Самкі распісных малюраў Superb Fairy-wrens (Malurus cyaneus) «перадаюць» адмысловы «пароль» сваім птушанятам, якія выкарыстоўваюць яго, каб атрымаць ежу ад бацькоў і не дапусціць да яе зязюльчанятаў.

Распісныя малюры — невялікія вераб’іныя птушкі, з’яўляюцца аўстралійскімі эндэмікамі і жывуць на паўднёвым усходзе гэтага кантыненту. Від часта выкарыстоўваецца ў якасці прыёмных бацькоў бронзавай зязюляй Горсфілда Horsfield’s Bronze Cuckoo (Chalcites basalis). Гэта невялікі від зязюляў, які шырока распаўсюджаны ў Аўстраліі і адзін з самых звычайных з некалькіх, які падкідвае свае яйкі малюрам.

Нядаўна даследчыкі выпадкова ўбачылі, што самка малюра спявае сваім яйкам (ці, больш дакладна, птушанятам, якія яшчэ знаходзяцца ў яйках). Аказалася, што яна вучыць іх спецыяльнаму голасу, які мае спецыфічны кавалак. Птушаняты запамінаюць і выконваюць яго каб выпрошваць у бацькоў ежу пасля вылуплення. Гэты выпрошваючы голас быў знойдзены амаль ідэнтычным голасу маці і таму дазваляе і самцу, і самцы малюра выкрываць у сваім гняздзе зязюльчанё, якое просіць ежу няправільна!

 

Каб праверыць, ці гэты голас птушаняты вучаць у яйку, ці ён абумоўлены генетычна, навукоўцы падмянілі 22 яйкі на розных гнёздах.
Калі з іх вылупіліся птушаняты, іх голас быў падобны на голас прыёмнай маці, а не біялагічнай.

Навукоўцы таксама правялі доследы з гуказапісамі, якія паказалі, што птушкі-бацькі найлепш адказваюць на галодныя галасы сваіх птушанятаў, горш — на галасы птушанят іншых малюраў і найбольш рэдка на галасы галодных зязюльчанят.

Атрымліваецца, што адмысловы гукавы «пароль» выпрацаваўся ў малюраў, каб зменшыць поспех гнездавога паразытызму зязюляў. А гэта, ў сваю чаргу, дазваляе патэнцыйным прыёмным бацькам эканоміць час і энергію на выгадоўванні зязюльчанятаў, бо тыя не могуць вывучыць патрэбныя для прызнання «за сваіх» гукі.

Калі ў гняздзе малюраў апынецца хаця б адно птушаня, якое не паўтарае «пароль», яны не кормяць ніводнае і кідаюць гняздо з вывадкам, каб распачаць новую кладку.

Высокая індывідуальная зменлівасць патрэбнага да распазнання голасу амаль выключае магчымасць для птушанят зязюляў навучыцца імітаваць яго. Аднак насамрэч прыёмныя бацькі выкрывалі падкідышаў у прыкладна 40% выпадкаў, бо галодныя зязюльчаняты спрабуюць крычаць рознымі галасамі.

Дадатковы фактар, які працуе на карысць малюраў
— тэрміны інкубацыі яек патэнцыйных птушак-гаспадароў і гнездавых паразітаў розныя, таму зязюльчанё мае невялікія шанцы навучыцца «паролю» ў яйку, бо мае на гэта параўнальна абмежаваны час — толькі 2 дні замест 5 ў эмбрыёнаў малюраў. Бо навучанне пачынаецца праз 10 дзён пасля адкладкі яек, а птушаняты зязюляў вылупляюцца раней.

Нечаканыя вынікі ўпершыню даказалі магчымасць дарослых птушак перадаваць важную негенетычную інфармацыю на стадыі, калі птушаняты знаходзяцца яшчэ ў яйку.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?