КДБ папярэдзіў былога палітвязня Алега Корбана аб яго «персанальнай адказнасці за «экстрэмісцкія акцыі». 30 снежня супрацоўнікі КДБ затрымалі лідара «Маладых дэмакратаў» ля дома, дзе ён жыве. У будынку КДБ на праспекце размова супрацоўнікаў КДБ з Корбанам доўжылася каля гадзіны. Службоўцаў цікавілі «экстрэмісцкія акцыі», якія на іх думку, рыхтуюцца падчас святкаваньня Новага году, планы АГП і «Маладых дэмакратаў» на навагоднія святы.
Алега Корбана папярэдзілі, што ён нясе персанальную адказнасць, калі моладзевая арганізацыя АГП будзе праводзіць якія-небудзь акцыі. Пасля гэтага яго адпусцілі без складання папераў.
Паводле словаў Корбана, напярэдадні гэтаксама быў затрыманы і знаходзіцца ў КДБ сябар «Маладых дэмакратаў» Аляксандр Сцепаненка.
29 снежня 5 сутак адміністрацыйнага арышту за, нібыта, брыдкаслоўе, атрымаў яшчэ адзін актывіст Андрусь Крэчка.





