Штаты Вашынгтон і Каларада прагаласавалі на рэферэндумах за легалізацыю марыхуаны. Дагэтуль марыхуана была легальнай толькі ў ліберальным штаце Каліфорнія, але і там яе выкарыстанне дазволена выключна ў медыцынскіх мэтах.
У штатах Вашынгтон і Каларада марыхуана стане цалкам легальнай, як алкаголь.У Масачусэтсы прагаласавалі за выкарыстанне марыхуаны ў медыцынскіх мэтах.
Таксама на рэферэндумах жыхары штатаў Мэн, Мэрылэнд і Вашынгтон прагаласавалі за легалізацыю аднаполых шлюбаў. Раней яны былі дазволены ў шасці амерыканскіх штатах з пяцідзесяці, аднак ва ўсіх выпадках гэта рашэнне прымалася заканадаўцамі, а не ўсенародным галасаваннем. За прапанову ва ўсіх гэтых трох штатах прагаласавалі 51-55% выбарцаў, яна перамагла мінімальнай большасцю. Усе гэтыя штаты традыцыйна галасуюць за Дэмакратычную партыю, у іх перамог Абама.
Агулам стаўленне амерыканцаў да аднаполых шлюбаў змянілася за апошнія гады. Цяпер адносная большасць выступае за іх узаконьванне, прызнаюць, што цяга да асобаў свайго полу ў некаторых людзей закладзена ад прыроды, і такія людзі павінны мець аднолькавыя правы.
Таксама ў аўторак у некаторых штатах ЗША галасавалі па пытанні смяротнага пакарання. Смяротнае пакаранне на сёння адмененае ў 17 штатах з пяцідзесяці,але толькі ў Арэгоне гэта адбылося ў выніку галасавання.
ЗША — федэратыўная краіна, і большасць жыццёвых пытанняў вырашаюцца на ўзроўні штатаў, а не на агульнанацыянальным.





