Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч запатрабаваў пакорыць тэмпы работ па рэканструкцыі льнозаводаў.
Гэтае даручэнне кіраўнік урада зрабіў 19 ліпеня на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў, на якім быў разгледжаны ход работ па будаўніцтве і рэканструкцыі льнозаводаў, паведаміла прэс-служба Савета міністраў.

Мясніковіч адзначыў, што сёння галіна забяспечана неабходнымі тэхналогіямі, спецыялістамі, гатункамі культур. «Канешне, ёсць яшчэ пытанні па механізаванай уборцы і церабленні льну, па ўдасканаленні гэтай тэхнікі. Мінпрам і НАН займаюцца гэтымі пытаннямі. Маглі б і больш актыўна займацца, але ў прынцыпе тут зрухі рэальныя», — лічыць прэм’ер-міністр.

Ён падкрэсліў, што кіраўнік дзяржавы прыняў шэраг рашэнняў, якія забяспечваюць фінансаванне рэканструкцыі Аршанскага льнокамбіната, ёсць адпаведныя бізнес-планы, работы вядуцца па запланаваным графіку. «Разам з тым прамежкавае звяно — перапрацоўка льнотрасты ў ільновалакно — знаходзіцца ў вельмі нездавальняючым стане. Тая інфармацыя, што ў нас ёсць, гаворыць пра безадказнае стаўленне большасці аблвыканкамаў і Мінсельгасхарча да рэканструкцыі дзейных ільнозаводаў», — лічыць кіраўнік урада.

Усяго ў Беларусі 44 льнозаводы.
На іх дзейнічаюць 64 лініі па перапрацоўцы доўгага льновалакна і 65 — па перапрацоўцы кароткага. Паводле інфармацыі Мінсельгасхарча больш чым 20% ліній па доўгім валакне і больш чым 60% па кароткім выкарыстоўваецца 20 і больш гадоў пры тэрмінах амартызацыі 9 гадоў. Прэзідэнт даў даручэнне на працягу гэтай пяцігодкі перааснасціць галіну, каб выйсці на вытворчасць ільновалакна ў 60 тыс. т за год. Для гэтага выдзелены сродкі на тэхперааснашчэнне і новае будаўніцтва 11 льнозаводаў, з іх 3 павінны пабудаваць і 8 пераўзброіць. У выніку рэканструкцыі льнозаводы павінны быць абуладкаваныя сучаснымі лініямі па перапрацоўцы льнотрасты.

«На жаль, мы вымушаныя сабраць пасяджэнне прэзідыума Саўміна, каб звярнуць увагу аблвыканкамаў і Мінсельгасхарча на вельмі нездавальняючыя тэмпы работ», — заявіў Міхаіл Мясніковіч. На рэканструкцыю і тэхперааснашчэнне такіх аб’ектаў адшуканыя льготныя крэдытныя рэсурсы ў аб’ёме 574 млрд. рублёў. Гэта немалыя грошы, падкрэсліў кіраўнік урада, але ў некаторых абласцях і на асобных заводах дагэтуль няма праектна-каштарыснай дакументацыі. «Інакш як безадказным стаўленнем гэта назваць нельга», — сказаў прэм’ер-міністр. Мясніковіч папрасіў «менавіта з такога пункту гледжання разгледзець гэтае пытанне, і ў першую чаргу па ацэнцы дзейнасці кадраў, як у цэнтры, так і на месцах».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?