У Пецярбургу (Расія) мастак Пётр Паўленскі зашыў сабе рот каля Казанскага сабора ў падтрымку Pussy Riot.

Падчас акцыі мастак трымаў у руках транспарант з надпісам «выступленне Pussy Riot было пераігрываннем знакамітай акцыі Ісуса Хрыста».

Таксама на транспаранце згаданы глава 21 і вершы 12 і 13 з «Евангелля ад Мацвея», якія гучаць наступным чынам: «І ўвайшоў Ісус у храм Божы і выгнаў усіх тых, што прадавалі і куплялі ў храме, і сталы мяняйлаў перакуліў і ўслоны прадаўцоў галубоў, і сказаў ім: напісана: «Дом Мой домам малітвы назавецца»; а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў».

«Я ў нейкім сэнсе стаяў нібы жывая скульптура, не рэагаваў ні на якія патрабаванні (праваахоўных ворганаў), яны не ведалі, што са мной рабіць, хадзілі вакол, потым яны выклікалі хуткую… каб я прайшоў абследванне ў псіхіятра», — цытуюць мастака «РІА «Новости».

Пасля агляду медыкі палічылі, што Пятро Паўленскі знаходзіцца ў стане свядомасці і адпусцілі яго дадому.

Паўленскі патлумачыў мэту сваёй акцыі жаданнем прадэманстраваць, што арышт Pussy Riot супярэчыць фундаментальным хрысціянскім каштоўнасцям. На яго думку, зашыты рот сімвалізуе стан сучаснага мастака ў Расіі, забарону галоснасці, узмацненне цэнзуры, паведамяляе Газета.Ru.

    20 ліпеня суд вырашыў пакінуць дзяўчат з Pussy Riot пад арыштам прынамсі да 12 студзеня 2013 года. Удзельніцы гурту былі арыштаваныя ў сакавіку гэтага года па справе аб панк-набажэнстве «Багародзіца, Пуціна прагані!» ў храме Хрыста Збаўцы ў Маскве. У падтрымку дзяўчат выказаліся музыкі з гурта Red Hot Chili Peppers, якія напісалі ім лісты падтрымкі, а Энтані Кідзіс падчас канцэртаў у Маскве і Пецярбургу 20 і 22 ліпеня выйшаў у майцы з надпісам «Pussy Riot». У суботу ліст дзяўчатам таксама напісаў саліст шатландскага гурта Franz Ferdinand Алекс Капранас, што таксама выступаў у Маскве.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?