У Нацыянальнай школе прыгажосці 2–3 снежня пройдзе першы чэмпіянат Беларусі па прыкладной эстэтыцы. Яго арганізатарам выступіла кампанія ТАА«Каралева-Бай» .
Як паведаміла супрацоўніца кампаніі Вольга Вітушка, мэта чэмпіянату — павысіць прафесійны ўзровень спецыялістаў у галіне касметалогіі і прыкладной эстэтыкі, папулярызаваць сярод спажыўцоў касметалагічныя паслугі па догляду твару. Да ўдзелу ў чэмпіянаце дапушчаны 23 профільныя спецыялісты. Яны маюць сярэднюю або вышэйшую медыцынскую адукацыю і атрымалі кваліфікацыю па прафесіі касметык.
Паводле слоў Вітушкі, 2 снежня адбудзецца першы этап чэмпіянату, які прадугледжвае вусную абарону пісьмовай работы, якая адлюстроўвае змест працэдуры догляду твару, і сумоўе. 3 снежня адбудуцца паўфінал і фінал. У паўфінале ўдзельнікі прадставяць абавязковую праграму — класічную тэхніку масажу твару па Ахабадзэ. Журы ацэніць узровень валодання тэхнікай масажу ў адпаведнасці з зададзеным рэгламентам.
У фінале будзе дэманстравацца адвольная праграма: працэдуры касметалагічнага догляду твару на зададзеную тэму. Журы ацэніць абгрунтаванасць выбару менавіта гэтай працэдуры для пэўнай мадэлі, узровень майстэрства, арыгінальнасць і канцэптуальнасць праграм догляду.
Па выніках конкурсу будуць вызначаныя тры лепшыя спецыялісты па прыкладной эстэтыцы. Галоўны прыз чэмпіянату — касметалагічная сістэма для лазернай шліфоўкі скуры Pristine вытворчасці Ізраіля.





