Бензін зноў падаражэе?
Гэтым разам 1 снежня на 10%.
1 снежня чакаецца чарговае павышэнне рознічных цэн на нафтапрадукты. Як паведаміла БелаПАН крыніца ў канцэрне «Белнафтахім», паліва павінна падаражэць на 10%.
На просьбу пракаментаваць гэтую інфармацыю прэс-сакратар канцэрна Марына Касцючэнка заявіла, што пакуль не мае інфармацыі аб тым, ці будуць сёлета яшчэ раз павышаны цэны на бензін.
З пачатку гэтага года цэны на паліва ў Беларусі павышаліся дзесяць разоў, апошні раз — 10 лістапада.
Бензін падаражэў у сярэднім на 3,5%, дызельнае паліва — на 7%.
Сёння кошт бензіну Нармаль-80 складае 4.900 рублёў за літр, Аі-92 — 5.150, Аі-95 — 5.550, дызпаліва — 5.750.
З пачатку года бензін Нармаль-80 падаражэў у 2,18 разу, Аі-92 — у 1,79 разу, Аі-95 — у 1,71 разу, дызпаліва — у 2,23 разу.
БелаПАН
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ