Афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, якія распачалі шалёную кампанію дыфамацыі супраць вядомага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, вельмі любяць распавядаць пра ягоную маёмасць. У сувязі з гэтым мы, калегі Алеся Бяляцкага, вырашылі агучыць рэальныя факты, якія замоўчваюцца ці скажаюцца штатнымі прапагандыстамі ў мэтах дыскрэдытацыі зняволенага праваабаронцы.

Адразу адзначым, што ўсе выкладзеныя факты падцвярджаюцца афіцыйнымі дакументамі, якія знаходзяцца ў матэрыялах крымінальнай справы А. Бяляцкага і былі агучаны падчас судовага паседжання.

Факт першы:

Двухпакаёвая кватэра, у якой пражывае сям’я Алеся Бяляцкага, была набытая ў 1999 годзе ў выніку продажу двух аднапакаёвых кватэр, якія належалі сям’і Бяляцкіх (знаходзіліся на вул. Варанянскага ў г. Мінску). Варта адзначыць, што, працуючы дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча (з 1988 па 1998 год), Алесь Бяляцкі атрымаў адну з гэтых аднапакаёвых кватэр па ордары Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, другая была набыта ў пачатку 90-х гадоў — у гэтыя часы Алесь актыўна займаўся перакладчыцкай і выдавецкай дзейнасцю.

Факт другі

Кватэра на праспекце Незалежнасці 78А-48, у якой месціцца офіс зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна», была набытая ў 2000 годзе. Па ўзгодненым рашэнні рады праваабарончага цэнтра кватэра была аформленая на прыватную асобу, у ёй быў афіцыйна зарэгістраваны Алесь Бяляцкі. Дзякуючы таму, што офіс з’яўляўся прыватнай уласнасцю, праваабаронцы змаглі прапрацаваць у ім 11 апошніх гадоў. У гэтай кватэры рэгулярна праводзяцца прэс-канферэнцыі і прэзентацыі, яна добра вядомая практычна ўсім грамадка-палітычным актывістам краіны і людзям, якія сутыкаюцца з парушэннем іх правоў, яе наведваюць замежныя дыпламаты.

Ведаюць пра існаванне офіса і беларускія спецслужбы. У афіцыйных санкцыях КДБ на правядзенне ператрусаў у дадзенай кватэры ў снежні 2010 і студзені 2011 гг. было ўказана, што следчыя мерапрыемствы адбываліся ў офісе «незарэгістраванага ПЦ «Вясна».

У дзяржаўных СМІ адмыслова называюць сучасны рынкавы кошт нерухомасці, які значна вырас за апошнія 13 гадоў. Разам з тым, на момант набыцця кошт гэтай кватэры складаў каля 23 000 даляраў ЗША.

Факт трэці:

«Шыкоўны катэдж» Бяляцкіх у мястэчку Ракаў уяўляе сабой ні што іншае, як адрамантаваную старую драўляную хату (таму яе неахвотна паказваюць па БТ). Лецішча было набытае сям’ёй у 2005 г., прычым зямельны ўчастак, на якім стаіць дом, не быў прадметам куплі-продажу. Участак належаў папярэднім гаспадарам на праве пажыццёвага валодання (не быў прыватнай уласнасцю) і быў пазней прыватызаваны Бяляцкім самастойна. Як вядома, прыватызацыя зямельных участкаў ў Беларусі каштуе зусім невялікія грошы: у дадзеным выпадку яна абышлася Бяляцкім у суму памерам у 161 330 беларускіх рублёў.

Таксама звяртаем увагу на тое, што перыяд атрымання сродкаў А.Бяляцкім, які разглядаўся ў судзе па крымінальнай справе праваабаронцы — 2007 -2011 гг., а набыццё маёмасці адбывалася ў 1999, 2000 і 2005 гадах адпаведна.

Факт чацвёрты:

«Шыкоўны аўтамабіль», які набыў А.Бяляцкі ў 2010 годзе — гэта «Сітраен С-5» 2003 г. выпуску, які быў увезены ў Беларусь з Літвы ў пашкоджаным стане. Паводле афіцыйнай дамовы куплі-продажу, ён каштаваў 2 300 Еўра, а разам з мытнымі плацяжамі — 3000 Еўра.

Алесь Бяляцкі не мае вадзіцельскіх правоў, машынай карыстаўся ягоны сын Адам — адзін з актыўных удзельнікаў акцый «стоп-бензін» у Мінску. У ліпені 2011 года ён адзін з першых спыніў сваю машыну на праспекце, чым ініцыяваў перакрыццё руху на некалькі гадзін. За ўдзел у жнівеньскай акцыі Адам быў арыштаваны, а машына была пагружана на эвакуатар і вывезеная на штрафную стаянку, дзе знаходзіцца і цяпер.

Факт пяты:

За перыяд з 1994 г. па 2008 г. інспекцыя па падатках і зборах Першамайскага р-на г. Мінска праводзіла праверкі прыбыткаў Алеся Бяляцкага і членаў ягонай сям’і. Перавышэнне прыбыткаў А. Бяляцкага над ягонымі выдаткамі па выніках дадзеных праверак склала сума, эквівалентная 30 далярам ЗША. Перавышэння выдаткаў над прыбыткамі ў іншых членаў сям’і не было ўстаноўлена. Варта нагадаць, што менавіта на гэты перыяд часу і прыпадаюць здзелкі з купляй маёмасці.

Факт шосты:

Грашовыя сродкі НЕ АПЫНУЛІСЯ на рахунках, адкрытах А. Бяляцкім у Літве і Польшчы, а БЫЛІ ПЕРАЛІЧАНЫЯ туды шэрагам фондаў згодна з двухбаковымі дамоўленасцямі паміж дадзеным фондамі і Праваабарончым цэнтрам «Вясна». Атрыманыя сродкі расходваліся арганізацыяй на заяўленыя мэты: правабарончую дзейнасць, у тым ліку — аказанне дапамогі ахвярам парушэння правоў чалавека. Уся справаздачнасць па расходванні атрыманых сродкаў была прадстаўлена Праваабрончым цэнтрам «Вясна» фондам, якія не выказалі ніводнай прэтэнзіі да іх выкарыстання. Такім чынам, грашовыя сродкі з рахункаў, адкрытых на імя А. Бяляцкага, не з’яўляюцца ягоным асабістым прыбаткам і, адпаведна, не падлягаюць падаткаабкладанню.

* * *

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі 24 лістапада быў прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Ён прызнаны вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя аб яго замежных банкаўскіх рахунках, перададзеная ў Мінск чыноўнікамі Літвы і Польшчы ў рамках двухбаковых пагадненняў аб прававой дапамозе. Потым польскія і літоўскія ўлады выказалі прабачэнні Бяляцкаму і яго сям’і.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?