У планах архітэктараў і гарадскіх уладаў яшчэ некалькі вежаў, якія прэтэндуюць на статус хмарачосаў. Ці так неабходна сёння Мінску нарошчваць вышыннае будаўніцтва? Ці заўсёды дарэчнае ўшчыльненне забудовы офіснымі «свечкамі»? Сваім меркаваннем з гэтай нагоды падзяліўся старшыня Беларускага саюза архітэктараў Аляксандр Корбут.

«Я перакананы, што не трэба ператвараць Мінск у Шанхай або Ганконг, забудоўваючы горад 50-80-павярховымі будынкамі, — разважае Корбут на старонках „БСГ. Будаўнічая газета“. — Мінск мае сваю архітэктуру, створаную пакаленнямі пасляваенных архітэктараў, і мы ганарымся сваім горадам. Адзін праспект Незалежнасці чаго варты! Не выключана, што праз некаторы час ЮНЕСКА возьме яго пад сваю абарону. І нам не трэба разбураць гэты архітэктурны ансамбль. Калі мы гаворым пра беларускую нацыянальную архітэктуру, то праспект — наш нацыянальны набытак».

Аляксандр Корбут прывёў у якасці прыкладу Ерусалім, дзе, паводле яго словаў, забаронена будаваць будынкі, вышэйшыя за 4–5 паверхаў. «Можа, нам варта ўзяць гэта на ўзбраенне?» — кажа старшыня БСА.

Закрануў Корбут і праблему ўшчыльнення забудовы Мінска замежнымі інвестарамі, у выніку якога пагаршаюцца як якасці жылога асяроддзя, так і аблічча раёнаў:

«На жаль, інвестары рэдка прыходзяць з мэтай палепшыць асяроддзе пражывання гараджан. Часцей мэта іншая — атрымаць максімальны прыбытак, бо праектаванне і будаўніцтва ў нашай краіне паводле „чужых“ нарматываў дазваляе даводзіць рэнтабельнасць укладзенага капіталу да 300–400%. Я, як і многія мае калегі, супраць такіх інвестыцый. Яны знішчаць нашае асяроддзе і архітэктуру».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?