Аднойчы ў мяне спыталі, ці быў у жыцці момант, калі давялося рабіць выбар паміж «чэснай» і «нячэснай» журналістыкай.
Усведамляючы ўсю ўмоўнасць і агіднасць гэтага падзелу, я адказаў, што такога моманту не было.
Насамрэч такі момант быў — 30 кастрычніка 1988, Дзяды, Курапаты…

Гэта быў момант пераадолення страху.

Я не збіраюся яшчэ раз апісваць падрабязнасці таго дня і тых падзей — успамінаў пра іх дастаткова. Часцей за ўсё згадваюцца жорсткія эпізоды — як хапалі, збівалі, атручвалі газам, цягнулі ў аўтазакі…

Правобраз будучага хапуна выяўляе сябе ў гэтых успамінах ва ўсім сваім мярзотным абліччы.

Але адказу на пытанне, чаму зарос крыжовы шлях у Курапаты, няма. Не зарос?

Тады чаму такі запознены супраціў ганебнай будоўлі ля Курапат забаўляльнага цэнтра як быццам знарок прымеркаваны да Дзядоў і традыцыйнага шэсця?!

Чаму грамадскасць у момант узбуджаецца, калі нешта датычыцца яе непасрэдных інтарэсаў, накшталт ушчыльняльных збудаванняў, але моўчкі і абыякава назірае за тым, як ганьбіцца памяць аб ахвярах сталінізму, то бок памяць аб продках?!

Дзе ён, адказ на пытанне, чаму стаўся адарваным ад грамадскай свядомасці аднойчы вывержаны боль?

Я яшчэ раз прачытаў артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты -дарога смерці», ад якой пачаўся крыжовы шлях: «Ачышчэнне сумлення неабходна грамадству, якое дапусціла і спарадзіла генацыд… Раскайвацца павінны наступныя пакаленні, якія не бачылі той бяды, раскайвацца за грахі продкаў. Маральныя пакуты павінны браць на сябе нашчадкі…»

Дык, можа, народ спужаўся пакаяння? Спужаўся цяжару маральных пакут?

Але ж ён быў, быў бясстрашны народ супраць азвярэлай улады.

І не толькі 30-га кастрычніка.

Артыкул быў надрукаваны 3 чэрвеня, а ўжо 19-га народ пайшоў у Курапаты…

Натоўпамі і па адным, асфальтам кальцавой дарогі і сцежкамі, пратаптанымі ад горада наўпрост, сцякаліся менчукі, старыя і маладыя, у курапацкі лес, які да таго часу быў месцам аўтамабільных спатканняў ды шумных шашлычна-піўных гульбішч. Па абочынах шашы ўроскід стаялі службовыя «Волгі», «уазікі» з міліцыянцкімі нумарамі, у радок пашыхтавалася калона «Ікарусаў». Нейкія людзі з мегафонамі заклікалі ў аўтобусы, прапаноўвалі ехаць да Опернага, на іншы мітынг, нібыта прысвечаны памяці ахвяр. Як быццам той, іншы мітынг — правільны, а гэты чымсьці небяспечны, варожы і чужы…

На «правільным» у тэрміновым парадку асуджалі сталінскія рэпрэсіі. У Курапатах судзілі сталінізм, зрываючыся на несціхаючы крык: «Сталінскі генацыд!»

Сёння Сталін зноўку ў пашане, квітнее ягоны атрутны пасеў…

Але ці толькі таму зарос крыжовы шлях у Курапаты, што ў розных сваіх праявах адраджаецца сталінізм? А можа, таму і адраджаецца, што зарос шлях? Ці не самі згубілі мы яго, гэты шлях, ператварыўшы традыцыйнае шэсце, пры ўсёй яго пякучай эмацыйнасці, толькі ў партыйна-апазіцыйна-мемуарнае мерапрыемства, якое збірае колькі-небудзь паплечнікаў, пакідаючы астатні народ, заклапочаны сваім будзённым існаваннем, у нерухомасці? Справа нават не ў тым, колькі людзей пройдзе ў шэсці — 500 ці, як было заяўлена, 5000. Справа ў тым, што курапацкі боль так і не стаўся народным.

Але чаму?

Чаму хатынскі боль стаўся ў свой час народным, а курапацкі — не? Ці толькі таму, што тагачасная ўлада звозіла людзей у Хатынь цэлымі аўтобуснымі калонамі?
Так, не было амаль аніводнага жыхара Беларусі, які не выраніў бы слязу на папялішча Хатыні. І прапагандысцкае, аж да хлусні аб Хатыні, фарысейства ўлады тут ні пры чым.

Дык што, грошай, якія марнуюцца на розныя, у асноўным, замежныя семінары, сімпозіумы ды іншыя праявы апазіцыйнай дзейнасці, не хапіла б на тое, каб ладзіць заўсёднае наведванне Курапат жыхарамі розных вёсак і гарадоў Беларусі? Што, гэтых грошай не хапіла б на тое, каб доўжыць даследаванні, выдаваць адпаведныя кнігі і стварыць хаця б невялічкі народны музей? Дый ці толькі ў грошах справа?

Так ці інакш, але аднымі шэсцямі раз на год не выхаваеш антысталіністаў, то бок нашчадкаў, здольных на маральныя пакуты за крывавае мінулае.

Але не, мы працягваем апеляваць да ўлады, думаем, што народ паслухмяна вернецца ў Курапаты, калі яна паставіць там абяцаны яшчэ ў мінулым стагоддзі помнік.

Але ў памяці і пакаянні не народ павінен хадзіць за ўладай, а ўлада за народам. Калі, зразумела, яны не страшацца адзін аднаго.

…Я памятаю

Я памятаю старую.

Яна стаяла, прытуліўшыся шчакой да сасны, быццам сама была часткай вырасшага на крыві дрэва. Сагнутая пад цяжарам гадоў, у пазамыватым халаце і хатніх тапках на босую нагу, яна трымала ў паперакручаных пальцах тонкую васкавую свечку. Ціхае полымя ледзь не дакраналася да засмучана маўклівых губ, і было грамчэйшым за тысячы гнеўных і справядлівых слоў, што разносіў хрыплы мікрафон па прыціхламу курапацкаму лесу…

…Сёння ў курапацкім лесе, па абодва бакі стромкага, як на Галгофу, шляху, вырас лес крыжоў. На некаторых таблічкі з прозвішчамі ды імёнамі, іншыя з цэлымі сем’ямі, як у Хатыні. Дзе-нідзе бачны перакуленыя лампадкі да пагаслыя свечкі…

Крыжовы, яшчэ не пройдзены шлях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?