У рэдакцыю звярнуўся чытач Мікола Б. з Светлагорскага раёна. Ён расказвае пра сітуацыю з якой сутыкнуліся жыхары суседняга Акцябрскага раёна пры здачы яблыкаў нарыхтоўшчыку.

«Аказваецца, каб здаць “законна” гэтыя яблыкі, трэба напісаць вось такую паперу, атрымаць даведку і тады… Такую працэдуру тутэйшы люд абазваў “дурдомам”, і не без падстаў. З якой эпохі гэтая паперчына? Мяркую, што гэта чыста феадальны здзек з нас, беларусаў.
Пра што можна казаць, калі на прадукцыю ўласнага двара трэба даведка», — піша чытач.

Ён даслаў у рэдакцыю ўзор заявы на атрыманне даведкі. У ёй трэба пазначыць адрас пражывання, пашпартныя дадзеныя, памер зямельнага ўчастка і вырабленую прадукцыю.

Па каментары мы звярнуліся ў Любанскі сельскі выканаўчы камітэт. Акурат ён пазначаны на бланку заявы. Там патлумачылі, што падобныя даведкі выдаюцца насельніцтву далёка не першы год. Неабходныя такія дакументы для ўліку.

Калі чалавек прадае на рынку або здае нарыхтоўшчыку садавіну, то ў даведцы трэба пазначыць колькасць пладовых дрэваў і кустоў на падворку. Даведка выдаецца адзін раз на год (сезон), афармленне яе бясплатнае.

Апад за 500 рублёў

Дзяржаўныя нарыхтоўшчыкі штогод усталёўваюць закупачныя цэны для насельніцтва. У кожным рэгіёне можа быць свая цана. Так, напрыклад, сёлета ў Магілёўскі аблспажыўсаюз прымае яблыкі па 500 руб/кг. У той жа час, у мінулым годзе ў верасні гродзенскія нарыхтоўшчыкі давалі за кілаграм яблыкаў па 1000 руб.

Танней у бабуль

Белы наліў у стыхійных гандляроў каля крамаў каштуе ад 5 тысяч рублёў. Гэта самы танны варыянт. У мінскіх крамах прадаюць імпартныя яблыкі, цэны сягаюць да 20000 рублёў. На гарадскіх рынках сустракаюцца польскія і галандскія яблыкі па 12-15 тысяч.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?