Старшыня Еўрапейскага парламента Марцін Шульц заклікаў вызваліць актывіста Кансэрватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленку, які трымае галадоўку.

Шульц абмяркоўваў сітуацыю ў Беларусі падчас сустрэчы ў еўракамісарам у пытанні пашырэння і палітыкі еўрапейскага суседства Штэфанам Фюле. Пасля сустрэчы Марцін Шульц зрабіў наступную заяву: «

Мяне жахае ўсё горшая сітуацыя з правамі чалавека і палітычнымі свабодамі ў Беларусі. Рукі беларускіх уладаў будуць у крыві, калі ён памрэ.

Працяглая галадоўка зняволенага апазіцыйнага актывіста Сяргея Каваленкі падкрэслівае парушэнні дэмакратычных прынцыпаў і непавагу да вяршэнства закону.

Жыццё Каваленкі цяпер пад пагрозай у сувязі з галадоўкай супраць яго несправядлівага зняволення. Я заклікаю беларускія ўлады вызваліць яго неадкладна і безумоўна, і забяспечыць яму неабходную медычную дапамогу.

Я паўтараю свой заклік вызваліць і рэабілітаваць ўсіх астатніх палітычных зняволеных, у тым ліку двух былых кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Андрэя Саннікава, выбітнага праваабаронцу Алеся Бяляцкага,
апазіцыйных актывістаў Дзмітрыя Бандарэнку, Мікалая Аўтуховіча, Дзмітрыя Дашкевіча, ды іншых.
Я таксама хацеў бы паўтарыць свой асабісты зварот да прэзідэнта Лукашэнкі, памілаваць Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, якія чакаюць смяротнага пакарання,
пасля таго як Вярхоўны Суд Беларусі зацвердзіў іх прысуд. Мы выступаем супраць смяротнага пакарання ў любых абставінах, і мы заклікаем Беларусь, апошнюю краіну ў Еўропе, якая выкарыстоўвае яго, увесці мараторый на смяротнае пакаранне.
Еўрапарламент выкажа глыбокую заклапочанасць па гэтых справах у рэзалюцыі ў гэты чацвер.
Мы глыбока шкадуем, што такая пазіцыя ўладаў захоўвае адносіны паміж Беларуссю і Еўразвязам замарожанымі.

Грамадзяне Беларусі заслугоўваюць лепшага. Еўрапарламент вельмі падтрымлівае грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя імкненні беларускага народу, і заахвочвае ўлады ў Мінску пазітыўна адрэагаваць на прапанову Еўразвязу спрасціць візавы рэжым для беларускіх грамадзян».

Сяргей Каваленка галадае ад 19 снежня. Гэта ягоны пратэст супраць крымінальнага абвінавачання.
Актывіста вінавацяць у парушэнні рэжыму адбывання «хатняй хіміі» — умоўнага пакарання, прысуджанага яму за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны 7 студзеня 2010 года на гарадской навагодняй яліне ў цэнтры Віцебска. Падчас галадоўкі Каваленку кармілі прымусова, але ён адмовіўся спыніць галадоўку.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?