Праца замежных банкаў у Беларусі абмяркоўвалася 23 ліпеня ў ходзе даклада кіраўніка Нацыянальнага банка Надзеі Ермаковай Аляксандру Лукашэнку.

Лукашэнка нагадаў, што раней даручаў звярнуць увагу на дзейнасць у Беларусі даччыных прадпрыемстваў і філіялаў замежных банкаў.

«Як працуюць замежныя банкі, якое ваша меркаванне? — задаў пытанне Лукашэнка. — Бо мне паступала інфармацыя, што некаторыя замежныя банкі сябе вядуць проста як замежныя агенты ў поўным сэнсе гэтага слова.
І ўжо прадпрымальнікі крыўдзіліся на тое, што фінансавая дакументацыя вельмі шматлікіх кампаній капіюецца і адпраўляецца некаторых заказчыкам. Я правяраў. Гэта сапраўды пацвярджаецца. Таму ў свой час я вас прасіў звярнуць на гэта ўвагу.
Якія меры неабходна прыняць, можа быць, трэба і маё ўмяшанне ў гэтым плане?».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што калі замежныя банкі прыйшлі ў беларускую эканоміку, то павінны на яе працаваць, а не проста ўдзельнічаць у цікавых для сябе праектах. «Банкі, якія прыйшлі з замежным капіталам, у асноўным расійскім, на нашым рынку працуюць, крэдытуюць эканоміку», — адзначыла Надзея Ермакова.

Варта адзначыць, што інфармацыя аб выцеках дакументацыі з банкаў з замежным капіталам не праходзіла. Не да канца ясна, што мае на ўвазе Аляксандр Лукашэнка і якія банкі падазрае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?