Лепшага са студэнцкай моладзі выберуць 25 лістапада на I Рэспубліканскім конкурсе «Студэнт года». У фінал увайшлі восем чалавек — пераможцы рэгіянальных адборачных тураў (5 чалавек) і Мінска (3 чалавекі). Самыя паспяховыя ў вучобе, навуцы, спорце, творчасці, дружбе сталі пераможцамі конкурсных іспытаў. Удзельнікі павінны былі прадэманстраваць свае ўменні ў прамоўніцкім майстэрстве, прадставіць новыя маладзёжныя крэатыўныя праекты. Ім неабходна было паказаць сябе сапраўднымі маладзёжнымі лідарамі, якія вядуць за сабой моцную з’яднаную каманду.
Цяпер гэтым студэнтам трэба будзе паказаць сябе ў фінале, які пройдзе ў Мінску ў ліцэі БДУ. Праграма іспытаў уключае «візітную картку» удзельнікаў, інтэрактыўную гульню «Дэбаты», абарону (прэзентацыю) праекта ўдзельніка, спартыўную эстафету, творчы нумар любога жанру з мэтай раскрыцця талентаў і ўменняў удзельнікаў.
Адборачныя туры ў ВНУ прайшлі з красавіка па май ва ўсіх рэгіёнах краіны і Мінску, а з верасня па лістапад былі вызначаны пераможцы абласных адборачных тураў праекта.Гэта мерапрыемства знайшло водгук у моладзі —
больш за 5 тысяч чалавек прынялі ўдзел у адборачных мерапрыемствах.Больш за 100 чалавек сталі прэтэндэнтамі на фінал, менавіта з іх былі выбраны 8 фіналістаў. У конкурсе маглі прыняць удзел студэнты 1–5 курсаў вочнай формы навучання вышэйшых навучальных устаноў, сярэдні бал паспяховасці якіх па выніках навучальнага года быў не ніжэйшы за сем балаў.
Адначасова ў час гэтага конкурсу будуць падведзены вынікі і ўзнагароджаны пераможцы рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх праектаў «Ёсць — ІДЭЯ, ёсць — ПРАЕКТ!», галоўнай мэтай якога з’яўлялася выяўленне і падтрымка лепшых студэнцкіх ідэй, праектаў і мерапрыемстваў у рамках рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.
Ініцыятарам конкурсу «Студэнт года» выступіў Рэспубліканскі студэнцкі савет ГА «БРСМ». А яго арганізатарамі з’яўляюцца Міністэрства адукацыі і ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».





