27 красавіка пачаўся Трэці фестываль беларускамоўнай рэкламы AD.NAK. Нават калі вы не прафесіянал, але заўжды марылі стварыць крэатыўную рэкламу на беларускай мове -- ёсць магчымасць зарэгістравацца на сайце adnak.by у якасці ўдзельніка і адправіць свае працы на разгляд журы.
Азнаёміцца з намінацыямі, у якіх сёлета давядзецца змагацца ўдзельнікам, можна на сайце фэста – усяго іх адзінаццаць. Ёсць нават узнагарода за найгоршы рэкламы праект, якім летась была прызнаная «Шакаладная Хатынь». Умовы ўдзелу можна ўбачыць тут
Вынікі будуць падведзеныя 5 ліпеня.
Ладзяць фестываль культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і праект Marketing.by. На сённяшняй прэс-канферэнцыі арганізатары і прадстаўнікі рэкламнага бізнэсу абмеркавалі запатрабаванасць беларускамоўнай рэкламы – паводле статыстычнага даследвання
55 % беларусаў жадаюць бачыць менавіта беларускамоўную рэкламу,казалі яны. А вось айчынныя вытворцы яшчэ не да канца ўсвядомілі, што рэклама па-беларуску – не толькі дадае ёй пэўную “разынку”, але і цалкам натуральна выглядае.
Ці стане рэклама на беларускай мове моднай?
Замежныя кампаніі часцей за айчынныя настойваюць на стварэнні ролікаў, плакатаў і іншай рэкламы на мове краіны, у якую прыходзяць.Магчыма вынікі Трэцяга фэсту AD.NAK дадуць беларускім кампаніям стымул замаўляць менавіта беларускую рэкламу, бо па якасці яна не саступае рэкламе расейскамоўнай, а часам бывае куды болей крэатыўнай.
На першы фэст прыйшло 105 працаў, на другі – 272. Відаць, і сёлета выбіраць будзе з чаго.





