Гомельскі грамадзкі актывіст, былы прадпрымальнік, а цяпер пэнсіянэр Міністэрства ўнутраных спраў Уладзімер Няпомняшчых атрымаў адказ з аблвыканкаму на сваю прапанову стаць першым добраахвотнікам мясцовых тэрытарыяльных сілаў.
Ліст Уладзімеру даслаў начальнік аддзелу каардынацыі дзейнасьці адміністрацыйных органаў і вайскова-мабілізацыйнай работы кіраўніцтва спраў аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў. Ад імя аблвыканкаму ён выказаў «падзяку за праяўлены патрыятызм, гатоўнасьць са зброяй ў руках у выпадку неабходнасьці абараніць сувэрэнітэт і незалежнасьць Рэспублікі Беларусь у складзе войскаў тэрытарыяльнай абароны».
Аднак у прызыве на службу ў тэрытарыяльныя войскі Ўладзімеру адмовілі, паколькі ён дасягнуў «гранічнага ўзросту — 50 гадоў і ў 2002 годзе зьняты з вайсковага ўліку».
У лісьце начальнік аддзелу вайскова-мабілізацыйнай работы, яшчэ раз дзякуючы за любоў да Радзімы, назваў Уладзімера «Аляксандарам Міхайлавічам».
«Я ня надта расстроіўся адмове: дзед Талаш і ў 90 гадоў партызаніў, бараніў Айчыну. Не дадуць снайпэрскую вінтоўку, ёсьць вілы, косы», — кажа спадар Няпомняшчых.
Актывіст яшчэ 10 лістапада зьвярнуўся з пісьмовай заявай да старшыні аблвыканкаму, генэрал-маёра Ўладзімера Дворніка — прасіў «залічыць у тэрытарыяльныя войскі» і выдаць «снайпэрскую вінтоўку, а лепш — гранатамёт».
У заяве першы добраахвотнік мясцовых тэрытарыяльных сілаў патлумачыў, што
на такі крок яго натхніў выступ па тэлебачаньні галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.І асабліва ягоныя словы пра стварэньне «новай арміі» і пра тое, што «ядром такіх фармаваньняў павінны быць бізнэсмэны».
Спадар Няпомняшчых пісаў, што яму таксама ёсьць што абараняць:
«Я раней быў індывідуальным прадпрымальнікам, бізнэсоўцам, хаця называўся „вашывай блыхою“. Сабраў капітал у беларускіх рублях, які захоўваецца ў самым надзейным банку сьвету — «Беларусбанку».
Добраахвотнік быў перакананы, што зь яго прыходам у тэрытарыяльныя войскі Гомельшчыны сюды ня сунуцца ніякія «казлы», ніякія «адмарозкі», ніякая «пятая калёна».





