Сяргей Башарымаў.

Сяргей Башарымаў.

Еўрарадыё раскрывае новыя акалічнасці гучнай справы. «Мы з Сяргеем больш за год ужо знаёмыя. Сябры пазнаёмілі нас. Ён некалькі гадоў ужо займаецца здачай кватэр на суткі. У яго чатыры кватэры, наколькі я ведаю. І вось праз агульных знаёмых мы пачалі сустракацца з ім», ― распавядае Ірына пра сваё знаёмства з Сяргеем Башарымавым.

Зараз гэта адзін з самых вядомых у інтэрнэце мінскіх рыэлтараў. А ўсё праз гісторыю з «цацачным дэсантам». Менавіта Башарымаў у траўні здаў кватэру дырэктару шведскай Studio Total Пітэру Кромвэлу. Збіраўся здаваць і 3 ліпеня.
Аднак той да яго не даехаў і выслаў некалькі смсак з адмовай ад кватэры на Карла Маркса. Для беларускіх чэкістаў гэтага было дастаткова, каб абвінаваціць Сяргея Башарымава ў спрыянні нелегальнаму перасячэнню мяжы групай асобаў і змясціць яго пад варту. А разам з ім і дзяўчыну Сяргея ― Ірыну.
«За мной прыйшлі 6-га ліпеня ўвечары. Каля 7-й гадзіны. Прадставіліся супрацоўнікамі КДБ. Сяргея прыкладна адначасова са мной забралі, ён па працы на кватэру ехаў… Яны мне сказалі, што трэба праехаць з імі, каб даць тлумачэнні. Без аніякіх варыянтаў. Прывезлі і пасадзілі ў камеру.
Допыт быў толькі на наступны дзень, 7-гя ліпеня», ― Ірына расказвае пра сваё затрыманне спакойна, амаль як пра цікавую прыгоду. Але прызнаецца, што у вузкай камеры «амерыканкі» было зусім не весела.
На наступны дзень яе адпусцілі са словамі «пашанцавала табе, што дзяўчына». Вярнуўшыся дадому Ірына не знайшла свайго ноўтбука. Зніклі таксама флэшкі і знешні вінчэсцер. Усё забралі чэкісты, пакуль яна была на допыце.

Расказаць пра свае гутаркі з супрацоўнікамі КДБ Ірына не можа — абавязвае таямніца справы. Дзяўчына гаворыць, што спадзявалася пабачыць Сяргея спачатку пасля 3 сутак затрымання, потым праз 10. Але марна. Калі пабачыла у інтэрнэце, што затрыманы яшчэ і фатограф Сурапін — вырашыла расказаць пра свайго хлопца журналістам.

«Яго праца ― здаваць кватэры. Я нават не ведаю, каму ён іх здаваў. Ці былі там нейкія замежнікі…

У КДБ мне гаварылі: “Ты яго дзяўчына, ты мусіш ведаць”.
Але я абсалютна нічога не ведала, зусім. Я нават пра шведскі самалёт і гэтых мядзведзікаў даведалася толькі пасля таго, як была затрыманая. Гэта нейкі абсурд», ― распавядае Ірына.

Праз 10 сутак затрымання Сяргей Башарымаў з падазраваных ператварыўся ў абвінавачаныя. Яму закідаюць саўдзел у парушэнні мяжы групай асобаў. За гэта рыэлтару пагражае ад 3 да 7 гадоў. Зараз Ірына разам з маці Сяргея прыкладае ўсе намаганні, каб вызваліць яго. Наймаюць свайго адваката, бо ад дзяржаўнага могуць дабіцца толькі дзяжурнай фразы «супакойцеся, усё будзе добра». За 14 дзён Сяргею двойчы перадалі вопратку і прадукты. Часцей не дазваляюць.

Ірына поўная рашучасці дамагчыся вызвалення свайго хлопца. «Гэта абсурд, гэта нейкі абсурд», ― усё паўтарае і паўтарае яна.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?