Яўген Кулік рэстаўруе карціну Драздовіча.

Яўген Кулік рэстаўруе карціну Драздовіча.

Мірскі замак, якім бачыў яго Яўген Кулік.

Мірскі замак, якім бачыў яго Яўген Кулік.

...А так ён увасобіў замак у графіцы.

...А так ён увасобіў замак у графіцы.

Ілюстрацыя Яўгена Куліка да рамана Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні".

Ілюстрацыя Яўгена Куліка да рамана Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні".

Суполка "На паддашку" з Уладзімірам Караткевічам. Яўген Кулік стаіць чацверты злева.

Суполка "На паддашку" з Уладзімірам Караткевічам. Яўген Кулік стаіць чацверты злева.

Вільня. Мастакі ў Зоські Верас. 1978.

Вільня. Мастакі ў Зоські Верас. 1978.

На выставе "Мікола Гусоўскі і яго час". Студзень 1981. Кулік з Прэзідэнтам АН БССР М.Барысевічам.

На выставе "Мікола Гусоўскі і яго час". Студзень 1981. Кулік з Прэзідэнтам АН БССР М.Барысевічам.

Мастакі ў Зэльве ў Ларысы Геніюш.

Мастакі ў Зэльве ў Ларысы Геніюш.

Падчас падрыхтоўкі твораў М.Сеўрука да выставы: Яўген Кулік і Віктар Маркавец з дзецьмі Змітром і Таццянай. 1980.

Падчас падрыхтоўкі твораў М.Сеўрука да выставы: Яўген Кулік і Віктар Маркавец з дзецьмі Змітром і Таццянай. 1980.

...Недасведчаныя, або проста маладыя беларусы сёння не здагадваюцца, колькі людзей у свеце свята шануюць памяць пра Яўгена Куліка — геніяльнага мастака, які стаяў ля вытокаў беларускага культурнага і палітычнага адраджэння канца ХХ ст.

Яго сябры, вучні ды паплечнікі 12 студзеня, на дзесяцігоддзе смерці мастака, сабраліся разам на адкрыццё выставы яго графікі «Кніжнік» і прэзентацыі кнігі ўспамінаў «Жыццяпіс» у сталічнай галерэі «БелАРТ».
Былі мастакі й літаратары, грамадскія дзеячы: Уладзімір Арлоў, Алесь Разанаў, Сяргей Панізнік, Алесь Марачкін, Рыгор Сітніца, Мікола Купава. Прысутныя сказалі нямала прачулых і кранальных словаў шчырае ўдзячнасці Яўгену Куліку, у тым ліку і моваю паэзіі.
Калі гаворыш пра Куліка, цяжка пазбегнуць пафасу.
Як сказаў адзін з прамоўцаў, гэтая постаць як гара, будзе вырастаць з году ў год, чым далей мы будзем ад яе адыходзіць. Чалавек згуртаваў вакол сябе бліскучую плеяду беларускае інтэлігенцыі — мастакоў, літаратараў, гісторыкаў, стварыў дзяржаўны герб незалежнае Беларусі. Кулік назаўжды застанецца сімвалам непадкупнасці і нязломнасці, няскоранасці духу.
Ён пакінуў не толькі вялікую творчую спадчыну, але і багата светлых успамінаў пра сябе,
частка з якіх склала змест кніжкі «Жыццяпіс». Кнігу ўспамінаў пра мастака прэзентавалі яе ўкладальнікі, даўнія сябры і аднадумцы мастака, Уладзімір Крукоўскі і Віктар Маркавец. Гэтае выданне папярэднічае большаму альбому твораў Куліка, што сёлета павінна выйсці ў Мінску да ягонага 75-годдзя.

Разам са сваім аднадумцам, Лявонам Баразной, якога забілі пры нявысветленых дасёння абставінах у 1972-м, Кулік стварыў цэлую нацыянальна-рамантычную плынь у беларускім паваенным мастацтве.

У 1970-я Яўген Кулік меў смеласць быць адкрытым і бескампрамісным нацыяналістам — магчыма, адзіным у тагачасным Мінску. Ён не быў ні ў камсамоле, ні ў камуністычнай партыі. Мінчук родам, гаварыў выключна па-беларуску.
У яго майстэрні, што была на праспекце Леніна, насупраць будынку КДБ, у 1960-я ўтварыўся асяродак, які, атрымаў жартоўны назоў «На паддашку». Тут збіралася нацыянальная інтэлігенцыя: Лявон Баразна, Зянон Пазняк, Генадзь Сокалаў-Кубай, Міхась Чарняўскі, Міхась Раманюк, Алесь Разанаў, Зміцер Санько, Віктар Маркавец, Алесь Марачкін. Тут
мастакі знаёміліся з гісторыкамі, археолагі — з пісьменнікамі. Майстэрня была дыскусійным клубам.
Тут абмяркоўвалася культурная і грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне. Тут нараджаліся ідэі і праекты розных акцыяў, якія здзяйснялі ўдзельнікі гэтага клуба.

Так, у часе святкавання 100-годдзя Цёткі ў 1976-м падахвочаныя Куліком мастакі прынеслі з паўсотні карцін на выставу-прысвячэнне. Выставу можна лічыць пачаткам арганізаванай дзейнасці таго пакалення мастакоў, сапраўдных абуджальнікаў нацыянальнае свядомасці.

Гэтак пачыналася найноўшая беларуская класіка. Калегі, паплечнікі і сябры з кола Куліка, прыцягнулі ў культурны ўжытак багата новых сюжэтаў і павярталі з нябыту старыя.

Вярталіся і колішнія жанры, напрыклад, маляваныя дываны, альбо «сармацкія» партрэты. У гэтых эксперыментах бралі чынны ўдзел Марачкін, Маркавец, Басалыгі, Купава, Крукоўскі...
Вынаходзілася арыгінальная пластычная мова, якой прамаўляла жывая беларушчына.
З’явіліся, як адкрыцці, створаныя пэндзлем, партрэты Луцкевіча, Дуніна-Марцінкевіча, Вітаўта,
іншых гістарычных персанажаў. Іх бачыў ці не кожны беларус. Аднак да сумежжа 1970—80-х постаці нацыянальнае гісторыі былі амаль забытыя — у выніку тагачаснае дзяржаўнае савецкае палітыкі.

Кулік быў ідэйным цэнтрам супольнасці інтэлігенцыі. Тут

ён рабіў працу, падобную да той, якую ў Польшчы выконваў рэдактар парыжскай «Культуры» Ежы Гедройц.
Кулік натхняў на культурныя акцыі, падказваў, падштурхоўваў кожнага да той дзейнасці на карысць Беларусі, да якой той ці іншы чалавек быў найбольш здатны. Людзі з таго асяродку, сябры Яўгена Куліка, пазней ачолілі беларускі вызвольны рух, сталі лідарамі Беларускага Народнага Фронту.

Згадваецца і гісторыя з паштоўкай «Тысячагоддзе Беларусі». Паштоўка з’явілася ў 1980 г., друкавалі яе на Захадзе.

На паштоўцы была выяўленая «Пагоня». КДБ збілася з ног, шукаючы аўтара.
А намаляваў яе Яўген Кулік.

У 1991-м мастак стаў адным з аўтараў дзяржаўнай беларускай «Пагоні»:

разам з мастакамі Уладзімірам Крукоўскім і Львом Талбузіным ён надаў гербу той выгляд, у якім ён запомнілася над Домам ураду.
У яго творчым даробку ёсць унікальныя графічныя нізкі «Помнікі дойлідства Гарадзеншчыны», «Замкі Беларусі», «Паўстанне 1863 г. у Беларусі», якімі творца запачаткаваў цэлую школу ў беларускім мастацтве. Менавіта ад ягоных твораў бярэ пачатак гістарызм паваеннае пары.
Ён аздобіў у 1970—80-я дзясяткі кніжак,
і найлепшымі з іх былі: «Слова аб палку Ігаравым», «Ад гоману бароў» Александровіча, «Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык» Багдановіча, «Сонечны клубочак» Зуёнка, якія і прадстаўленыя на выставе твораў Куліка ў галерэі «БелАрт». Але сапраўдным
шэдэўрам Яўгена Куліка стала кніга «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага.
Дарэчы, вобраз Міколы Гусоўскага, якім ён ужо замацаваўся ва ўяўленні беларусаў, таксама быў уяўлены Яўгенам Куліком.

...Апошнія гады жыцця Яўгена Куліка былі надзвычай цяжкімі.

У маладосці, успаміналі сябры, гэта быў сапраўдны волат, баскетбаліст пад два метры ростам. Але з гадамі ў Куліка пачала праяўляцца рэдкая хвароба суставаў.
Мастака нібыта скручвала, косткі рабіліся крохкімі. Раз, паслізнуўшыся ўзімку, Кулік атрымаў дванаццаць пераломаў... Памёр ён усяго ў 64 гады, пахаваны на Кальварыйскіх могілках.

Да апошняга Кулік працаваў. Абсяг яго творчых зацікаўленняў быў вялікі — ад рэканструкцый гербаў гарадоў да краявідаў мясцін, звязаных з жыццём Язэпа Драздовіча, дзеля захавання памяці пра якога спадар Кулік зрабіў надзвычай шмат.

Дзякуючы Куліку і ягоным сябрам, у беларускую культуру, апроч Драздовіча, было вернута і імя мастачкі Алены Кіш,
якой мастак гэтаксама прысвяціў свае творы.

Яўген Кулік, выдатны графік, бібліяфіл, колішні мастацкі рэдактар часопісаў «Бярозка» і «Вясёлка», аўтар шырока вядомых сёння графічных нізак, рэканструкцый беларускіх замкаў, партрэтаў дзеячоў Беларушчыны, адзін з заснавальнікаў творчай суполкі «Пагоня», гаспадар славутага «Паддашка» застаецца выбітнай і ўнікальнай постаццю ў гісторыі і культуры Беларусі ХХ-га стагоддзя.

Выстава твораў Яўгена Куліка «Кніжнік» працуе: 11--29 студзеня 2012 г., штодня з 10.00 до 18.00, акрамя нядзелі, у галерэі Беларускага саюза мастакоў «БелАрт» (вул. Маркса, 4).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?