Беларуская сталіца ў найноўшым рэйтынгу ўзроўню жыцця ў гарадах свету апынулася паміж сталіцамі Мазамбіку і Камеруну. Найлепшым горадам для жыцця ў рэйтынгу агенцтва Mercer прызнаная Вена, найгоршым — Багдад.

Еўрапейскія гарады лідзіруюць у першай дзясятцы местаў з найлепшымі стандартамі жыцця. Вена апынулася першай. Нямецкія гарады Мюнхен, Дзюсельдорф і Франкфурт — адпаведна на чацвертым, пятым і сёмым месцах. Высокія пазіцыі маюць сталіцы шэрагу заходніх дзяржаў: сталіцы Швейцарыі і Даніі — Берн і Капенгаген — падзялілі 9 месца, канадская Атава — на 14-м, нямецкі Берлін — на 17-м, аўстралійскі Мельбурн — на 18-м. Стакгольм замыкае дваццатку, Парыж мае 30-ы радок. Іншыя сталіцы рэгіёна размясціліся наступным чынам: Прага (69), Будапешт (73),

Вільня (79), Варшава (84), Талін (89), Рыга (91), Кіеў (161), Масква (163)
, Алма-Аты (172). Мінск заняў 182-е месца, размясьціўшыся паміж сталіцамі Мазамбіку (Мапуту) і Камэруну (Яндэ).

Усяго ў рэйтынг агенцтва Mercer уключаны 221 горад. На апошнім месцы апынуўся Багдад.

Фактары, паводле якіх праводзіцца ацэнка ўзроўню жыцьця, ахопліваюць 10 катэгорый. Найважнейшымі катэгорыямі з’яўляюцца палітычнае, эканамічнае і сацыяльнае асяроддзе (палітычная стабільнасць, узровень злачыннасці і правапарадку, правілы абмену валюты, банкаўскія паслугі, узровень цэнзуры і асабістых свабодаў).
Улічваюцца таксама даступнасьць медычных паслуг, адукацыі (у тым ліку міжнародных школ), чысціня паветра і стан навакольнага асяроддзя, узровень камунальных службаў, грамадcкага транспарту, даступнасць шырокага спектру тавараў народнага спажывання, развіцьцё жыллёвага будаўніцтва і наяўнасць базаў адпачынку (рэстараны, тэатры, кіно, стадыёны).

Mercer, міжнароднае агенцтва, якое бярэ пачатак у перадваенным ЗША (1937), праводзіць свае маніторынгі, каб дапамагчы ўрадам і міжнацыянальным кампаніям, якія накіроўваюць сваіх супрацоўнікаў у розныя куткі свету, устанавіць для іх справядлівыя зарплаты і прызначыць адпаведныя выгады і кампенсацыі.

Сёлетні рэйтынг мае дадатковую «лесвіцу»: гарады ацэненыя ня толькі паводле якасці і стандартаў жыцця, але і ўзроўню асабістай бяспекі.

Самым бяспечным горадам прызнаны Люксембург, самым небяспечным зноў жа апынуўся Багдад. Мінск займае 171-е месца — пасьля сталіцы Албаніі Тыраны і перад бразільскім Рыа-дэ-Жанэйра.

Мы папрасілі прэсавага сакратара агенцтва Слагіна Паракаціла пракаментаваць, чаму беларуская сталіца мае такі рэйтынг. Прэс-сакратар падкрэсліў комплекснасьць крытэраў, якія бяруцца пад увагу, а таксама тое, што розныя крытэры могуць мець розную вагу. Так, пры тым, што

Мінск мае даволі шырокую структуру забаўляльных устаноў, агульны добры выгляд, Mercer тут адзначае некаторыя праблемы персанальнай бяспекі.
Суразмоўца таксама адзначыў, што агенцтва складае свой рэйтынг перадусім з пункту гледжання міжнародных кампаній і замежных працаўнікоў: «Вы можаце запытаць у турыстаў ці іншых людзей, што прыяжджаюць у Мінск, што вы думаеце пра горад, і яны адкажуць, што гэта сімпатычны горад, цудоўны ў многіх адносінах. Але мы глядзім на гэта з іншага пункту гледжання», паведамляе радыё «Свабода».

Між іншым, афіцыёзнае агенцтва БелТА таксама змясціла паведамленне пра свежы рэйтынг агенцтва Mercer. Праўда,

пра тое, што Мінск заняў 182-е месца з 221 магчымых, БелТА сціпла прамаўчала. Затое адзначыла, што грэцкія Афіны значна пагоршылі свой паказнік з прычыны «масавых акцый пратэсту»
, якія там адбываюцца.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?