Асноўную работу па рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Мінска трэба завяршыць у 2013 годзе. Такое даручэнне КУП «Мiнская спадчына» даў сёння на аператыўнай нарадзе ў мэрыі старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька.

Рэалізацыя праграмы рэканструкцыі, рэстаўрацыі і аднаўлення гістарычнага цэнтра сталіцы пачалася ў 2004 годзе. Яе мэта — стварэнне адзінага архітэктурнага комплексу гэтай часткі беларускай сталіцы. Як паведаміў дырэктар КУП «Мiнская спадчына» Павел Шыкунец, у абнаўленне гістарычнага цэнтра Мінска апошнія гады ўкладзены значныя сродкі. Па праграме ўведзена ў строй 70 аб’ектаў, яшчэ 10 будзе здадзена сёлета, 15 — у 2013 годзе. Найбольш значныя аб’екты — канцэртная зала дзіцячай філармоніі (пл. Свабоды), шматузроўневы гараж-стаянка з аб’ектамі грамадска-гандлёвага прызначэння (вул. Няміга), адміністрацыйныя будынкі з прыбудовай (вул. Рэвалюцыйная — Гарадскі вал), гандлёвы комплекс з аб’ектамі грамадскага харчавання, культурна-бытавога абслугоўвання (вул. Камсамольская — Гарадскі вал).

Адкрыла дзверы мастацкая галерэя народнага мастака СССР, Героя Беларусі, ганаровага грамадзяніна Мінска Міхаіла Савіцкага на плошчы Свабоды, 15. Таксама ў 2012 годзе мінчан і гасцей сталіцы павінен прыняць духоўна-адукацыйны цэнтр Беларускай праваслаўнай царквы. Рэалізуецца праграма перапрафілявання першых паверхаў будынкаў гістарычнага цэнтра горада пад агульнадаступныя функцыі.

КУП «Мiнская спадчына» створана рашэннем Мінгарвыканкама ў лютым 2004 года для забеспячэння комплекснага падыходу па рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўленню, эксплуатацыі і ўзвядзенню будынкаў гістарычнай часткі Мінска — квартала «Верхні горад», Траецкага і Ракаўскага прадмесця, Замчышча. У межах яго тэрыторыі размешчана амаль 200 будынкаў і збудаванняў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?