Аляксандр Лукашэнка 13 ліпеня падпісаў закон, якім уносяцца дапаўненні і змяненні ў Банкаўскі кодэкс Беларусі. Дакумент апублікаваны 21 ліпеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале pravo.by.

Закон быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 27 чэрвеня і ўхвалены Саветам рэспублікі 29 чэрвеня.

«Закон набывае моц праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем артыкулаў 3 і 4, якія набываюць моц з дня афіцыйнага апублікавання закона, а таксама абзацаў другога і чацвёртага пункта 39, абзаца другога пункта 103 і пункта 115 артыкула 1 закона, якія набываюць моц 1 студзеня 2014 года», — гаворыцца ў дакуменце.

Згодна з законам, за Нацбанкам замацоўваецца новая функцыя — ажыццяўленне маніторынгу фінансавай стабільнасці, аб’ектамі якога будуць з’яўляцца не толькі банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі, але і фінансавыя пасрэднікі, фінансавыя рынкі і плацежная сістэма ў цэлым.
З мэтай далейшай лібералізацыі эканамічных адносінаў законам прадугледжваецца спрашчэнне працэдур дзяржаўнай рэгістрацыі і ліцэнзавання банкаў. Пры гэтым мяркуецца, што банкі могуць стварацца выключна ў форме акцыянерных таварыстваў, а таксама ўстанаўліваюцца жорсткія патрабаванні да карпаратыўнага кіравання і кіравання рызыкамі, ажыццяўлення ўнутранага кантролю і аўдыту. Акрамя таго, замацоўваецца азначэнне паняцця «электронныя грошы» — гэта легалізуе абарачэнне такіх сродкаў плацяжу, а таксама адмяняюцца камісійныя і іншыя плацяжы за карыстанне крэдытам (акрамя працэнтаў за карыстанне крэдытам).
Упершыню на заканадаўчым узроўні замацоўваецца азначэнне тэрміна «стаўка рэфінансавання».
Пад ім разумецца стаўка Нацбанка, якая з’яўляецца базавым інструментам рэгулявання ўзроўню працэнтных ставак на грашовым рынку і служыць асновай для ўстанаўлення працэнтных ставак па аперацыях прадастаўлення ліквіднасці банкам.

Дакумент таксама прадугледжвае заканадаўчае замацаванне паняцця «матываванае меркаванне» пры ажыццяўленні Нацбанкам банкаўскага нагляду. Пад ім разумеецца фармалізаванае, лагічна абгрунтаванае прафесійнае меркаванне работнікаў Нацбанка, якое можа з’яўляцца падставай для прыняцця рашэння па ажыццяўленні банкаўскага нагляду праўленнем Нацбанка і яго службовымі асобамі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?