Некаторыя з іх запрацавалі напоўніцу зусім нядаўна. Напрыклад, у «Лагойску» сезон распачаўся 11 студзеня. Пракат лыжнага набору (лыжы+палкі+боты) на 1 гадзіну тут каштуе 30–50 тысяч рублёў у буднія і выходныя дні адпаведна. Дзецям — удвая танней. Дзённы абанемент абыдзецца ў 145 тысяч рублёў (120 — у працоўныя дні). Столькі ж каштуе пракат сноўбарда — дошка і боты ў камплекце.

Ніколі не стаялі на лыжах ці сноўбардзе? Не бяда, інструктар вас навучыць. Праўда, за дадатковыя 140 тысяч (1 гадзіна індывідуальных заняткаў) ці 50 тысяч рублёў (за гадзіну групавых заняткаў).

Скаціцца з горкі на спецыяльным коле — цюбінгу — каштуе 5 тысяч рублёў. Дарэчы, катацца на ім можна цэлы год
. Летам трасу пакрываюць штучным матэрыялам накшталт лёду.

Шчаслівыя ўладальнікі ўласных лыжаў ці сноўбарда змогуць ашчадзіць на пракаце спортінвентару. А вось за падымальнік плаціць давядзецца ўсім. Кошт 1 пад’ёму — 10 тысяч рублёў. Можна набыць абанемент (120–140 тысяч рублёў) і катацца хоць да страты прытомнасці.

У «Сілічах» вам прапануюць скаціцца з гары ў… празрыстым шары! Называецца такая паслуга — зорбінг (ад словаў z-orb — невядомая арбіта).

Кошт 1 спуску — 30 тысяч рублёў.
Не хвалюйцеся, што зімой вы змерзнеце ў тым шары: спуск доўжыцца не больш за хвіліну. А ўражанняў хопіць надоўга.

Пракат лыжаў і сноўбарда ў «Сілічах» крыху даражэйшы: 60 тысяч за гадзіну (40 — у працоўныя дні) ці 140–180 тысяч — за цэлы дзень. За спортінвентар Прэміум-класа давядзецца выкласці ўдвая больш.

Апроч звычайных лыжаў, можаце паспрабаваць сноўблэйд — «снежнае лязо».
Гэта кароткія лыжы (да 100 см, іх яшчэ называюць «недалыжы»). Кошт пракату на 1 гадзіну — 16–24 тысячы рублёў, за дзень — 56–72 тысячы.

Спуск на цюбінгу ў «Сілічах» каштуе 20 тысяч. Сярод іншых паслугаў ёсць пракат бегавых лыжаў, санак і нават снегахода.

А вось у парку «Якуцкія горы», што непадалёк ад найвышэйшай кропкі Беларусі гары Святая (Дзяржынская), адкрыццё лыжнага сезону зацягнулася. Раней можна было пакатацца толькі на квадрацыклах (25 тысяч рублёў за 1 км). Учора-сёння ўмовы надвор’я палепшалі і павінна запрацаваць лыжная траса, траса снегаходаў і цюбінгу.

Дачакалася снегу і «Сонечная даліна» — гарналыжны цэнтр ў Курасоўшчыне. Зараз тут працуе толькі вучэбная траса.

***

Як дабрацца да курортаў?

«Лагойск» — 35 км ад Мінска па трасе М3, грамадскі транспарт ад аўтавакзала «Маскоўскі» кожныя 30 хвілін.

«Сілічы» — 32 км ад Мінска па трасе М3.

«Якуцкія горы» — 37 км ад Мінска. Па гродзенскай трасе да павароту на Дзяржынску, адтуль да павароту на Івянец. Праз Скірмунтава і Скарабагатаўшчыну да вёскі Якуты.

«Сонечная даліна» — Мінск, Казінца, 81.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?