Малады афіцэр Праляскоўскі ўдзельнічае ў інтэлектуальнай віктарыне, рок-гурт «Крама» выступае ў прайм-тайм. Гэта забытыя кадры БТ пачатку 90-х, якія Алесь Круглякоў, папулярны вядучы, які сышоў з БТ пасля «закручвання гаек», выкладае ў інтэрнэт. Карэспандэнт «НН» пагутарыў з ім пра тое, як змянілася беларускае тэлебачанне.

«Наша Ніва»: БТ пачатку 1990-х і сённяшні «Беларусь-1»: у чым Вы бачыце асноўную розніцу?

Алесь Круглякоў: Меркаваць аб сённяшнім тэлебачанні я магу як глядач. Першае прынцыповае адрозненне — тэхнічная аснашчанасць. У 90-я нацыянальны канал быў даволі местачковым і бедным. Праграмы запісваліся на аграменныя бабіны і манціраваліся на відэамагнітафонах велічынёй з шафу. Хадзіла байка, што падчас мантажу ў апаратную прывялі дэлегацыю з Германіі.

Немцы сказалі: «Цікавы ў вас музей! А дзе сапраўдная тэхніка працуе?»
Калі на першыя даходы ад спонсараў мы купілі суперсучасны камп’ютар, да нас з іншых паверхаў прыходзілі набіраць сцэнары, бо ва ўсіх тады стаялі друкаркі з каменнага веку.

Тагачаснае БТ крытыкавалі за другаснасць: многія праграмы былі клонамі маскоўскіх праектаў — «Взгляда», «Спокойной ночи, малыши» альбо «Поля чудес». Рэклама каштавала капейкі, грошай нават на вартае афармленне студыі не хапала.

Яшчэ адно важнае адрозненне БТ 90-х — беларускамоўнае вяшчанне. Усе праграмы выходзілі па-беларуску.
Многія, напэўна, памятаюць, як карэспандэнт задаваў на вуліцы пытанне па-беларуску, а мінакі, якія не надта ведалі мову, усё роўна спрабавалі падбіраць словы і адказваць. Расійскамоўныя журналісты, каб працаваць у эфіры, вучылі мову.

«НН»: Ці была цэнзура на БТ у пачатку 90-х?

АК: Пэўны час было такое пачуццё, што нам увогуле ніхто і нічога не можа забараніць — што б мы ні казалі. Мы тады рабілі грамадска-палітычную праграму «Крок», якая трымалася на гарачых тэмах. Так, над намі яшчэ сядзелі рэдактары камуністычнага гарту, якія маглі і ад эфіру адлучыць на тыдзень-другі. Але бачна было, што робяць яны гэта з аглядкай, нібыта саромеючыся. Апафеоз страху быў падчас маскоўскага путчу 1991-га, калі раптам знялі з эфіру ўсе праграмы, а ў калідорах пачалі шаптацца пра аднаўленне цэнзуры і звальненні па ідэалагічных матывах. Але, як толькі ўсё скончылася, асцярогі зніклі.

«НН»: А ў які момант на БТ пачаўся крэн у бок прапаганды?

АК: Прыкладна ў 95-м. Тады мне давялося працаваць у службе навінаў, на пярэдняй лініі фронту. Планы былі грандыёзныя — рабіць у Беларусі сучасныя навіны, не горш за канал НТВ, які тады справядліва лічыўся эталонам. Аднак паступова гайкі пачалі закручвацца, і ўсе зразумелі, што Агенцтву тэлевізійных навінаў адводзіцца іншая функцыя. Менш чым за год АТН згубіла частку каманды, якая яе і стварала.

А потым прыйшло новае пакаленне — амбітнае і ідэалагічна правільнае, якое і сфармавала выгляд сучасных навінаў.

«НН»: На Вашу думку, чаму Вас у выніку адхілілі ад працы?

АК: Калі верыць афіцыйнай версіі — таму, што скончыўся тэрмін дамовы. Але ж гэтую дамову літаральна за пару тыдняў да таго працягнулі яшчэ на год. Больш шчырай падаецца фармулёўка, якую я пачуў у прыватнай размове ад аднаго з тагачасных кіраўнікоў кампаніі: пэўныя таварышы палічылі мяне «неблагонадёжным». Дагэтуль не ведаю, успрымаць гэта як крыўду альбо як камплімент.

«НН»: Колькі Вы зараблялі тады на БТ?

АК: Тэлебачанне, напэўна, было самым нявыгадным месцам працы для журналістаў. Супрацоўнікі газет ды часопісаў зараблялі нашмат болей. Пазней, калі з’явіліся першыя камерцыйныя магчымасці, спонсары ды рэклама, некаторыя абароцістыя калегі пачалі рабіць прыбытковыя праекты. Але з заробкамі, скажам, маскоўскіх тэлевізійнікаў параўноўваць было смешна.

«НН»: Наколькі цікавы Вам сённяшні канал «Беларусь-1»?

АК: Я аддаў гэтаму каналу 15 год жыцця і, натуральна, стараюся сачыць за тым, што там адбываецца. На жаль, забаўляльнае вяшчанне ахвяраванае канкурэнтам з АНТ, а замест гэтага зроблены крэн у бок афіцыёзна-прапагандысцкай тэматыкі.

Некаторыя праграмы фізічна немагчыма глядзець з-за іх падкрэсленай агрэсіі ды хлусні. Тым, хто абраў для сябе такое амплуа, хочацца сказаць: вялікага таленту не трэба, каб праславіцца як прыдворны хам і падхалім.
Нашмат складаней зарабіць такую папулярнасць, каб гледачам хацелася падысці і паціснуць вам руку. Я такіх людзей ведаю, але многія з іх працуюць ужо не ў Беларусі.

«НН»: Якія цяперашнія праекты лічыце найбольш удалымі?

АК: Неаспрэчнай удачай я лічу спартовыя трансляцыі. Справа гэта не з танных, але нашы гледачы ўжо адчулі смак вялікіх сусветных спаборніцтваў, так што выдаткі сябе апраўдваюць. Прыемна здзівіла арганізацыя дзіцячага «Еўрабачання». Хоць кажуць, што трансляцыяй займалася выключна англа-нямецкая брыгада, якая нават не падпусціла да камер мясцовых аператараў. Увогуле, часам здаецца, што на дзіцячым і дарослым «Еўрабачанні» выступаюць дзве розныя Рэспублікі Беларусь, з рознымі камандамі рэжысёраў, аўтарамі песень і выканаўцамі. Адной з гэтых краін ёсць нагода паапладзіраваць, з другой застаецца толькі жартаваць.

«НН»: Якія праграмы БТ 90-х, на Вашу думку, варта было б аднавіць сёння?

АК: Я б вярнуў на экраны жанр «Карамболя» з гасцямі ў студыі. Канцэпцыя была пазычаная ў славутых амерыканскіх шоу з Джэем Лена і Дэвідам Летэрманам. Ну і самае дзіўнае — на БТ вельмі цяжка з гумарам. Здавалася б, і людзі вясёлыя, умеюць і любяць пажартаваць, а тэлевізар уключыш — зашпіленыя на ўсе гузікі. І перадач гумарыстычных зусім няма.

«НН»: Калі б Вас запрасілі вярнуцца на БТ, ці пагадзіліся б?

АК: Калі я прыйшоў на тэлебачанне, у краіне існаваў усяго адзін тэлеканал, і было б глупствам адмаўляцца ад працы выключна таму, што ён кантраляваўся камуністычнай партыяй. У тых, хто хацеў рэалізаваць сябе ў прафесіі, проста не было з чаго выбіраць. Затое для сябе кожны праводзіў маральную рысу, за якую ён не мог пераступіць. На гэтым і будаваліся ўзаемаадносіны з каналам. Я выдатна ведаю, што мне цікава было б рабіць на экране, а на што я ніколі не падпішуся. І астатнія гэта таксама ведаюць. Калі хтосьці на БТ палічыць, што ім гэта трэба, — тады і пагутарым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?