На месцы індустрыяльнага квартала ў межах вул. Куйбышава — Машэрава — Чырвонай — Кісялёва збіраюцца ўзвесці шматфункцыянальны комплекс з гатэлем, офіснымі будынкамі, гандлёвымі і забаўляльнымі аб’ектамі. Пра знос загаварылі яшчэ некалькі гадоў таму, тады ж з’явіліся першыя эскізы новай забудовы. Затым некаторы час аб праекце практычна не было навін. І вось нядаўна ЗАТ «Гарызонт-Белінвест-дэвелапер» размясціла на сваім сайце новыя эскізы і абвясціла конкурс на далейшае праектаванне шматфункцыянальнага цэнтра.

— Візуалізацыю выканала міжнародная кампанія-кансультант у сферы камерцыйнай нерухомасці Cushman&Wakefield сумесна з творчай майстэрняй архітэктара Школьнікава Б. Э. Канцэпцыя была зацверджаная кіраўніком дзяржавы яшчэ ў лютым 2012 года, дабро даў і горадабудаўнічы савет пры Мінгарвыканкаме, — сказаў Андрэй Абрамюк, намеснік дырэктара «Гарызонт-Белінвест-дэвелапер». — Цяпер мы праводзім конкурс на выбар генпраектавальніка.

Як растлумачыў суразмоўца, ад наяўнай забудовы застануцца толькі вуглавыя будынкі, усё астатняе будзе знесена. Інвестар для першага этапу праекта ўжо знойдзены, з ім падпісанае пагадненне (пакуль назва кампаніі не раскрываецца). Першы этап прадугледжвае будаўніцтва чатырохзоркавага гатэля на 200 нумароў і офіснага аб’екта.

У далейшым перспектывы праекта будуць залежаць ад цікавасці да яго з боку іншых інвестараў. У кастрычніку беларусы прадставяць праект на інвестыцыйным форуме EXPO REAL у Мюнхене.

— У Германіі мы разлічваем калі не прыцягнуць еўрапейскіх партнёраў, то прынамсі заявіць пра Беларусь як пра краіну, дзе працуюць кампаніі па міжнародных стандартах дэвелапменту, — тлумачыць Андрэй Абрамюк.

Пазней, у лістападзе гэтага года, канцэпцыю прадставяць на інвестыцыйным форуме ў Мінску. Згодна з разлікамі, для рэалізацыі праекта спатрэбіцца 239 млн даляраў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?