Месячны праязны на ўсе віды транспарту ў Мінску з 5 красавіка будзе каштаваць больш за 111 тысяч рублёў (раней — 92.300).

Як паведамлялася раней, з заўтрашняга дня праезд на ўсіх відах грамадскага транспарту сталіцы даражэе з 1.300 да 1.500 рублёў. Пры куплі ў вадзіцеля талон будзе каштаваць 1.700 рублёў, а паездка на экспрэсным аўтобусе абыдзецца ў 2.100 рублёў.

Новыя тарыфы ўстаноўлены ў адпаведнасці з рашэннем Мінгарвыканкама, апублікаваным 4 красавіка ў газеце «Минский курьер».

Месячны праязны на адзін від транспарту будзе каштаваць 61.600 рублёў (раней — 51.200), на два — 82.400 (68.400), на тры — 98.200 (81.600).

Нагадаем, з 1 лістапада мінулага года ў Мінску адменена рэгуляванне тарыфаў на аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у маршрутных таксі. Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права самастойна ўстанаўліваць тарыфы на такія перавозкі «на аснове планавых расходаў, падаткаў і іншых абавязковых плацяжоў, устаноўленых заканадаўствам, і прыбытку, з улікам кан’юнктуры рынку, разлічанай зыходзячы з нарматыву рэнтабельнасці не больш за 15%».

Апошні раз тарыфы на праезд у грамадскім транспарце Мінска павялічваліся ў лістападзе 2011 года — з 950 да 1.300 рублёў за паездку.

Гарадскія ўлады прапануюць зрабіць праезд у метро даражэйшым за праезд у наземным транспарце, але пакуль рашэнне па гэтым пытанні не прынята.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?