— Такія грошы нам толькі сніліся, — гэта ўсё, што могуць сказаць мясцовыя жыхары, даведаўшыся навіну пра свайго суседа.

Крадзеж у аднаго са старшыняў СВК Дзятлаўскага раёна абмяркоўвае ўвесь раён. Раняй раніцай злодзей вынес з хаты кіраўніка 26 тыс. 640 даляраў, 30 тысяч еўра і амаль 4 мільёны рублёў. Акрамя таго, злодзей прыхапіў з сабой пудзіла афрыканскай ільвіцы коштам 1000 даляраў.

Кажуць, злачынец доўга рыхтаваўся да крадзяжу: назіраў за домам, сачыў, калі сыходзяць і вяртаюцца гаспадары, а раніцай залез у хату праз незачыненае акно ў кацельні і вынес усе зберажэнні. Нягледзячы на тое, што мужчына працаваў у пальчатках, яго вельмі хутка вылічылі следчыя і затрымалі. Ім аказаўся 44-гадовы сусед: ён не паспеў выдаткаваць ні капейкі, і грошы ў цэласці вярнулі пацярпеламу. У дачыненні да затрыманага ўжо распачалі крымінальную справу, яму пагражае ад 3 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Вёска, у якой адбылося гучнае злачынства, досыць вялікая — 840 чалавек. Вось ужо паўтара года СВК узначальвае малады кіраўнік, які раней працаваў галоўным аграномам. Жыве ён у службовым доме і ездзіць на службовым «Шэўрале».

— Гэтая сума — мае зберажэнні з 2003 года, а пудзіла ільвіцы калісьці падарылі, — неахвотна кажа пацярпелы.

— На што вы збіралі грошы? Проста такая вялікая сума — і вы захоўвалі яе дома…

— Я лічу, што такая сума амаль у кожнага ёсць.

— Прабачце, а колькі вам гадоў?

— Хутка будзе 30. Да пабачэння.

Дарэчы, калгас, у якім усё адбылося, не на найлепшым рахунку ў раённага начальства па эканамічных паказчыках.

— Па зводках ён дзесьці ніжэйшы за сярэдняе. Сярэдняя зарплата па СВК — 1 мільён 400 тысяч, а ў кіраўніка — крыху больш за тры. Праўда, з 1 студзеня павысілася да 4,6 мільёна, — кажуць ва ўпраўленні эканомікі Дзятлаўскага райвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?