У папраўчай калоніі №5 Івацэвічаў асуджаны спрабаваў учыніць акт самаспалення, паведамляе сайт інфармацыйна-асветніцкай установы "Платформа" са спасылкай на ананімную крыніцу ў турме.
Трагедыя адбылася вечарам 24 лістапада. У восьмым атрадзе калоніі, каля кабінета начальніка атрада, асуджаны Уладзімір Абухевіч (Абуховіч, Абухоўскі), інвалід 2-й групы, абліў сябе распушчальнікам і падпаліў. Агонь паспелі патушыць, аднак мужчына атрымаў сур'ёзныя апёкі і быў дастаўлены ў раённую бальніцу.
У рэанімацыі Івацэвіцкай ЦРБ пацвердзілі, што хворы быў змешчаны да іх. Медыкі канстатавалі ў пацыента апёк 2—3-й ступені 30% паверхні скуры, у асноўным на верхняй частцы тулава.
Медыкі паведамляюць, што цяпер ён у прытомнасці, размаўляе. Прычыны, з-за якіх мужчына спрабаваў сябе спаліць, яны не каментуюць.
Па чутках, у зняволенага былі нейкія праблемы з адміністрацыяй калоніі,паведамляе "Платформа". Інфармацыю аб здарэнні ў самой калоніі каментаваць адмаўляюцца.





