Міжнародныя эксперты рэкамендуюць акцыянаваць РУП «Белпошта», паведаміла напрэс-канферэнцыі 4 кастрычніка ў Мінску генеральны дырэктар прадпрыемства Ірына Саксонава.
«У дакуменце, які называецца „Комплексны план рэформы і развіцця пошты (КПРРП)“ і распрацаваны пры кансультацыі міжнародных экспертаў, утрымліваецца рэкамендацыя аб акцыянаванні», — сказала Саксонава.
Яна зазначыла, што гэта працэс не аднаго года, таму што акцыянаванне «праводзіцца на пэўных умовах».«Я думаю, што гэта пытанне, магчыма, будзе разглядацца, і мы яго не скідваем з рахункаў», — дадала Саксонава.
Генеральны дырэктар зазначыла, што пытанне акцыянавання «Белпошты» перыядычна разглядалася і раней. «Але для таго каб знайсці акцыянераў для прадпрыемства, трэба яго спачатку ўпарадкаваць, каб бізнес быў даходным. Трэба зацікавіць патэнцыяльных пакупнікоў акцый даходным бізнесам, для гэтага неабходна правесці мадэрнізацыю», — мяркуе Саксонава.
Яна падкрэсліла, што многія паслугі пошты, асабліва ў сельскай мясцовасці, стратныя, маюць сацыяльную скіраванасць, тарыфы на іх рэгулююцца дзяржавай.«Паштальёны, якія працуюць на вёсцы, практычна на сябе нічога не зарабляюць, а займаюцца толькі дастаўкай пошты. Я думаю, што гэта не самае прыцягальнае прадпрыемства для акцыянераў», — зазначыла Саксонава. Разам з тым рэкамендацыі экспертаў «будуць разглядацца ў далейшым».





