Ён ішоў стомлены, крыху згорбіўшы плечы. Шарэла, у карак дыхаў восеньскі холад. На доўгай і бязлюднай вясковай вуліцы пахла сырасцю і зляжалым пырнікам з бульбяных палёў. Пастаяў, прыслухаўся — ціха, толькі недзе далей пры будзе звякаў ланцугом сабака.

Хлопец міжволі зірнуў налева, у бок нефарбаванага плоту, што верным таварышам спадарожнічаў вуліцы, і здрыгануўся — сакавітай цеплынёю лета вітала яго абвязаная вакол учарнелай штакеціны бел-чырвона-белая стужка. «Цікава, як яе ніхто дагэтуль не зняў?» — здзівіўся юнак. Падышоўшы да плоту, крыху пахіліўся, каб развязаць завязаную на супел стужку. Узяўшы ў руку яскравую, нават нягледзячы на шэрую пару, стужку, юнак некалькі хвілінаў патрымаў яе на далоні, пільна ўзіраючыся ў кожную з яе бел-чырвона-белых палосак. Потым ён раптоўна, штосілы, аж затрашчалі косткі, заціснуў стужку ў кулак і, нібы атрымаўшы зарад сонечнай энергіі, шпарка пабег па мярцвяна-ціхай вясковай вуліцы.

  • * * *

Быў пачатак ліпеня — пара, калі спела ярына. Дзімка ўжо бачыў дзяўчо раней, але цяпер яна выглядала інакш — можна сказаць, дасканала. Яна прыйшла на рэчку ў вялікім саламяным брылі. «Нібы сонца несла на галаве,« — падумаў тады Дзімка, які ў адных плаўках рэзаўся з Лёнькам і Паўлікам на беразе ў карты. Яна прынесла з сабою нейкую сумятню ў малады голаў Дзімкі. Ён больш ніяк не мог засяродзіцца на картах, і ўсе часцей круціў шыю ў бок дзяўчыны. Яна ж, здавалася, не звяртала ўвагі на аголеных юнакоў. Спакойна яна рассцяліла на беразе, крыху далей ад хлопцаў, што сядзелі на траве, вялікі сіні ручнік з Гары Потэрам і распранулася, пакінуўшы на галаве, аднак, капялюш. Дзімка не мог не адзначыць: яна была вельмі прыгожая — дасканалыя формы цела, што падкрэсліваў зялёны купальнік, і плаўная жаноцкасць яе рухаў зневалялі. Яна лягла на ручнік з Гары Потэрам, дастаўшы кнігу, заглыбілася ў чытанне. Лёнька з Віцькам, заўважыўшы нясціплыя позіркі Дзімкі, пачалі вачыма паказваць на дзяўчыну і міргаць таварышу. Той у адказ паказаў ім сярэдні палец і пакруціў ім жа каля сківіцы. Дзяўчына ў зялёным купальніку, на думку Дзімкі, нагадвала ў нечым русалку і вельмі яму падабалася. У хлопца прамільгнула думка, каб на момант стаць выявай Гары Потэра на ручніку дзяўчыны. Здавалася, яна не глядзела ў бок юнакоў, але Дзімка адчуваў, што яна іх таксама ацэньвае.

— Гэта Васіліхі ўнучка, — сказаў Лёнька. — Таня завуць. З Мінска прыехала на канікулы. Нічо такая, — прыцмокнуў ён языком.

— Ага, — няўцямна буркануў Дзімка і зноў скасавурыўся на дзяўчыну. — Зеляніна купальніка падкрэслівала далікатнасць ейнай скуры, а з-пад капелюша свяціліся вялізныя зыркія вочы.

— Файная цёлка, — згадзіўся Віцька. — Раней малая была, а цяпер цыцкі з’явіліся, — дадаў Дзімкаў сябар.

— У нас такіх няма, — прызнаў Лёнька.

Дзімка паглядзеў на яго аблуплены нос і выгаралыя на сонцы валасы, і яму стала непрыемна.

  • * * *

Дзімка дагнаў Таню, калі тая ішла з «Мары» — так называлася вясковая крама — у бок Васілішынага дома. Яна неслася з поўнай торбай па вуліцы. Хлопец ззаду падхапіў торбу за ручкі.

— Прывет. Давай паднясу! — гукнуў ён. Дзяўчына спалохана азірнулася, але, убачыўшы яго, весела заўсміхалася.

— Прывітанне, — мякка прамовіла яна, а яе зялёныя вялікія вочы ледзь прыкметна засвяціліся. — Мяне Таня завуць, — прадставілася прыгажуня.

— Я ведаю, — праявіў дасведчанасць маладзён. — Мяне Дзмітрый.

— Я бачыла цябе на пляжы, — сказала зялёнавокая.

— І я цябе бачыў. Любіш чытаць? — хацеў пакпіць з яе хлопец, адчуваючы сваю мужчынскую перавагу перад гарадской фіфачкай.

— Люблю. А ты — гуляць у карты… у дурня, — жартаўліва азвалася дзяўчына.

— А што ты тады на рэчцы чытала? — пацікавіўся юнак.

— Кнігу Станкевіча. Ён добра піша.

— Каго? — Дзімка ніколі не чуў пра такога аўтара.

— Магу даць пачытаць. Хадзі да бабулі ў дом, — прапанавала яна ўжо перад самой брамкай Васіліхі.

— Я вечарам загляну, — збянтэжыўся хлопец, крыху баючыся старой Васіліхі. — Або выйдзі на вуліцу пасля дзевяці, як кароў прыгоняць, — прапанаваў юнак.

  • * * *

Яна чакала яго на лавачцы каля брамкі. Каля яе ляжала невялічкая кніга, якую дзяўчына, як пазнаў Дзімка, чытала ля ракі. Кароваў ужо прыгналі, вяскоўцы разбрыліся па гаспадарках, а на вуліцы было бязлюдна і ціхмяна, што вельмі спадабалася нясмеламу хлопцу. Таня была ў лёгкай паркалёвай сукенцы, што падкрэслівала ейную зграбную фігуру. Доўгія валасы былі заплецены ў дзве тугія касы, перавязаныя яскравымі стужкамі.

— Здарова, Таня, — радасна гукнуў хлопец.

— Прывітанне, Зміцер, — ветліва адказала яна, працягваючы яму кнігу.

— «Любіць ноч — права пацукоў», — прачытаў юнак. — Па-беларуску? Ты такое чытаеш? — грэбліва фыркнуў маладзён.

— А чаму не? Я з Беларусі і з эмэф, — адказала дзяўчына.

— Адкуль? — не зразумеў малады вясковец.

— З Маладога фронту. Арганізацыя моладзевая такая, — тлумачыла цярпліва Таня.

— І што? Вы ўсе там па-беларуску шпрэхаеце? Ціпа апазіцыя?.. — сыпаў пытаннямі малец, які заўважыў, што стужкі ў косах Тані былі бел-чырвона-белыя.

— Мы — проста неабыякавая моладзь… — ціхім, але ўпэўненым голасам прамовіла мінчанка.

— Па мне, дык будзе лепей, як усе па-руску будуць гаварыць, — пераконваў яе Дзімка.

— Што ты? — з незадаволенасцю ў голасе засупярэчыла маладафронтаўка. — Паглядзі, які свет разнастайны і прыгожы! — яна ўзянала ўгору руку. — А што было б, каб усюды ўсё было аднолькавае, як у пыстыні? Мы б памерлі з суму, мабыць, — сказала Таня. — Гэта было зверху задумана, каб былі розныя мовы.

Таня задрала ў неба галаву, дзе з’явіліся першыя зоркі. Яе русыя косы з бел-чырвона-белымі стужкамі матляліся на ўзроўні яе грудзей.

  • * * *

Тым вечарам Дзімка жарсна цалаваўся. Яго сэрца валіла, як молат. Ён адчуваў, як трапяталася жывое і гарачае сэрца дзяўчыны з зялёнымі вачыма. Яго нібы агарнула нейкая па-даросламутаямніча-забароненая смуга, а рукі самі песцілі цёплае і мяккае дзявочае цела. Ён удыхаў водар яе валасоў, ад свежага паветра і хутчэйшага бегу крыві круцілася галава. Ля вясковага плоту хлопец развязаў яе косы, зачапіўшы адну з бел-чырвона-белых стужак на штакеціну. Яго рукі дробна дрыжалі, калі пад паркалёвай сукенкай датыкаліся гладкае дзявочае скуры. Тані таксама было прыемна. Дзве чалавечыя істоты млелі адно ад аднаго пад зорным небам вясковай вуліцы.

  • * * *

У суботу ў клубе гралі танцы. Дзімка ўвесь вечар танцаваў толькі з Таняй, зайздросна зіркаючы, калі Лёнька ці Віцька запрашаў яе на мядляк. Потым яны пілі ў елачках паміж клубам і сельсаветам самагонку. Потым зноў танцавалі. Потым Лёнька злётаў да Краўцэвічаў, што з-пад палы гандлявалі самагонкай, і купіў яшчэ літр. Пілі ўжо ў кагосьці ў машыне. Таня прамаўляла нейкія дзіўныя тосты, чытала вершы, як настаўніца ў школе. Потым ізноў гучная музыка, што аж тахкала ў дыяфрагме. Ці то ў галаве, ці то ў зале вясковай дыскатэкі мігацелі рознакаляровыя агні. У клубе таўклася процьма людзей. Да Дзімкі нечакана прысунуўся Лёнька.

— Стары, у цябе гандона няма?! — стараўся перакрычаць гучную музыку Дзімкаў аднакласнік.

— Няма, — п’яна заўсміхаўся юнак.

Лёнька закруціўся па зале далей.

Ад гарэлкі і гучнай музыкі круцілася ў галаве. Дзімка перш асеў у адно з крэсел, што стаялі ля сценаў залі. Пазней выйшаў на ганак. З боку елачак і помніка воінам-землякам да клуба вяла цягнуўся Лёнька, ледзь трымаючыся на нагах і зашпіляючы адной рукой матню парток.

— Дзімон, ідзі! — паклікаў ён сябра.

— Куды?

— Ну што ты як цэлка?! Там Танька Васілішына п’яная ўсім дае!.. — п’яным голасам прамычаў Лёнька.

Дзімка апаберся аб сцяну клуба, бо раптоўна адчуў ад кепскай самагонкі страшную слабасць, а недзе з нутра прасілася на волю змесціва страўніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?