«Ну, будзем ехаць!» — «Едзьма, браце!» — гэта радкі з «Новай зямлі» Якуба Коласа.
Дзеясловы загаднага ладу з канчаткам -ма (-мо), уласцівыя асабліва гаворкам поўдня і захаду Беларусі, шырока ўжываліся ў літаратурнай мове 1910–1920-х, калі стваралася «Новая зямля». «Кіньма жа думкі аб долі гаротнай», пісаў, напрыклад, Багдановіч.
У нас любяць паўтараць выказванне сусветнай славутасці, што наша мова ў найбольшай чысціні захавала агульнаславянскае, спрадвечнае. А як даходзіць да рэальнай патрэбы прызнаць нарматыўнасць якога-небудзь спецыфічнай беларускай моўнай з’явы, то хутчэй спяшаемся аднесці іх да ўстарэлых або дыялектных.

Гэтак Павел Шуба ў дапаможніку для студэнтаў «Сучасная беларуская мова. Марфаналогія. Марфалогія» (1987) узяў ды абвясціў форму на -ма: хаваймася, ежма, станьма, дайма — «дыялектнай». Гэта была форма русіфікацыі: выцясняць з нормы ўсе граматычныя формы, што не супадалі з расейскімі.

Нягледзячы на такія спробы, пісьмова-літаратурная і вусна-гутарковая практыка беларускага народа збольшага захавала спрадвечнабеларускія выразы, у тым ліку для выказвання загаду, пажадання, просьбы. І што надта важна, гэтае зберажонае, захаванае ўсё часцей бярэцца да ўжытку.

Людзі! Ратуйма нашых дзяцей (Маладосць. 1994. № 6).

Усё на свеце павучальна. Не лянуймася вучыцца (Звязда. 15.10.1993).

Не спяшаймася секчы (Мінская праўда. 20.09.1990).

Не забываймася, што Ісламская рэвалюцыя таксама доўжылася амаль паўтара года (Наша Ніва. 24.06.2009).

Лунае высокае рэха: яднаймася! (Н.Мацяш).

Ну, браткі-беларусы! Павіншуймася і з гэтай нагоды (Н.Гілевіч).

Згадайма такія цэнтры, як «Менск», «Полацк» (В.Скарабагатаў).

Загляньма ў раздзел [кнігі]… (Л.Корань).

Спяшаймася! Пойдзем лесам да ракі (М.Лынькоў).

Станьма, брацця, у шых паходны (Алесь Гарун).

Варта адзначыць: форма загаднага ладу з канчаткам -ем (-эм) таксама правільная і беларуская, і ўжываць яе зусім нармальна.

У сваім доме навядзем парадак самі (ЛіМ. 17.05.1991).

Але набярэмся смеласці і… спусцімся ў лёхавую частку дома (Звязда. 14.01.1992).

Зберажэм усё роднае (Беларуская мова і літаратура ў школе. 1991. № 1).

Азірнемся, напрыклад, на Польшчу (Крыніца. 2001. № 3).

Бярэмся, унучак. Пакуль той рух, пакуль паз’язджаюцца… дык мы і зробім яшчэ сёе-тое (Ф.Янкоўскі).

Але зірнем з дарогі ўправа (Якуб Колас).

У некаторых дзеясловаў формы 1-й асобы множнага ліку абвеснага і загаднага ладу супадаюць: рэжам, спяваем, прысядзем. Гэтыя дзеясловы ўтвараюць таксама формы загаднага ладу з дапамогай канчатка -ма: рэжма, спявайма, прысядзьма.

Дзеяслоўныя формы з канчаткам -ма — патрэбныя, адметныя, яны вызначаюць самабытнасць роднай мовы і служаць захаванню яе сістэмы.

Таму на заканчэнне хочацца пераадрасаваць усім нам, носьбітам і захавальнікам роднай мовы, словы Янкі Купалы:

Дык любімася, суседзі,
Кіньма сваркі, звадкі;
Жыйма, як родныя дзеці
Адной нашай маткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?