Вызваленне былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і члена яго каманды Дзмітрыя Бандарэнкі «паказвае сілу ЕС». Пра гэта вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан заявіла еўрапарламентарыям у Люксембургу 17 красавіка.

«Я задаволеная, што ў Беларусі спадары Саннікаў і Бандарэнка вызваленыя з турмы. Мы падтрымліваем сувязь, і я сапраўды спадзяюся, што, магчыма, у Беларусі ў нас ёсць шанц», — сказала Эштан на пасяджэнні, што транслявалася ў жывым эфіры сайтам Еўрапарламента.

Паводле слоў дыпламата, гэта вызваленне паказвае, чаму для ЕС так важна захоўваць адзінства.

Саннікаў і Бандарэнка былі арыштаваны пасля насільнага разгону апазіцыйнай акцыі пратэсту ў Мінску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Дабіваючыся вызвалення і рэабілітацыі іх і іншых апанентаў улады, ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да соцень прадстаўнікоў беларускай дзяржавы і дзясяткаў беларускіх кампаній.

5 красавіка на нарадзе па знешняй палітыцы Лукашэнка заявіў, што ў хуткім часе разгледзіць пытанне аб памілаванні некаторых асуджаных апазіцыйных палітыкаў. Саннікаў і Бандарэнка былі вызваленыя на мінулым тыдні.

Паводле звестак беларускіх праваабаронцаў, у месцах пазбаўлення волі застаюцца яшчэ 13 палітзняволеных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?