фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

Інтэр'еры ўнутры замка.

Інтэр'еры ўнутры замка.

Псеўдацагляныя панэлькі (фота skyscrapercity.com).

Псеўдацагляныя панэлькі (фота skyscrapercity.com).

Павел Тапузідзіс разам з Аляксандрам Лукашэнкам.

Павел Тапузідзіс разам з Аляксандрам Лукашэнкам.

На 3 ліпеня ў Мінску быў запланаваны ўрачысты ўвод у эксплуатацыю велічнага «Замка» тытунёвага мільянера Паўла Тапузідзіса. Гандлёва-забаўляльны цэнтр арыгінальнага выгляду паўстаў проста насупраць новай рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы. У запланаваны час будаўнічыя працы так і не скончыліся. Відаць, «Замак» абслужыць першых наведнікаў у адну з наступных святочных дат.

«Наша Ніва» выбрала топ-5 цікавых фактаў пра грандыёзную будоўлю.

Палац гандлю

93 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы, траціну з якіх будуць займаць гандлёвыя пляцоўкі, робяць «Замак» рэкардсменам сярод гандлёва-забаўляльных цэнтраў краіны.
Фармат будынка прадугледжвае, што сям’я будзе прыязджаць сюды раніцай і выбірацца дахаты познім вечарам. Забавак мусіць быць столькі, каб усім пакаленням хапіла на цэлы дзень. Гуляць — дык на шырокую руку, вырашыў Павел Тапузідзіс.

Такім чынам, першы паверх зоймуць гіпермаркет «Карона» і ягоны «брат» па продажы тэхнікі «Карона-Тэхна». На другім і трэцім — крамы моднага адзення, кавярні, банкі і салон прыгажосці.

Пад зводамі «Замка» ў найлепшых традыцыях заходніх гіпермаркетаў зойме сваё месца забаўляльны комплекс. Тут адкрыюцца начны клуб з трыма барамі, казіно, рэстараны аж на 1,5 тысячы чалавек, кінатэатр з трох залаў, зала гульнявых аўтаматаў і атракцыёны.

Але галоўная навінка — лядовая пляцоўка. У Еўропе без невялікай коўзанкі не абыходзяцца багатыя забаўляльныя цэнтры, цяпер мода перакідваецца і на Беларусь. Коўзацца можна цэлы год.

Танная копія Крамля

Гандлёвы цэнтр мусіў выглядаць падкрэслена «па-багатаму» і ўнутры, і звонку. «Архітэктурнае рашэнне спалучыла ў сабе эфектыўнасць тэхналогій і вобраз сучаснага чатырохпавярховага будынка з этнічнымі элементамі беларускіх замкаў», — гаворыцца на сайце кампаніі. Здалёк будынак выглядае больш велічным, чым зблізку, хоць ў любым выпадку не падобны да сапраўднага замка. Калі ж паглядзець уважліва, «

замкавыя» сцены з чырвонай цэглы насамрэч аказваюцца бутафорскімі пластыкавымі панэлямі, пафарбаванымі пад цэглу. Прычым гэтыя роўныя квадратныя панэлі прыклеілі акурат там, дзе ідзе закругленне фасада.
Нездарма скептыкі называлі «Замак» таннай копіяй Крамля.

Прэстыжнае месца

«Замак» знаходзіцца на праспекце Пераможцаў, каля транспартнай развязкі з вуліцай Арлоўскай. Надзвычай выгаднае геаграфічнае становішча — дабрацца сюды на аўтамабілі лёгка з любой часткі горада — дапаўняецца прэстыжным суседствам.

Адсюль не больш за 200 метраў да выставачнага цэнтра «БелЭкспа» і, галоўнае, да новай рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы, якую будуюць ударнымі тэмпамі. Такую пляцоўку даюць не кожнаму.

Дарэчы, для кіроўцаў прадугледжаны шасціўзроўневы бясплатны паркінг на 2000 месцаў. Стаянка будзе без сценаў, таму не варта спадзявацца, што ў «Замку» ўзімку ўдасца адагрэць замерзлы аўтамабіль.

Чый «Замак»?

Падрадчык «Замка» — кампанія «Тытунь-Інвест», якой валодаюць два непублічныя бізнэсоўцы. Калі асоба Паўла Тапузідзіса, мільянера з грэчаска-грузінскімі каранямі, усё ж раз-пораз узгадваецца ў СМІ, то імя ягонага кампаньёна Віктара Пятровіча цалкам ахінутае тайнай. У іх бізнэс-імперыю ўваходзіць вытворчасць цыгарэтаў «Тытунь-Інвест», гіпермаркеты «Карона» ў Мінску, Брэсце, Бабруйску і Віцебску, верталётны клуб у Ратамцы на беразе Мінскага мора…

У часе прэзідэнцкай кампаніі-2010 Павел Тапузідзіс быў старшынёй выбарчай камісіі на адным з мінскіх участкаў. Дэлегаваў яго «працоўны калектыў бухгалтэрыі ААТ «Тытунь-Інвест».

Кіраўніцтва справаў і «Лідо»

У многіх дакументах «Замак» фігуруе пад іншай назвай — «Мінск-Лідо». Замоўцам будынка з’яўляецца аднайменнае ЗАТ.

А вось брэнд «Лідо» ў Беларусі належыць непасрэдна Кіраўніцтву справаў прэзідэнта.

Латыш Гунарс Кірсанс, уладальнік сеткі хуткага харчавання ў сябе на радзіме, у 2004 адкрыў рэстаран на плошчы Якуба Коласа ў Мінску. Неўзабаве адзіным уласнікам «Лідо», якое пераўтварылася ў рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства, стала Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. За брэнд былі Кірсансу заплачаныя немалыя грошы — $1,5 мільёна.

Цікава, што яшчэ ў 2003 сталічныя ўлады абвесцілі, што ў Мінску будзе пабудавана як мінімум два «Лідо». Анансаваны, але нерэалізаваны «вялікі комплекс грамадскага харчавання па праспекце Машэрава» на 1300 пасадачных месцаў — гэта і ёсць «Замак» Тапузідзіса. Застаецца здагадвацца,

як тытунёвы магнат змог выкарыстаць брэнд, правам на які валодае Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

***

Самыя вялікія гандлёвыя цэнтры Мінска:

пабудаваныя

«Замак» — 28 000 кв.м*

«Сталіца» (пад плошчай Незалежнасці) — 21 100 кв.м

«Карона» (на Кальварыйскай) — 10 050 кв.м

«Еўропа» (на Сурганава) — 9 785 кв.м

ЦУМ — 8 825 кв.м

*плошча гандлёвых тэрыторый (паводле звестак Мінгарвыканкама)

у будоўлі і праектаванні

«Магніт Мінска» (каля Нацыянальнай бібліятэкі) — 34 300 кв.м

«Чэрвеньскі» (на месцы рынку) — 32 500 кв.м

«Маяк Мінска» (каля Нацыянальнай бібліятэкі) — 25 200 кв. м

Аўтавакзал «Цэнтральны» — 24 600 кв.м

Гіпермаркет Юрыя Чыжа (метро «Каменная Горка») — 21 000 кв.м

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?