У Брэсцкай вобласці павялічваецца колькасць аўтамабіляў, якія не прайшлі тэхагляд. На дадзены момант такіх больш за 30 тысяч. З прычыны цяперашняй эканамічнай сітуацыі такая працэдура зрабілася дарагім задавальненнем.

У Брэсцкай вобласці расце колькасць аўтамабіляў без тэхагляду. За дзесяць месяцаў 2011 года ў вобласці супрацоўнікамі ДАІ было выяўлена больш за 30 тысяч аўтамабіляў без тэхагляду, што на 5000 больш, чым за ўвесь 2010 год.

— Пры гэтым большасць — кіроўцы з раёнаў, у Брэсце выяўленая мінімальная колькасць такіх аўтамабіляў, — паведамілі ва УДАІ. — Што да падробленых тэхаглядаў, то за гэты перыяд было выяўлена 10 выпадкаў, гэта на сем менш, чым у мінулым годзе.

Самі кіроўцы матывуюць адмову ад праходжання дзяржтэхагляду дарагоўляй рамонту, неабходнага, каб падрыхтаваць аўтамабіль.

— Навошта мне падроблены тэхагляд? — кажа берасцеец Юрый. — Я буду ездзіць без яго. Гэта ўсё роўна танней абыдзецца, чым рамонт. Нават калі кожны месяц плаціць па 17 500 штрафу, то за год я заплачу каля 25 даляраў пры сённяшнім курсе. А рамонт мне абыдзецца як мінімум у 10 разоў даражэй.

Калі ўлічваць, што жыхары Брэсцкай вобласці аддаюць перавагу карыстаным аўтамабілям, то нескладана здагадацца, што практычна ў кожнага аўтаўладальніка ёсць неабходнасць у той ці іншай ступені адрамантаваць машыну.

Цэны на рамонт у брэсцкіх майстэрняў сёння кусаюцца. Напрыклад, замена тармазных калодак каштуе 10–15 даляраў, рамонт падвескі — самага праблемнага месца ў аўтамабілі — абыдзецца ў суму ад мільёна беларускіх рублёў толькі за працу, без уліку запчастак, пераборка рухавіка ў выпадку няспраўнасці будзе каштаваць каля 300–400 даляраў.

— Такая сітуацыя назіраецца ва ўсёй рэспубліцы, а не толькі ў Брэсцкай вобласці, — кажа намеснік начальніка ўпраўлення УП «Белтэхагляд» Аляксандр Сапроменка. — Сапраўды, мы назіраем зніжэнне колькасці аўтамабіляў, якія праходзяць дзяржтэхагляд на нашых станцыях. Кіроўцы кажуць, што гэта для іх дорага. А пакаранне абмяжоўваецца адносна невялікім штрафам (17 500 рублёў) і папярэджаннем. Мы ўносілі прапанову аб павышэнні штрафу да чатырох базавых велічынь. Але атрымалі адмову. Паводле дадзеных ДАІ, працэнт аўтамабіляў без тэхагляду, якія трапляюць у ДТЗ, даволі нізкі. Але гэта пакуль што, і калі так будзе працягвацца, то колькасць удзельнікаў ДТЗ без тэхагляду ўзрасце. Але будзе позна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?