Гарбарна-абутковая галіна Беларусі паразітуе на золатавалютных рэзервах дзяржавы, хоць павінна прыносіць у краіну валюту.
Пра гэта заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях развіцця гарбарнай і абутковай прамысловасці.
Лукашэнка падкрэсліў, што развіццё гарбарнай і абутковай галін мае вялікае значэнне для паспяховага функцыянавання эканомікі краіны.
Праца прадпрыемстваў гэтых галін ўзаемазлучаная і павінна абапірацца на мясцовыя аднаўляльныя віды сыравіны. Аднак у апошнія гады ў гэтай сферы назапасіліся праблемы як эканамічнага, так і тэхналагічнага характару.
«Лепшую сыравіну ў неапрацаваным выглядзе гналі за мяжу. З 2000 па 2010 год вываз неапрацаваных скур умудрыліся нарасціць аж у тры разы. Сабе пакідалі бруд і адкіды ад першаснай апрацоўкі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у 2010 г. урад, абгрунтоўваючы прыняцце загараджальных мер па вывазу сыравіны, абяцаў забяспечыць яго пастаўкі на беларускія прадпрыемствы. «У выніку колькі беларускай сыравіны і паўфабрыкатаў пайшло на вытворчасць абутку? Толькі 40%. Астатняе ў пераважнай масе (больш за 50%) па-ранейшаму гналі ў Італію, Польшчу, Індыю, нават ва Украіну. Уласную абутковую галіну не забяспечваюць скурай у дастатковай колькасці і — галоўнае — неабходнай якасці», — падкрэсліў Лукашэнка.

Атрымліваецца, што для вытворчасці скураных тавараў высакаякасную скуру ўвозяць з-за мяжы, іншымі словамі, з-за мяжы прывозяць экспартаваную з Беларусі скуру з больш высокай якасцю апрацоўкі.
Хоць гэты цыкл вытворчасці можна і трэба наладзіць у Беларусі і тым самым скараціць расход валюты, упэўнены Лукашэнка.
«Абутковыя прадпрыемствы краіны наогул пайшлі па шляху найменшага супраціву. Сталі актыўна нарошчваць увоз замежных нарыхтовак для абутку. А гэта — шыты верх абутку з усталяванымі маланкамі, зашпілкамі, іншай фурнітурай, ды і з падэшвай у камплекце.
І ўласную вытворчасць звялі, па сутнасці, да адной тэхналагічнай аперацыі — прылепкі падэшвы. Але такое, з дазволу сказаць, ноу-хау прыводзіць да таго, што прадпрыемствы губляюць свой тэхналагічны, прафесійны ўзровень і кваліфікаваныя кадры «, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
З пункту гледжання ведамасных інтарэсаў сітуацыя ў абутковай прамысловасці складваецца не так ужо і дрэнна.
«Абутковыя прадпрыемствы працуюць, нават рэнтабельна, людзі атрымліваюць зарплату. Якія, маўляў, да іх прэтэнзіі?
Але трэба яшчэ паглядзець, якая рэнтабельнасць і якія зарплаты», — адзначыў Лукашэнка.

Па дадзеных, якія агучыў Лукашэнка, за апошнія дзесяць гадоў уласная вытворчасць абутку ў Беларусі знізілася з 16 млн. да 13 млн. пар у год.

Штогадовы імпарт абутку за гэты перыяд узрос больш чым у дзесяць разоў — да 10 млн. пар, што ў даляравым эквіваленце складае больш як $ 200 млн. «Гэта значыць, мы губляем уласны рынак. Аддаць свае грошы чужому дзядзьку. Галоўная прычына гэтаму — невысокая якасць і недастатковы асартымент беларускага абутку»,
— падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу на вялікі працэнт імпарту ў сабекошце айчыннай абутковай прадукцыі: «Наша абутковая прамысловасць б’е рэкорды імпартаёмістасці.
У сабекошце прадукцыі, вырабленай на «Прамяні» імпарт складае 71%, на «Белвесце» — амаль 70%, на «Марка» — амаль 70%, на „Чырвоным Кастрычніку“ — больш за палову. Іншымі словамі, тое, што ў нас робіцца, таксама амаль не наша». У выніку на прадпрыемствах абутковай галіны склалася адмоўнае сальда знешнегандлёвых аперацый. З 2006 года гэты паказчык узрос амаль у 5,5 разу і дасягнуў амаль $40 млн.
«Фактычна цэлая галіна паразітуе на золатавалютных рэзервах дзяржавы, хоць усе павінны прывозіць валюту ў краіну»,
— так ахарактарызаваў Лукашэнка работу гарбарнай і абутковай галін. Ён нагадаў, што ім было дадзена даручэнне Савету Міністраў прыняць неабходныя рашэнні для выпраўлення сітуацыі. Лукашэнка запатрабаваў далажыць, якія канкрэтна меры ўжо прынятыя, каб пераламаць негатыўныя тэндэнцыі. Пры гэтым ён папярэдзіў усіх удзельнікаў нарады, што праблемныя пытанні галіновай палітыкі не павінны замыкацца на вузкаведамасных узроўні, у першую чаргу трэба думаць пра агульнадзяржаўны эфект.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што прадпрыемствам гарбарнай і абутковай галін трэба будзе працаваць у новых умовах інтэграцыі Беларусі ў Мытны саюз, Адзінай эканамічнай прасторы, а таксама з улікам уступлення Расіі ў СГА.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не раз звяртаў увагу на недахопы ў працы гарбарнай і абутковай прамысловасці, выказваючы ў іх адрас не толькі заўвагі, але і сур’ёзныя нараканні. «Таму мяне сёння цікавіць, як урад прыслухаўся да нараканняў, выказаным прэзідэнтам, што сёння зроблена і што прапануецца на заўтра. Але ненармальна, калі мы хваліліся, што ў нас развітая сельская гаспадарка і мы вырабляем вялікую колькасць мяса, і ў той жа час не можам забяспечыць скураной сыравінай абутковую прамысловасць «, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?