Бабка Кастуся, мая вясковая сяброўка з настаўніцкай маладосці, не аднойчы, калі падап’е прыхаванай яшчэ за польскім часам «Выбаровай», распачынала спяваць жудасную гісторыю: «Ехаў конік да вады — залатыя павады. Конік не напіўся, мальчык утапіўся. Ідзе пані ратаваць — нідзе сына не відаць. Ідзе пан за вадой — бачыць сына пад вадой: толькі ножкі тырчаць, толькі вочкі блішчаць…». «Не плач, Сярожа, — супакойвала бабка Кастуся пасля спеву, размазваючы па шчацэ ўласную слязу. — Усё яшчэ будзе…».

Бабка Кастуся з яе «мальчыкам» і аптымістычнай абяцанкай на будучыню ўзгадалася, калі прачытаў артыкул Сяргея Дубаўца «Беларусь — гэта мова».

Мова — гэта ўсё, што засталося ад Беларусі, лічыць Дубавец: «…апошні рубеж… адзіны інструмент і адзіная зброя шырокага цывілізацыйнага руху».

Прыгожы тэкст, прывабна завостраная думка, глыбокі падтэкст… Але, як ні паглыбляйся, вынікае, што ўсё астатняе — не Беларусь, а немаведама што, якое «зноў па горла ў Расеі»…

Я ведаю чалавека, які прыкладае шмат намаганняў, каб улезці ў Расію па горла. Лукашэнка? Не, апазіцыянер, так бы мовіць. Да таго ж дастаткова вядомы пісьменнік.
Некалькі гадоў таму намагаўся надрукаваць у расійскіх газетах адкрыты ліст да… Пуціна, каб ён «остановил русификацию» і пасадзейнічаў вырашэнню моўнага пытання. Як быццам Беларусь зноў у складзе Расіі. Дарэчы, пад лістом стаялі подпісы шмат каго з паважаных дзеячаў беларушчыны… Праз некаторы час, праглядаючы часопіс «Наш современник», вядомы сваім дэмагагічна-пячорным антысемітызмам, я заўважыў ліст нашага «змагара за мову» да Станіслава Куняева, галоўнага рэдактара і нястомнага імперца. З ліслівасцю чалавека, якога мала хто разумее, ён запэўніваў адрасата ў сваёй прыхільнасці і прапанаваў надрукаваць свой новы раман, які цалкам супадае з палітыкай часопіса і поглядамі яго галоўнага рэдактара…

Такі вось апошні рубеж… адзіны інструмент… адзіная зброя…

Калі распачаць бойку катэгарычных фармулёвак, то чаму б не выказацца такім чынам, што сёняшняя Беларусь – гэта якраз усё астатняе, а тая Беларусь, каторая, па Дубаўцу, мова – гэта, выбачайце, умоўная Беларусь, якую стварыла інтэлектуальная беларускамоўная эліта. Але падобная бойка – не лепшы шлях да паразумення паміж людзьмі і рознымі дэмакратычнымі плынямі, без якога немагчымы з’яднаны супраціў лукашызму.

...Цяжка зразумець, чаму паэту (у Дубаўца маецца на ўвазе светлай памяці Валянцін Тарас) дазваляецца так званы білінгвізм, а простаму народу — шыза.
Навошта ж білінгвістычную шызу ды элементарную непісьменнасць чынавенства ляпіць да народа, блытаць чынавенства з ягонай лянотай і звычкай шукаць праўду ў роце начальства з мільёнамі тых беларусаў, што трапілі ў пастку русіфікацыі? Тым больш нельга ладзіць з мовы «прыбор», падобны прыбору для распазнання «свой—чужы». Дубавец, вядома, такі прыбор не ладзіць. «Распазнанне» само выпрастоўваецца з-пад штучных тэзісаў пра «водападзел» і «адзіную зброю»…

Цемрашальства ці проста глупства — пярэчыць разгортванню шырокага цывілізацыйнага руху, заснаванага на распаўсюдзе ведання ды ўжывання роднай мовы. Тут я з Дубаўцом згодны, нават гатовы ўскрыкнуць: «Даўно пара!»

Але лічыць, што мова — гэта адзінае, што выцягне краіну з багны лукашызму і гарантуе сапраўдную незалежнасць, — значыць не проста памыляцца ў стылі Мюнхгаўзена, а ізноў, як напачатку 90-х, небяспечна збочваць у каляіну, што, насамрэч, спрыяе таму, каб улезці «па горла ў Расею» накшталт Татарстана ці Удмурціі…
Але там не існуюць татарская ды удмурцкая мовы? Існуюць. Нават квітнеюць… А якія-небудзь, умоўна кажучы, «неглюбскія бабулькі» заўсёды знойдуцца…

Я не фармацэўт з рэцэптурнага аддзела палітычнай аптэкі, але ўпэўнены, што адпаведныя лекі для Беларусі трэба гатаваць з больш складаных рэчываў. Для мільёнаў беларусаў, што купіліся на подлы рэферэндум аб дзяржаўным двухмоўі, яна сталася толькі ўскосна роднай. Бо цяжка лічыць роднай, ад першых слоў маці і першага буквара, мову, якая на працягу паловы мінулага стагоддзя вывучалася, ды і сёння вывучаецца падобна іншаземнай…

Не напіўся конік… утапіўся «мальчык»… толькі вочкі блішчаць…

Але гэта не шыза, а сюр. Не шыза падвоенай свядомасці, а сюр няўмольных гістарычных абставінаў.

Ці здолее пераадолець гэтыя абставіны і стварыць новыя, спрыяльныя для беларускай будучыні, не ўмоўная, а нанова народжаная, маладая Беларусь? Здолее. Калі гэтае пытанне паўстане перад ёю як пытанне ўжо не мары, а дзеяння.

Тады і конік з «мальчыкам» нап’юцца чысцюткай празрыстай вады.

…Мудрая ўсё ж была бабка Кастуся. Што Саламон. Толькі той — «усё пройдзе», а тая — «усё яшчэ будзе».

Па сутнасці, тое ж…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?