ўсё».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?