Збіццё, ператрусы, гібель калегі, арышт, турма і пабег з краіны. Тое, што перажыла 32-гадовая галоўная рэдактарка сharter97.org Наталля Радзіна за апошнія некалькі гадоў, магло б зламаць кожнага. Яе не зламала. Цяпер Радзіна жыве ў Вільні, цудоўна выглядае і, як падалося, з задавальненнем распавядае пра асаблівасці па-ранейшаму любімай працы. Мы сустракаемся з ёй у адной з віленскіх кафэшак, каб пагутарыць пра канфлікты з калегамі, адсутнасць самацэнзуры ў рэдакцыі і тое, што «расслабляцца неразумна».

«Нават у турме Змітру Бандарэнку казалі, што трэба адмяніць прэмадэрацыю на „Хартыі“»

Якая мэтавая аўдыторыя «Хартыі»?

Гэта, перш за ўсё, вальнадумныя людзі, якія хочуць атрымліваць бесцэнзурную інфармацыю. Людзі, якія сёння не могуць чытаць незалежных газет, бо не кожнаму дастаецца «Народная воля» і «Наша ніва». Людзі, якія не могуць глядзець незалежнае тэлебачанне. І яны ідуць за інфармацыяй у інтэрнэт.

У вас — 100 тыс. унікальных наведнікаў на дзень. Ёсць тэорыя, што адна з прычын вашай папулярнасці ў тым, што чытанне «Хартыі» носіць тэрапеўтычны эфект — людзі ходзяць да вас, каб яшчэ і пасмяяцца з улады, з таго, якія загалоўкі вы даяце…

Мы не толькі даём інфармацыю, мы яшчэ даём магчымасць выказвацца на сайце. Гэта таксама вельмі важна. Сёння людзі не могуць данесці свой пункт гледжання, і ім важна, што іх каментары з’яўляюцца на сайце, што яны маюць зносіны адзін з адным.

Да «Хартыі» ёсць некалькі папулярных прэтэнзій. Што ёсць прэмадэрацыя каментароў, што не існуе, скажам так, другога меркавання…

Прэмадэрацыя неабходная. На некаторых іншых незалежных сайтах, у якіх няма прэмадэрацыі, чытаць каментары немагчыма. Бо велізарная колькасць троляў, працаўнікоў КДБ, якія цэлымі аддзеламі сядзяць і пішуць каментары. Мы супрацоўнікаў КДБ на сайт не пусцім. І спецслужбы гэта моцна напружвае. Нават у турме Змітру Бандарэнку казалі, што трэба адмяніць прэмадэрацыю на «Хартыі».

Што тычыцца другога меркавання, то я не бачу сэнсу даваць слова ўладам, бо ў іх ёсць у руках усе СМІ. У іх ёсць тэлебачанне, «Советская Белоруссия» з вялізным накладам, вялікая колькасць радыёстанцый.
Гэта як калі б у часы фашысцкай Германіі нямецкія партызаны давалі слова Гёбэльсу і публікавалі яго тэксты. Навошта? Вядома ж, мы з задавальненнем даем слова чыноўнікам, з задавальненнем цытуем тое трызненне, што яны нясуць. Словы Лукашэнкі на сайце таксама прысутнічаюць, іншая рэч, што ёсць наша асабістая ацэнка, ёсць контраргументацыя.

Як наогул выглядае праца рэдакцыі?

Ёсць я як галоўны рэдактар, ёсць яшчэ журналісты, перакладчыкі, людзі з тэхнічнага аддзела. Сёння гэта каля 15 чалавек. Людзі працуюць і ў Менску, і ў Польшчы, і ў Вільні, і нават у Францыі ды Швецыі. Усе планёркі, як правіла, праходзяць па Skype. Планы і тэмы абмяркоўваюцца па меры неабходнасці.

Як вы працуеце ў тыя дні, калі нейкія важныя падзеі адбываюцца ў Менску?

Шмат працуем. Увесь час на сувязі з Менскам. Для гэтага ёсць тэлефоны, інтэрнэт. Нейкіх вялікіх нязручнасцяў з той прычыны, што мяне няма ў Менску, я не адчуваю.

Наадварот, сёння «Хартыя» можа дазволіць сабе пісаць значна больш, чым раней.
Сёння супраць нас не могуць адкрыць крымінальныя справы, мяне не могуць збіць і пасадзіць у турму, у нас не могуць канфіскаваць тэхніку. Сёння ў нас няма самацэнзуры, і мы можам пісаць тое, што, на жаль, не могуць пісаць журналісты ўнутры краіны.

«Гэта будзе вельмі дарагі сайт»

Як будзе выглядаць «Хартыя» пасля таго, як улада зменіцца?

Па-першае, гэта будзе вельмі дарагі сайт. Па-другое, трэба будзе развіваць працу, будзем імкнуцца да таго, каб зрабіцца холдынгам.

Якія бягучыя планы?

Плануем рэдызайн. Будзем займацца далейшым развіццём сайта. Сайт будзе зручнейшы, больш багаты змястоўна.

Якія ў вас цяпер суадносіны матэрыялаў, што перадрукоўваюцца, і сваіх артыкулаў?

70% чужых на 30% уласных. Цяпер вельмі шмат інфармацыі да нас прыходзіць з розных крыніц, шмат навін паведамляюць чытачы, ёсць «злівы» з уладных структур. Плюс мы перакладаем практычна ўсе матэрыялы пра Беларусь з замежных СМІ, якія з’яўляюцца ў інтэрнэце. Адразу ж магу сказаць з нагоды абвінавачванняў у тым, што мы нешта нібыта некарэктна перадрукоўваем: ёсць адкрытыя крыніцы інфармацыі, і навіна не ёсць аб’ектам аўтарскага права. Паводле таго ж прынцыпу, што і мы, працуюць усе буйныя інфармацыйныя сайты.

Вядома, мы заўсёды акуратна ставім гіперспасылку на ўсе крыніцы.

Наколькі звязаная палітызаванасць грамадства з колькасцю «зліваў» ад чытачоў?

Пасля прэзідэнцкіх выбараў наведвальнасць вырасла ў два разы. Плынь інфармацыі ад чытачоў таксама павялічылася мінімум удвая. Мы першыя напісалі пра арышт Шаўцова. Нам гэта паведамілі яго калегі. Мы першыя напісалі пра разгром офіса МММ у Беларусі. Нам злівалі дакументы з парадку дня пасяджэнняў у Лукашэнкі, з нагоды чаго ва Уладзіміра Макея была істэрыка. І людзі нам усё гэта шлюць, бо ведаюць, што «Хартыя» гэта надрукуе.

Людзі з уладных структур разумеюць, што трэба паведамляць пра гэта, бо са сваім уласным бясчынствам яны самі справіцца не могуць. Плюс развіваецца грамадзянская журналістыка. Вельмі шмат простых людзей пішуць пра тое, у якіх цяжкіх умовах яны вымушаныя працаваць на прадпрыемствах, як ім скарачаюць заробкі, як яны страйкуюць. Не заўсёды праваабаронцы і сябры апазіцыйных партый ёсць на месцах. І чалавек проста сядае за кампутар і піша на «Хартыю». Затым далучаюцца іншыя незалежныя СМІ, і тэму раскручваюць.

Вы назвалі «Хартыю» дарагім сайтам. Колькі ён каштуе?

Не магу сказаць ніякай дакладнай сумы. Сёння кожны з нас выконвае сваю місію. Мая місія ў тым, каб даносіць да людзей інфармацыю. Я магла б з’ехаць з краіны, атрымаць статус бежанца і жыць на грашовую дапамогу ў больш багатай краіне, чым Літва. Я наогул не атрымліваю тут ніякай дапамогі. Але я рвалася менавіта сюды, каб працягваць працу. Пакуль ні пра які продаж сайта я, вядома, не думаю. Мяне гэта цяпер не цікавіць.

Былі нейкія размовы? Хтосьці звяртаўся з прапановамі?

Адкажу так: людзі разумеюць, што гэта дарагі прадукт.

«Нервовая рэакцыя ўладаў на працу „Хартыі“ — пацверджанне нашай уплывовасці»

Вы займаецеся цяпер тым, чым хацелі б займацца ў ідэале?

Пакуль я не думаю, што магла б займацца чымсьці іншым. Я паступала на факультэт журналістыкі, бо марыла быць журналістам. Мая мара не змянілася. Вядома, хацелася б працаваць у іншых умовах. Але калі ўжо так атрымалася, я ні пра што не шкадую. Думак працаваць на беларускім ТБ у мяне ніколі не было.

З 18 гадоў я працую выключна ў незалежных СМІ. Пачынала ў газеце «Імя», потым былі «Народная воля», «Навіны», «Наша свабода», а потым ужо «Хартыя».
Я працую ў «Хартыі» з 2001 года.

Як вы ўяўляеце ідэальную сітуацыю для працы?

Ідэальная праца — калі ты рэальна кантралюеш уладу, калі ты можаш уплываць на прыняцце рашэнняў, важных для краіны. У гэтым задача журналіста.

Калі мы можам праводзіць журналісцкія расследаванні, прыжучваць прадажных чыноўнікаў, пісаць пра карупцыю ва ўладзе. Калі журналіст бачыць канкрэтны вынік сваёй працы.

«Хартыя» — уплывовы сайт?

Вядома ж, уплывовы. І нервовая рэакцыя ўладаў на працу «Хартыі» — гэтаму пацверджанне. Узгадайце, якая вакханалія рабілася за год да прэзідэнцкіх выбараў. Супраць нас былі адкрытыя тры крымінальныя справы, мяне збілі, двойчы быў фактычна абрабаваны офіс, потым мая кватэра, Алег Бябенін загінуў, а я потым апынулася ў турме. Гэта доказ эфектыўнасці працы.

Як выглядае ваш працоўны дзень?

Устаеш, а 8-й раніцы і адразу ідзеш да камп’ютара. Працуеш да 7-й ці 8-й гадзіны ўвечары, потым адыходзіш на некалькі гадзін, вяртаешся і глядзіш, што за гэты час адбылося. Журналістыка — гэта прафесія, у якой нельга працаваць як на заводзе, з 9-й да 18-й — і да пабачэння. Ты ўвесь час павінен быць у курсе падзей, сайт не можа спаць, і адпаведна, не спіш і ты.

«Для мяне канфлікт можа быць толькі з уладай»

Вы ў Вільні пачуваецеся бяспечна?

У нашай сітуацыі расслабляцца неразумна, калі адлегласць паміж Вільняй і Менскам вельмі малая. Вядома, я пачуваюся ў значна большай бяспецы, чым у Беларусі. Калі я выйшла з турмы і заявіла, што буду працягваць працаваць рэдактарам «Хартыі», мяне саслалі ў Кобрын. Штораніцы я адчыняла ноўтбук, і, перш як пачаць працу, мне трэба было перамагчы страх. Бо калі ты баішся, ты не зможаш працаваць. Перыядычна, калі ім не падабаліся нейкія матэрыялы, мяне забіралі ў КДБ.

Тут я не баюся, што мне пазвоняць у дзверы і павязуць у КДБ.
Але час ад часу атрымліваю нейкія SMS з пагрозамі, з якіх зразумела, што яны ведаюць, дзе я, куды я езджу, з кім маю зносіны. Імкнуся проста не звяртаць на гэта ўвагі. Бо страх замінае працаваць, яго трэба проста гнаць ад сябе.

Не шкадуеце, што з’ехалі?

Заставацца было нельга. Было відавочна, што працаваць не дадуць. Гэта даказаў і год да прэзідэнцкіх выбараў, і пасля, калі я сядзела ў Кобрыне і атрымала ад КДБ загад не пісаць ацэначных матэрыялаў. Я не магла ў Беларусі расказаць нават пра тое, што са мной адбывалася ў турме, пра гэта я распавядала ўжо, калі была ў Маскве, а потым у Літве. Было зразумела, што я закладнік, якога яны будуць выкарыстоўваць, каб уплываць на палітыку сайта.

І было два варыянты: адмовіцца ад працы або ўцячы і працягваць працаваць. Не было іншых варыянтаў.
Мне не давалі пацвярджаць словы Алеся Міхалевіча аб катаваннях. Я пацвердзіла, тут жа зноў былі пагрозы. Калі я заклікала да эканамічных санкцыяў, мяне тут жа затрымалі, прыязджаў аператыўнік з Менска, які пагражаў вярнуць мяне ў турму. Сёння я магу свабодна заклікаць да эканамічных санкцыяў.

Якіх журналістаў вы заўсёды чытаеце?

Я заўсёды чытаю Святлану Калінкіну, само сабой, Ірыну Халіп, Анджэя Пачобута. Наогул жа, па сваёй працы, чытаю або як мінімум праглядаю ўсіх.

У беларускай журналістыцы, нават незалежнай, нямала канфліктаў. Нават паміж людзьмі, якія быццам бы адной мэтай аб’яднаныя…

У мяне няма ні з кім крыўдаў. Я ў чымсьці рэзкі чалавек, але бесканфліктны, як гэта ні парадаксальна.

Для мяне канфлікт можа быць толькі з уладай, канфлікту з калегамі ў мяне быць не можа ніколі.
Я заўсёды імкнуся вырашыць усе пытанні мірна. Так, я магу часам не мець рацыі. І калі я гэта разумею, знаходжу ў сабе сілы папрасіць прабачэння.

Вы калісьці паставілі на «Хартыі» загаловак пра Паўла Шарамета, што ён «з’ехаў з глузду», пракаментаваўшы такім чынам адну з яго калонак.

Яго тэксту цяжка было знайсці разумнае тлумачэнне, таму ўзнікла такое здзіўленне — што гэта было? І такое здараецца. Тым не менш, у нас з Паўлам добрыя адносіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?