Шмат беларусаў збіраецца гэтыя выходны правесці ў Вільні, наведаць забаронены ў Мінску канцэрт «Крамбамбулі», закупіцца ў віленскіх гіпермаркетах, пасядзець ва ўтульных віленскіх кавярнях. Але Вільня для беларусаў — гэта не проста бліжэйшая еўрапейская сталіца, а старажытная сталіца нашай гістарычнай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага, можна сказаць, музей беларускай гісторыі пад адкрытым небам. І ў гэтую нядзелю ёсць цудоўная магчымасць наведаць яго разам з беларусамі-віленчукамі, якія пагадзіліся правесці экскурсіі для ўсіх ахвотных беларусаў.

На аглядную экскурсію па беларускіх мясцінах цэнтру нашай гістарычнай сталіцы запрашае Валянцін Стэх.

Ён правядзе вас ад Вострай Брамы да вежы Гедыміна, пакажа славутыя Базылянскія муры, друкарню Францішка Скарыны ды шмат іншых віленскіх куточкаў, звязаных з беларускай гісторыяй і яе славутымі дзеячамі. Сустрэча на экскурсію — ля Вострай Брамы ў 12.00.
А ў 16.00 ад галоўнага ўваходу ў Чыгуначны вакзал выпраўляюцца ахвотныя трапіць на экскурсію ў вядомы некропаль — могілкі Роса.
Зладзіць экскурсію спадарыня Людвіка Вітушка. Разам з ёй вы зможаце наведаць магілы, даведацца пра жыццёвы шлях ды ўшанаваць памяць знакамітых дзеячоў беларускай гісторыі, такіх як браты Іван і Антон Луцкевічы, літаратары Францішак Аляхновіч, Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі) і Уладзіслаў Сыракомля , ксёндз-паэт Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч), архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі, археолаг і гісторык Яўстах Тышкевіч, гісторык Яўхім Лялевель ды многія іншыя.

Экскурсіі бясплатныя, але ахвяраванні экскурсаводам вітаюцца. Тэлефон для кантактаў у Вільні: +37060132952 (будзе працаваць 28—29 красавіка).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?