Нагадаю стары анекдот пра беларусаў. Навукоўцы нарэшце прыдумалі эліксір вечнай маладосці. Увесь свет радуецца — святы, народныя гулянні, феерверкі. І толькі беларусы дружна зараўлі: «Ё…!!!»
Менавіта гэтыя клічнікі я ўспомніла, даведаўшыся, што ўчора на традыцыйнай панядзелкавай планёрцы міністр сельскай гаспадаркі Міхаіл Русы расказаў новы анекдот. З жыцця. Пра беларусаў і бульбу.
Ураджай бульбы ў нас, як паведамляецца, сёлета рэкордны. Каб не пагніў, як гэта заўсёды бывае, праблемай будаўніцтва бульбасховішчаў Аляксандр Рыгоравіч займаўся асабіста. З вясны аддаваў строгія ўказанні, каштоўныя распараджэнні, ставіў жорсткія патрабаванні і нават выязджаў на месца з інспекцыяй.
Увогуле, пад мудрым кіраўніцтвам бульбу выгадавалі, бульбасховішчы пабудавалі. Але цяпер — «Ё…!"
Газеты павінныя выйсці з буйнымі загалоўкамі «Такое магчыма толькі ў нас!»
Таму што цуд здарыўся. Загадка невырашальная. Інтрыгі зялёных чалавечкаў і варожых засланцаў.
Будавалі мы, значыць, бульбасховішчы змяшчальнасцю 12 тысяч тон кожнае. Менавіта такі аб’ём быў закладзены ў праектах, на яго разлічвалі, пра яго давалі справаздачу. Але нейкім дзіўным чынам здарылася, што сховішчы атрымаліся ледзь не ў два разы меншыя — толькі каля 7 тысяч тон туды змяшчаецца.
Цяпер усе ў ступары. Ніхто не можа растлумачыць, як такое магло здарыцца.Усёй калегіяй Мінсельгасхарча разам з праектавальнікамі і іншымі запрошанымі з гэтым разбіраліся, толькі што толку ад гэтых разборак. Восень на двары, хутка замаразкі, а нам зноў бульбу захоўваць няма дзе. Добра б не вырасла яна — можна было б спісаць на надвор’е. Добра б не пасадзілі мы яе — можна было б наракаць, што не адгадалі з кан’юнктурай рынку. Добра б не пабудавалі гэтыя сховішчы — таксама ёсць тлумачэнне: крызіс, грошай не хапіла… А тут што скажаш? .
Але ёсць і іншы аспект праблемы. Бульбасховішчаў толкам спраектаваць і пабудаваць не можам, а бярэмся за касмічны спадарожнік і АЭС! Ды пры гэтым яшчэ б’ем сябе ў грудзі: «Мы першыя, мы найлепшыя, мы, мы, мы…»
Ну не анекдот?
Зрэшты, апошнім часам што ні навіна, то застаецца толькі канстатаваць, што ўлада ўступіла ў нейкі перыяд самараспаду.
Вядомы ідэолаг едзе на сустрэчу з працоўным калектывам супакойваць народ, тлумачыцца з нагоды высокіх цэнаў, беларускага рубля, што скурчыўся, і ў цэлым сур’ёзнага крызісу. Караценька выступае з прамовай з кодавымі словамі «ўсё будзе добра», а потым просіць прынесці яму гітару і пачынае грунтоўны канцэрт песняў уласнага сачынення.
«Ё…!!!« — кажа пасля візіту высокага мінскага госця працоўны калектыў, не разумеючы, што гэта было…
Гэта так у нас працуе ідэалагічная вертыкаль.
Дама, прыемная з усіх бакоў, ідзе на аўдыенцыю да прэзідэнта, каб атрымаць каштоўныя ўказанні на прадмет таго, на што ёй звярнуць асаблівую ўвагу, выконваючы пасаду пасла ў Францыі. Усе фармальнасці ўжо ўзгодненыя, валізкі спакаваныя…
«Ё…!!!« — выдыхае МЗС. З кабінета прэзідэнта дама выходзіць не паслом, а памочнікам з неакрэсленай кампетэнцыяй.
Такая ў нас кадравая палітыка.
Людзі выбеглі на ранішнюю прабежку па парку Горкага, а доблесны спецназ правёў спецаперацыю і прыгразіў усіх пасадзіць за несанкцыянаваны мітынг.
Гэта ў нас такая палітыка абароны нацыянальнай бяспекі і дзяржаўнага ідыятызму.
Пра сітуацыю ў рэальнай эканоміцы, якая, як у люстэрку, адбілася ў гэтых бульбасховішчах, я ўжо расказала.
«Ё…!!!" Ні адна краіна доўга такога не вытрымае.





