Юрыст адной з аптэчных сетак Масквы зладзіў бойню, у выніку якой загінула пяць чалавек, паведамляе Расійская служба Бі-Бі-Сі.

Перад гэтым ён апублікаваў у сацыяльнай сетцы «маніфест», дзе прызнаўся ў сваёй нянавісці да чалавецтва.

У сераду раніцай 30-гадовы Дзмітрый Вінаградаў, узброены паляўнічымі карабінамі, прыйшоў на працу, пераапрануўся ў камуфляж, пасля чаго пачаў страляць з двух рук па сваім калегам, што сядзелі на працоўных месцах.

«У выніку двое мужчын і дзве дзяўчыны, якія сядзелі за сваімі працоўнымі сталамі, памерлі на месцы. На лесвіцы, якая вядзе да офіса, падазраваны расстраляў яшчэ аднаго калегу, які таксама памёр», — сказаў прадстаўнік следства.

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, яшчэ двое чалавек атрымалі цяжкія раненні.

Паводле папярэдняй версіі, прычынай нападу стала складаная сітуацыя ў асабістым жыцці маладога чалавека. Як паведамляюць крыніцы ў праваахоўных органах Масквы, стралок быў неўзаемна закаханы ў адну са сваіх калегаў.
З-за непадзеленага кахання малады чалавек сышоў у пяцідзённы «запой» і пачаў стральбу, будучы моцна п’яным.

Па некаторых дадзеных, дзяўчына, у якую быў закаханы нападнік, таксама была цяжка параненая.

Вінаградаў быў затрыманы супрацоўнікамі службы бяспекі кампаніі і не аказваў супраціву пры затрыманні. Калі яго віна ў злачынстве будзе даказаная, яму пагражае ад васьмі гадоў да пажыццёвага зняволення.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?