Беларуская чыгунка адкрыла рух рэгіянальных ліній па маршрутах Мінск-Баранавічы і Брэст-Баранавічы, якія абслугоўвае швейцарская рэгіянальная электрычка Stadler. Разам з радасцю, што і ў Баранавічы дайшоў еўрапейскі камфорт, расклад ў жыхароў горада выклікаў буру абурэння.
Да Мінска — за адзін даляр
Адкрыццё рэгулярнага руху электрацягнікоў рэгіянальных ліній з’яўляецца чарговым этапам рэалізацыі новага фармату пасажырскіх перавозак, ўкараненне якога Беларуская чыгунка пачала ў 2010 годзе.
Адлегласць ад Брэста да Баранавічаў электрычка пераадольвае амаль за дзве гадзіны, а ад нашага горада да Мінска — за паўтары.
Па маршруце з Брэста ў Баранавічы цягнік спыняецца ў Жабінцы, Бярозе і Івацэвічах, а на шляху да сталіцы — толькі ў Койданаве і Стоўбцах.
Кошт праезду на электрацягніках рэгіянальных ліній адпавядае кошту праезду ў агульных вагонах хуткіх цягнікоў, якія курсуюць па дадзеных маршрутах. Ад горада Мінска да Баранавічаў кошт праезду складзе 9740 рублёў, ад нашага горада да Брэста — 11760 рублёў.
Швейцарскі фармат перавозак на беларускай дарозе
Рэгіянальная электрычка складаецца з 4 вагонаў, дзе могуць размясціцца 188 пасажыраў. У вагоне прадугледжана яшчэ 26 адкідных месцаў.
У салонах ёсць кандыцыянеры, сістэма відэаназірання з перадачай выявы на дысплей у кабіне машыніста, інфармацыйныя табло, мяккія сядзенні з падлакотнікамі па сістэме 2 +2.
Дзверы «іншаземкі» знутры і звонку чалавек адкрывае сам пры дапамозе сэнсарных датчыкаў на ўваходах у вагоны. А вось падчас руху дзверы блакуюцца.
Па словах спецыялістаў, швейцарцы вялікую ўвагу надалі бяспецы пасажыраў і абслугоўваючага персаналу.
«Да прыкладу, дзверы электрычкі працуюць на фотаэлементах, і яна не зачыніцца да таго часу, пакуль паблізу іх знаходзіцца хоць бы палец чалавека, цягнік не кранецца з месца», — распавядае начальнік вакзалу «Баранавічы-Палескія» Юры Савось.
У адным з вагонаў абсталяваная шматфункцыянальная зона для пасажыраў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, а таксама для пасажыраў з дзіцячымі калыскамі, роварамі і буйнагабарытным багажом.
Для каго расклад?
Першыя пасажыры ў новым цягніку задаволеныя і цаной, і якасцю: «Класна, нядорага і хутка, толькі каб кошт праезду не паднялі», — выказалася адна з жанчын, выходзячы з цягніка.
Не задавальняе жыхароў Баранавічаў адно — расклад. Бо незразумела, навошта жыхарам Баранавічаў ехаць на ноч гледзячы ў сталіцу, хай сабе і хутка, і з камфортам? Або ехаць у Брэст і прыбываць туды толькі апоўдні?
Асноўную праблему жыхароў нашага горада, якія мараць прыязджаць у Мінск да васьмі раніцы на электрычцы, новы цягнік так і не вырашыў. Пакуль што.
Як растлумачыў намеснік начальніка Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі Пётр Краўчук, электрычка каля месяца будзе курсіраваць у тэставым рэжыме. Спецыялісты БЧ ацэняць пасажырапаток, запатрабаванасць, пастараюцца ўлічыць пажаданні пасажыраў і толькі пасля 20 снежня зацвердзяць новы расклад электрычкі.
Па словах начальніка вакзала «Баранавічы-Палескія» Юрыя Савося, электрычка карыстаецца попытам у студэнтаў-мінчан і, да прыкладу, у выхадныя ў бок Мінска былі раскуплены ўсе квіткі. Але вось наколькі рэйс будзе запатрабаваны ў будныя дні, пакажа час.
Даведка «IP»
У сакавіку мінулага года БЧ заключыла кантракт са швейцарскай кампаніяй Stadler на пастаўку 10 электрацягнікоў. Кошт кожнага складае каля 6 млн еўра. На паскарэнне цягніка да 120 км/г сыходзіць усяго 43 секунды. На асобных участках маршруту Брэст - Баранавічы цягнік разганяецца да 140 км/г, хоць канструкцыйная хуткасць швейцарскай электрычкі дазваляе разганяцца і да 160 км/г. Аднак, пакуль не дазваляюць тэхнічныя характарыстыкі чыгункі. Чакаецца, што ў гэтым годзе на напрамку Мінск-Брэст рэканструкцыя шляхоў працягнецца, і гэта дазволіць швейцарскай электрычцы разагнацца да неабходнага хуткаснага рэжыму.
Дарэчы
Праязныя дакументы ў Баранавічах пасажыры змогуць купіць толькі ў сутачных касах: на першым паверсе вакзала «Баранавічы-Палескія» у сутачных касах № 2-3, на другім паверсе — у касах № 1 і 6. Квіток на цягнік можна купіць і загадзя — за 45 сутак да адпраўлення ў дарогу.
Глядзі таксама: «Флірт» у тэставым рэжыме





