За «крышаванне» крымінальнага бізнэсу арыштаваны падпалкоўнік Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Беларусі. Гэта ўжо трэці падпалкоўнік фінансавай міліцыі, які можа быць прыцягнуты да адказнасці ў 2012 г.

Падпалкоўнік фінансавай міліцыі А. быў затрыманы ў рамках аператыўнай распрацоўкі шэрагу камерцыйных структур Мінска, якія займаліся незаконнымі фінансавымі аперацыямі.

У ходзе прапрацоўкі сувязяў фінкампаній аператыўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС высветлілі, што з імі вельмі цесна супрацоўнічаў начальнік аднаго з аддзелаў Упраўлення ДФР КДК па Мінскай вобласці і г. Мінску падпалкоўнік А.

Гаворка ідзе не проста пра сяброўства крымінальнага бізнэсу з тым, хто па сваіх службовых абавязкаў павінен быў весці непрымірымую барацьбу з імі, а менавіта пра супрацоўніцтва.

Прасцей кажучы, падпалкоўнік цягам двух гадоў «трымаў дах» фінкампаній, забяспечваючы ім надзейныя тылы для працы. Звестак пра тое, якую ён за гэта атрымліваў узнагароду, пакуль не атрымана. Але наўрад ці ў гэтай сітуацыі можна весці гаворку пра бескарыслівае заступніцтва.

Пакуль жа ў дачыненні да падпалкоўніка Следчым камітэтам заведзена дзве крымінальныя справы:
па ч. 2 арт.424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці) і ч. 2 арт. 425 (бяздзейнасць службовай асобы, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча, што пацягнула цяжкія наступствы).

Як адзначаюць у ГУБАЗіК МУС, падпалкоўнік падазраецца ў тым, што з 2010-га па 2012 год, ведаючы пра ажыццяўленне асобамі, з якімі ён падтрымліваў працяглыя сяброўскія стасункі, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці па правядзенні незаконных фінансавых аперацый, з прычыны бяздзейнасці і злоўжывання сваёй уладай і службовымі паўнамоцтвамі прычыніў дзяржаўным інтарэсам істотную шкоду, якая выявілася ў несвоечасовым спыненні злачыннай дзейнасці і ў падрыве аўтарытэту гэтага праваахоўнага органа.

Гэта ўжо трэці падпалкоўнік ДФР КДК, якога прыцягваць да адказнасці за карупцыю ў 2012 г.
Такой масавай пасадкі кіраўнікоў Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Беларусь яшчэ не ведала. Так, саджалі начальнікаў следчага ўпраўлення: спачатку аднаго, а праз некалькі гадоў другога — яго пераемніка. Бывала, і адразу двух чыноў з вялікімі зоркамі на пагонах, адпраўлялі за краты,
але каб трох за год — гэта ўжо рэкорд для ДФР КДК.

Так, у сакавіку супрацоўнікамі КДБ быў затрыманы старшы інспектар па асабліва важных справах упраўлення ўласнай бяспекі ДФР КДК падпалкоўнік фінансавай міліцыі Д. Паводле звестак КДБ, ён на працягу некалькіх гадоў атрымліваў ад заснавальнікаў і службовых асоб камерцыйных структур Мінска грашовыя ўзнагароды за аказанне садзейнічання за рашэнне розных праблем, звязаных з праверкамі кантралюючых органаў.

Пры гэтым чалавек, які павінен быў сам змагацца з карупцыяй у органах фінансавых расследаванняў, рабіў беспрэцэдэнтныя меры канспірацыі, атрымліваючы ад бізнэсмэнаў буйныя сумы грошай, бо выдатна ведаў метады работы Службы ўласнай бяспекі.
Але ўсё ж падпалкоўнік быў затрыманы пры атрыманні 2500 даляраў — першай частцы абумоўленай ім хабару ў памеры 5 тысяч даляраў.

Праз пару месяцаў у выніку правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі Гродзенскага абласнога ўпраўлення КДБ затрымалі пры атрыманні хабару ў памеры 570 даляраў падпалкоўніка Упраўлення ДФР КДК па Гродзенскай вобласці. Па дадзеных чэкістаў, супрацоўнік фінансавай міліцыі падазраваўся ў тым, што на працягу 2011–2012 гадоў неаднаразова атрымліваў у якасці хабару ад аднаго з жыхароў Гродна розныя таварна-матэрыяльныя каштоўнасці і грашовыя сродкі за вырашэнне пытання аб зацягванні следства і спыненне расследавання распачатай у дачыненні да яго крымінальнай справы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?