Андрэй Радкоў, дзякуючы якому летась з Беларусі не вывезлі Метрычную кнігу Ішкальдскага касцёла, заклікае выратаваць яшчэ адно каштоўнае выданне. З дапамогай загадчыка аддзела рэдкай кнігі Нацыянальнага гістарычнага архіва Змітра Яцкевіча ён спрабуе выкупіць «Часоўнік».

Гэта выданне ХVIII стагоддзя, якое выйшла ў Магілёве ў друкарні Богаяўленскага праваслаўнага брацтва па замове старавераў. Па папярэдняй экспертызе, якую праводзілі спецыялісты, кніга пабачыла свет прыкладна ў 1773 годзе ў друкарні, заснаванай яшчэ Спірыдонам Собалем.

Андрэй звяртае ўвагу, што асобнікаў такой кнігі не так і шмат захавалася. А выданне, якое ён адшукаў у аднаго з калекцыянераў, цяпер выстаўлена на аўкцыён. Малады чалавек дамовіўся з калекцыянерам, што паспрабуе выкупіць «Часоўнік». Цана — $500. Але такіх грошай ён пакуль не мае. І звяртаецца да грамадскасці з просьбай дапамагчы. Пералічыць грошы можна на рахунак:

АСБ Беларусбанк 514/300 01146417 на імя Радкова Андрэя Уладзіміравіча. Кантактны нумар: +375-25-7457467.

Да Андрэя ўжо звярнуліся першыя людзі з прапановай дапамагчы. Сярод іх беларусы і жыхар Германіі. А дырэктар Музея гісторыі Магілёва прапанаваў выкупіць кнігу для яго музея. І гатовы знайсці частку грошай — 1600000 рублёў.

У мінулым годзе студэнт БДУ Андрэй Радкоў арганізаваў збор сродкаў, каб на інтэрнэт-аўкцыёне выкупіць Метрычную кнігу (1759-1807) Ішкальдскага касцёла. Меркавалася, што ў гэтым выданні можа быць запіс аб хросце нашага славутага земляка Ігната Дамейкі. Бо нарадзіўся ён недалёка ад Ішкальдзі у в. Мядзведка, але месца яго хрышчэння невядомае. Андрэй паведаміў, што ён такі запіс не выявіў. Але

на старонках кнігі сустрэў згадку, якая тычыцца бацькі нацыянальнага героя Чылі Іпаліта Дамейкі: ён быў сведкам хросту немаўлятаў з сям’і Верашчакаў.

Пасля гэтай знаходкі краязнаўца з вёскі Цешаўлі Баранавіцкага раёна Васіль Дубейка перадаў Андрэю Радкову і старшыні Таварыства аховы помнікаў Антону Астаповічу яшчэ дзве Метрычныя кнігі Ішкальдскага касцёла (у адной пазначаны толькі хросты з 1807 года, у другой — смерці ад 1835 года). А таксама асобныя дакументы: ліставанне мінскага епіскапа са святаром з Ішкальдзі (1919 год); аркуш са спісу прыхаджан касцёла сярэдзіны ХІХ стагоддзя; дыярыуш жыхара Ішкальдзі, датаваны 1931 годам.

Цяпер вядецца праца па адлічбаванні ўсіх дакументаў.

Працэс ідзе марудна, бо Андрэй усё апрацоўвае за ўласныя сродкі. І на сёння толькі першую Метрычную кнігу ўдалося цалкам адсканаваць. Мяркуецца, што ўсе электронныя копіі будуць перададзены ў беларускія музеі і бібліятэкі.

Што ж будзе з арыгіналамі? Першую знаходку хацелі вярнуць у Ішкальдскі касцёл. Але, па словах Андрэя, там няма належных умоваў для яе захавання. Таму Таварыства аховы помнікаў выказалася пра стварэнне Архіўна-музейнага цэнтра на базе каталіцкага касцёла (падобная ўстанова ўжо існуе ў праваслаўных). Адпаведныя перамовы праводзіліся з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам. Малады чалавек адзначае, што гэта справа не аднаго дня. Таму канчатковае рашэнне яшчэ не прынятае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?