Факт, што ў будынак пасольства Літвы ў Мінску кінулі дзве бутэлькі з запальнай сумессю, трэба расцэньваць як тэрарыстычны выпад супраць Літвы, лічаць міністр замежных спраў гэтай краіны Аўдронюс Ажубаліс і старшыня парламенцкага Камітэта па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс.

«Гэта тэрарыстычны выпад супраць літоўскай тэрыторыі», — сказаў 7 лістапада ў парламенце журналістам Зінгерыс.

«А што вам нагадвае такі ход падзей, калі вечарам на тэрыторыю пасольства кідаюць дзве бутэлькі з „кактэйлем Молатава“? Што гэта, калі не тэракт?», —
сказаў Ажубаліс.

Паводле яго слоў, юрыдычна гэта здарэнне будуць кваліфікаваць літоўская праваахоўнікі. Ажубаліс сцвярджае, што даў сваю ацэнку падзеям. «Я сказаў, што думаю як міністр замежных спраў, паколькі калі кідаюць „кактэйлі Молатава“, інакш назваць немагчыма.

Як гэта яшчэ можна назваць? Выпадкова нехта пераблытаў? Пастукаўся не ў тыя дзверы?
Не, гэта была абдуманая ясная акцыя.
Гэта кінулі не дзесьці на сярэдзіне вуліцы, шашы, а на тэрыторыю літоўскага пасольства ў Беларусі, якая ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй, з’яўляецца нашай тэрыторыяй», —
сказаў міністр.

Ён выказаў надзею на тое, што беларускія праваахоўнікі правядуць хуткае і эфектыўнае расследаванне па факце хуліганства.

Ажубаліс звярнуў увагу на тое, што на тэрыторыі пасольства стаяць відэакамеры. Яго ахоўваюць не толькі літоўскія паліцыянты, але і беларуская міліцыя.

Кіраўнік літоўскага парламенцкага Камітэта па нацбяспецы і абароне Арвідас Анушаўскас, каментуючы падзеі ў Мінску, сказаў, што «такое на пустым месцы не нараджаецца».

«Калі пастаянна завастраецца грамадская думка аб тым, што Літва прытрымліваецца якойсьці нібыта антырасійскай пазіцыі або пазіцыі, скіраванай супраць беларускіх уладаў, то, па-за ўсякім сумневам, такія падзеі — толькі пытанне часу», —
сказаў у сераду палітык.

Пасол Літвы ў Беларусі Лінас Лінкявічус паведаміў, што напярэдадні пасольства ніякіх пагрозаў не атрымлівала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?